Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці адбываецца пацяпленьне адносін Беларусі з Захадам?


Уладзімер Макей і Франк-Вальтэр Штанмайер

Уладзімер Макей і Франк-Вальтэр Штанмайер

На тле выклікаў, якія паўсталі перад Захадам, афіцыйны Менск атрымлівае шанец для нармалізацыі дачыненьняў з Эўропай і ЗША. Як паўплывае новая стратэгія суседзтва Эўразьвязу на адносіны зь Беларусьсю? Пра што сьведчыць візыт Уладзімера Макея ў Нямеччыну? Ці атрымае Беларусь крэдыт МВФ?

Удзельнікі: дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў з Страсбура і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Як паўплывае новая стратэгія суседзтва Эўразьвязу на адносіны зь Беларусьсю?

Валер Карбалевіч: «Так супала, што новы варыянт Эўрапейскай палітыкі суседзтва (ЭПС) Эўразьвязу зьявіўся ў момант, калі перад ЭЗ паўсталі новыя моцныя выклікі. Гэта і паток уцекачоў у Эўропу з Блізкага Ўсходу, і пагроза тэрарызму пасьля тэракту ў Парыжы. Як новая стратэгія суседзтва паўплывае на стаўленьне ЭЗ да Беларусі?»

Павал Вусаў

Павал Вусаў

Павал Вусаў: «Гэты новы варыянт ЭПС пачаў фармавацца раней. Часткова гэта адбылося пад уплывам украінскага крызісу. Стаўленьне ЭЗ да Беларусі пачало мяняцца з 2014 году. Цяпер для Эўразьвязу пытаньне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі не прыярытэтнае. Эўропа гатовая да паўнавартаснага дыялёгу з рэжымам Лукашэнкі. І гэта ня будзе спрыяць дэмакратызацыі Беларусі».

Андрэй Фёдараў: «Думаю, новы варыянт ЭПС ніяк не паўплывае на адносіны ЭЗ да Беларусі. ЭПС была абвешчана ў 2003 годзе. Беларусь у гэтай праграме ўдзельнічала па мінімуме. Праект „Усходняе партнэрства“ стаў часткай ЭПС. У гэтым праекце Беларусь удзельнічала трохі больш. Адносіны Беларусі і ЭЗ будуць разьвівацца пад узьдзеяньнем іншых чыньнікаў, а ня новай стратэгіі ЭПС».

Беларуска-нямецкія дачыненьні

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: «Афіцыйны Менск адмовіўся ад правядзеньня традыцыйнага беларуска-нямецкага Менскага форуму, які меўся адбыцца ў лістападзе. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, беларускія ўлады ўвязваюць яго правядзеньне з адменай Эўразьвязам санкцыяў. То бок, адчуўшы настроі ў Эўропе, Менск пачаў дзейнічаць з пазыцыі сілы. І вось 17–18 лістапада міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей быў зь візытам у Бэрліне „па запрашэньні нямецкага боку“. Дзе атрымаў даволі пазытыўны прыём, сустрэўся з кіраўніком замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Што б гэта значыла?»

Вусаў: «Адмена Менскага форуму ня ёсьць знакавай падзеяй. Бо каналы адносінаў Беларусі з ЭЗ цяпер адкрытыя. Зь іншага боку, Менскі форум быў пляцоўкай, на якой прысутнічала беларуская апазыцыя і грамадзянская супольнасьць. Таму адменай гэтага форуму ўлады дэманструюць нежаданьне кантактаваць з сваімі апанэнтамі. Яны ня хочуць, каб апазыцыя ўдзельнічала ў дыялёгу рэжыму з Захадам. Дый у заходніх палітыкаў цікавасьць да беларускай апазыцыі зьнізілася. Гэта азначае, што нельга чакаць палітычнай адлігі».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: «Ня стаў бы перабольшваць значэньне адмены Менскага форуму. Ён быў важны для беларускіх уладаў як пляцоўка для размовы зь нямецкімі палітыкамі ва ўмовах замарозкі адносін Беларусі з Захадам. Цяпер, калі пачалася нармалізацыя гэтых адносін, роля форуму зьменшылася».

Ці атрымае Беларусь крэдыт МВФ?

Карбалевіч: «Якраз гэтымі днямі адбыўся візыт у Менск місіі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якая абмяркоўвала ўмовы выдзяленьня Беларусі новага крэдыту. З ранейшых заяваў афіцыйных прадстаўнікоў фонду вынікала, што Менск можа атрымаць грошы, калі прапануе праграму структурных рэформаў у эканоміцы, якая будзе падтрымана Лукашэнкам, і пачне практычную рэалізацыю гэтых пераўтварэньняў (то бок прадэманструе сур’ёзнасьць сваіх намераў, а не абмяжуецца толькі дэклярацыямі).

Але вось міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі пасьля перамоваў з прадстаўнікамі фонду заявіў: „Мы практычна выходзім на праграму ўзаемадзеяньня з МВФ“. Можна меркаваць, што МВФ з палітычных меркаваньняў зьменшыў плянку патрабаваньняў да Беларусі?»

Вусаў: «Безумоўна, палітычная матывацыя ў рашэньнях МВФ адносна Беларусі дамінуе. Бо ў заходніх палітыкаў існуе вера, што Беларусь можна адарваць ад Расеі. Дзеля гэтага і былі ўключаныя фінансавыя мэханізмы. Тымі ж матывамі кіраваўся МВФ у 2008–2010 годзе, калі выдзяляў Беларусі крэдыт. І тады, і цяпер усе добра разумеюць, што Лукашэнка не зьбіраецца праводзіць рэформы. Міт пра тое, што Лукашэнка — гарант беларускай незалежнасьці, штурхае Захад да фінансавай падтрымкі беларускага рэжыму».

Фёдараў: «Калі гэта і ня цалкам міт, то, насамрэч, адарваць Беларусь ад Расеі вельмі цяжка. Не зусім згодзен з тым, што заходнія палітыкі вераць у міты. Думаю, яны цудоўна разумеюць прыроду беларускага рэжыму, разумеюць, што ні зьмяніць яго, ні адарваць Беларусь ад Расеі немагчыма. Але і падштурхоўваць Беларусь у бок Расеі ня варта. Крэдыт МВФ якраз і дапаможа захаваць пэўную дыстанцыю Беларусі ад Расеі. Таксама нейкія эканамічныя зьмены беларускаму кіраўніцтву давядзецца рабіць. Магчыма, такімі маленькімі крокамі Беларусь будзе набліжацца да цывілізаванага сьвету.

Ня варта ўскладаць на Захад вялікія спадзяваньні. Ён рабіў адносна Беларусі тое, што мог рабіць. Калі беларускае насельніцтва не імкнецца да пераменаў, то падштурхнуць іх звонку немагчыма».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG