Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер беларус сто разоў падумае, перш чым несьці ў банк свае грошы»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».

Галоўны супернік цяперашняй беларускай улады — не апазыцыя, а эканоміка. Амаль усіх апазыцыянэраў Лукашэнка лёгка перамагаў і працягвае перамагаць падчас шматлікіх палітычных кампаніяў апошніх дваццаці гадоў. А вось эканамічнага росквіту пры ім Беларусь так і не дасягнула. Наадварот, краіна ўсё больш паглыбляецца ў вір крызісу. Пра гэта — значная частка пошты Свабоды.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу на гэтую тэму, які даслаў нам Міхаіл Аляшковіч з Маладэчанскага раёну. Слухач піша:

«Што мяне абурае ў палітыцы цяперашняга беларускага кіраўніцтва, дык гэта імкненьне любым шляхам абабраць простага чалавека, абадраць яго як ліпку. З аднаго боку, Лукашэнка заспакойвае людзей: ніякіх рэформаў ня будзе, алігархаў не дапушчу, раскрадаць народную маёмасьць не дазволю. А з другога — уводзіць усё новыя паборы. Калі яму так падабаецца ўсё савецкае, дык хай бы і трымаўся за той парадак. Ці чуў хто, жывучы ў Савецкім Саюзе, каб з чалавека лупілі сем скур за навучаньне ў інстытуце? А цяпер жа бясплатных месцаў амаль не засталося.

А што з нашай мэдыцынай? Паспрабуй бясплатна прайсьці абсьледаваньне. Ды хутчэй памрэш у чэргах.

І вось цяпер новы дэкрэт: будуць браць падатак з тых, хто трымае грошы ў банках, на дэпазытах. Ну, і да чаго гэта прывядзе? Ды чалавек цяпер сто разоў падумае, перш чым несьці туды сваю зарплату ды пэнсію. А ў выніку ніякіх дадатковых грошай бюджэт не дачакаецца: людзі паздымаюць з рахункаў нават тое, што раней там трымалі.

Ці было нешта падобнае ў СССР? Ды ні ў якім разе! Як не было і грабежніцкіх штрафаў за паляваньне, за рыбную лоўлю, за нарыхтоўку дроў, за перавышэньне хуткасьці на дарозе. Цяпер вось пачаліся размовы, што пара падвышаць пэнсійны ўзрост. І гэта ў краіне, дзе так шмат фізычнай зьнясільваючай працы, дзе чалавек фізычна зношваецца яшчэ да 60-гадовага ўзросту, дзе квітнее п’янства. Такое ўражаньне, што ўлада паставіла за мэту як мага больш раззлаваць людзей. І такі ўжо шмат чаго ў гэтай справе дамаглася. Няўжо яна гэтага ня бачыць і не разумее?».

Лукашэнка імкнецца захаваць дзяржаву і свой рэжым у нязьменным стане — такім, як на працягу апошніх дваццаці гадоў. Пра тое, што ніякіх рэформаў у Беларусі ня будзе, ён катэгарычна заявіў адразу пасьля сваёй пятай інаўгурацыі. Але гэтае рашэньне мае для аўтарытарнага рэжыму канкрэтныя фінансавыя наступствы: няма рэформаў — ня будзе і грошай. Размова тут ня толькі пра заходнія або расейскія крэдыты, але і пра сродкі ад прыватызацыі, пра тыя грошы, якія могуць быць атрыманыя ў выніку мадэрнізацыі старых прадпрыемстваў.

Але дзе ў такім разе ўлада можа знайсьці сродкі на падтрыманьне рэжыму? Зразумела, што толькі ўнутры краіны, і найперш — у кішэнях уласных грамадзянаў. Гэты працэс мы цяпер якраз і назіраем.

Аўтар наступнага ліста Барыс Руцько зь Менску разважае пра тое, якія наступствы для эўрапейскага кантынэнту можа мець масавы наплыў мігрантаў з арабскага Ўсходу і з Афрыкі. Слухач піша:

«Але хто гэтыя ўцекачы? Дзе гарантыя, што сярод соцень тысяч людзей няма дзясяткаў і соцень таемных агентаў „Ісламскай дзяржавы“? Вось іх прыме спагадлівая Эўропа, яны абжывуцца. А потым надыдзе момант, калі з ісламскага цэнтру паступіць адпаведная каманда. І сотні ісламістаў, выконваючы загад, так узбунтуюць, узарвуць Эўропу, што ад былой стабільнасьці ды заможнасьці не застанецца і сьледу.

Якая на гэта будзе рэакцыя эўрапейцаў? Наіўна спадзявацца, што ўсе моўчкі будуць назіраць за тым, як прыхадні разбураюць іхны звыклы лад жыцьця. Яўна ўзьнімуць галаву праварадыкальныя партыі, розныя нацыяналістычныя групоўкі. А калі да гэтага дадасца магутны эканамічны крызіс — дык могуць здарыцца самыя непрадказальныя катаклізмы».

Пагрозы гэтыя, спадар Барыс, сапраўды рэальныя, і ў Эўропе да іх ставяцца сур’ёзна. Многія палітыкі разумеюць: вялізны наплыў уцекачоў з поўдня далёка не заўсёды выкліканы рэальнай небясьпекай для жыцьця і здароўя. Тысячы і тысячы людзей з Азіі і Афрыкі кідаюць радзіму пад уплывам чутак пра тое, што варта толькі ўсімі праўдамі і няпраўдамі прарвацца празь мяжу Эўразьвязу — і далей цябе чакае бязьбеднае існаваньне на сацыяльныя дапамогі, за кошт наіўных спагадлівых эўрапейцаў.

Вось жа ў Беларусі няма такіх дапамог для ўцекачоў — і ці многія арабы ды афрыканцы шукаюць тут прытулку ад войнаў? З падобнай праблемай беларускія ўлады практычна не сутыкаюцца. Калі і спыняюць тут час ад часу нелегалаў-мігрантаў паблізу мяжы, дык хіба што транзытных, якія рухаюцца празь Беларусь на Захад.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG