Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі пра «беркутаўца» які хаваецца ад украінскага суду: Назавіце прозьвішча


У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі не камэнтуюць зьвесткі Службы бясьпекі Ўкраіны пра тое, што на тэрыторыі Беларусі хаваецца адзін зь «беркутаўцаў», якога шукаюць за датычнасьць да злачынстваў супроць Эўрамайдану. «Ці сапраўды быў запыт з Украіны на выдачу былога супрацоўніка спэцпадразьдзяленьня „Беркут“?» — спытаў карэспандэнт Свабоды прэсавага сакратара МУС Беларусі Канстанціна Шалькевіча.

Спадар Шалкевіч сказаў, што ня можа адказаць на пытаньне, бо яму невядома прозьвішча чалавека, пра якога ідзе гаворка. Паводле Канстанціна Шалкевіча, у запыце на выдачу грамадзяніна іншай краіны ўказваецца ягонае імя, год і месца нараджэньня, а таксама артыкул, паводле якога ён асуджаны ці абвінавачваецца. «Назавіце мне прозьвішча, тады я змагу сказаць, ці ёсьць запыт менавіта на гэтага чалавека. А зьвестак пра былую службу недастаткова», — патлумачыў прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч.

Паводле кіраўніка дэпартамэнту СБУ Анатоля Дубліка, на якога спасылаецца выданьне «Ўкраінская праўда», праваахоўныя органы Ўкраіны шукаюць 18 былых «беркутаўцаў», якіх абвінавачваюць у злачынствах супроць удзельнікаў Эўрамайдану. «Іх пошук даручаны СБУ. Два ў Польшчы, адзін у Беларусі, пяць у Крыме, сямёра ў гэтак званых ДНР-ЛНР, астатнія на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі», — паведаміў Анатоль Дублік пра «беркутаўцаў», якіх шукаюць, каб прыцягнуць да адказнасьці.

Пры гэтым, паводле супрацоўніка СБУ, выдача ўцекачоў ускладняецца тым, што Інтэрпол адмовіўся абвяшчаць іх у міжнародны вышук. «Мы накіравалі адпаведныя хадайніцтвы. Але яны ня ў вышуку, бо ў гэтым адмоўлена паводле артыкула, што гэта палітычны перасьлед. Нам адмоўлена ў пастаноўцы іх на ўлік Інтэрполу. Спрабуем гэта зрабіць (вярнуць іх ва Ўкраіну) паводле дамовы. Цяпер чакаем адказу», — цытуе «Ўкраінская праўда» словы супрацоўніка СБУ Анатоля Дубліка.

Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў таксама высьветліць, ці ёсьць увогуле просьбы ад праваахоўнікаў Украіны аб выдачы злачынцаў ці падазроных у злачынстве, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Канстанцін Шалькевіч адказаў гэтак:

«Даваць камэнтары адносна перапіскі паміж МУС Беларусі і МУС Украіны па гэтай тэме немэтазгодна і некарэктна. Перапіска вядзецца, але наконт чаго дакладна, сказаць не магу».

Пры гэтым міліцыянт запэўніў, што на канкрэтны запыт з Украіны абавязкова будзе дадзены адказ.

«У нас нішто пад сукно не кладзецца», — сказаў прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч.

У лютым 2014 году пасьля ўцёкаў з Украіны былога прэзыдэнта Віктара Януковіча зьявілася інфармацыя, што былы міністар унутраных спраў Украіны Віталь Захарчанка хаваецца ў Беларусі. МУС Беларусі гэтыя зьвесткі абвергла ў адмысловай заяве. Пазьней Захарчанка аб’явіўся ў Расеі, дзе жыве і цяпер. Якім маршрутам ён дабраўся ў Расею, засталося таямніцай. Пры гэтым вядома, што былы міністар, якога ва Ўкраіне падазраюць у датычнасьці да расстрэлаў дэманстрантаў на Майдане, атрымаў працу ў Дзярждуме. Паводле «Известий», Захарчанка ўключаны ў склад экспэртнай рады камітэту Дзярждумы РФ па ўласнасьці, дзе будзе курыраваць пытаньні абароны маёмасных інтарэсаў расейскіх інвэстараў за мяжой.

Пачынаючы зь сярэдзіны 2014 году ў мэдыях пэрыядычна зьяўлялася інфармацыя пра тое, што ў Беларусі нібыта знайшлі прытулак былыя байцы «Беркуту», але ніводнага разу гэтыя зьвесткі не пацьвярджаліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG