Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Надоечы разанула вока фраза «сутыкнуліся дзьве цывілізацыі». Гэта пра вайну ў Сірыі.

Састарэлая фраза апісвае гэтую вайну як пэўную гістарычную заканамернасьць. Так было спрадвеку, таму нічога дзіўнага, што так адбываецца і цяпер. Вось толькі будучыня ў тумане. Бо раней як было? Або пераб’юць адны адных, або памірацца. Тут жа ні першае, ні другое не прамалёўваецца. Больш верагодны (і неверагодны, па ранейшых мерках) варыянт – пакуль усе сірыйцы не ўцякуць на захад, вайна ня скончыцца. Уяўляеце сабе такое завяршэньне другой сусьветнай ці любой іншай ранейшай вайны? Каб усе расейцы перабеглі ў Нямеччыну ці, наадварот, усе немцы – у СССР? Лухта нейкая, праўда?

А ўся рэч у тым, што ніякіх «цывілізацый» больш няма, ёсьць адна цывілізацыя і ёсьць барбары, які ёй супрацьстаяць. За апошнія 20 гадоў сьвет стаў настолькі глябальным, што ў ім зьнікла разнастайнасьць спосабаў поступу чалавецтва (што ўласна і ёсьць цывілізацыяй).

Цывілізацыю сёньня ўвасабляе заходні сьвет – ён стварае тэхналёгіі, утрымлівае навуку, разьвівае культуру, дбае пра ўсебаковую самарэалізацыю, камфорт і дабрабыт асобы. Штосьці ўдаецца, штосьці не, але агульны кірунак руху – поступ, разьвіцьцё. І ёсьць астатні сьвет, які займаецца вытворчасьцю і спажываньнем таго, што прыдумляе Захад. У пошуках лепшага жыцьця (можна і так акрэсьліць цывілізацыю) людзі імкнуцца на Захад, а не наадварот.

Расея, якая сёньня выстаўляе сябе нейкім іншым варыянтам цывілізацыі, ніякім чынам пад крытэрыі гэтага азначэньня не падпадае – яна не экспартуе тэхналёгіі, дабрабыт і самарэалізацыю асобы ці найлепшыя ўзоры самаарганізацыі грамадзтва. Яна экспартуе антыподы ўсяго гэтага, а менавіта – барбарства. Гэта наглядна відаць і ў Прыднястроўі, і ў Паўднёвай Асэтыі, і на Данбасе. Экспартаваць барбарства можна толькі сілай, у адрозьненьне ад цывілізацыі.

Сілавая палітыка Захаду на Блізкім Усходзе прадпрымаецца менавіта для таго, каб забясьпечыць разьвіцьцё чалавечае цывілізацыі і скіраваная ня супраць тамтэйшых «цывілізацый», а супраць барбарства.

З гледзішча неглябальнага сьвету, якім ён уяўляўся яшчэ 20 гадоў таму, Захад можна было вінаваціць у наступе на іншыя спосабы арганізацыі жыцьця, згадваючы эгіпэцкія піраміды ці гарады-дзяржавы Сярэдняй Азіі. Але на нашых вачах сьвет канчаткова стаў адзіным, што выяўляецца і ў даступнасьці ўсіх усім праз глябальнае сеціва, ва ўніфікацыі быту, маскультуры і ўсёй інтэлектуальнай абалонкі плянэты.

Ня трэба быць вялікім празорцам, каб бачыць, што сілавое навязваньне настальгіі па СССР ці «русскому миру», як і дыктатарскія і аўтарытарныя рэжымы – гэта сёньня рудымэнты барбарства, задача якога – руйнаваньне здабыткаў цывілізацыі і рэгрэс у імя захаваньня пэрсанальнай улады правіцеля. Любая цывілізацыя, што перажыла росквіт у мінуўшчыне і не адпавядае сучаснаму глябальнаму сьвету, асуджаная на пераадоленьне. Бо сёньня ёсьць толькі адна цывілізацыя, адзіны сьвет і ёсьць мноства нацыянальных тоеснасьцяў, культур, якія імкнуцца адпавядаць сучаснаму сьвету, інтэрпрэтаваць яго па-свойму. Нам можа гэтага не хацецца, але гэта блізкая будучыня. Зірніце, якія мульцікі глядзяць сёньняшнія дзеці, у якія гульні гуляюць, пра што мараць. Яны жывуць у тым самым сьвеце, што і іх раўналеткі ў Амэрыцы, у Расеі ці ў Сірыі.

Разуменьне таго, што цывілізацыя – адна, адразу паказвае нам разьмяшчэньне краін і народаў на іх «дарожнай карце» – дзе яны знаходзяцца і куды імкнуцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG