Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лябедзька: Калі ня дзейнічае «брусэльскі сьпіс», дык будзем складаць «беларускі»


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

20 лістапада суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў старшыню АГП Анатоля Лябедзьку штрафам у 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў) за «актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі каля будынку КДБ 29 кастрычніка».

Прысудзіла штраф судзьдзя Вікторыя Шабуня, якой Анатоль Лябедзька на пачатку працэсу абвясьціў недавер і сказаў, што судзьдзі ў Беларусі выконваюць ролю «палітычных кілераў». Пасьля вынясеньня пастановы Анатоль Лябедзька заявіў журналістам, што вынік суду для яго быў прадказальны, і паведаміў пра намер абскардзіць рашэньне ў гарадзкім судзе.

Раней за ўдзел у той жа акцыі да штрафаў у 50 базавых велічынь былі асуджаныя апазыцыйныя лідэры Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і актывіст Максім Вінярскі, якія ў суд не зьявіліся. Чаму Анатоль Лябедзька вырашыў прыйсьці ў суд, калі, як ён кажа, вынік быў прадказальны?

«Прыйшоў недарэмна. Дзякуй тым, хто падтрымаў. Чаму прыйшоў? Бо думаю, што ня трэба ствараць для іх камфортныя сытуацыі, а праўда заўсёды выглядае больш моцнай, чым хлусьня. Мы сёньня знаходзімся ў той стадыі, калі патрэбны маніторынг сытуацыі. Сёньня шмат хто за мяжой кажа, што ў нас нешта адбываецца станоўчае, нібыта ідзе лібэралізацыя. Але нам немагчыма толькі абвяргаць гэта, што не парушаюць правы людзей, калі не прыкласьці нейкія пэўныя справы і доказы.

Вось што сёньня адбылося? Самі міліцыянты, якія прыйшлі супроць мяне сьведчыць, фактычна адмовіліся ад сваіх пісьмовых паказаньняў. Адзін зь іх настолькі блытаўся, што стала зразумела, што ён хлусіць. Відавочна, што ўсе тлумачэньні міліцыянтаў напісаныя пад капірку, што яны рыхтаваліся загадзя, што супрацоўнікі міліцыі прыходзяць на акцыі кропкава. Сёньняшняе рашэньне, мяркую, ужо было гатовае 29 кастрычніка, калі гэты міліцыянт Зубцоў прыйшоў да КДБ з намерам напісаць на мяне пратакол за правапарушэньне. Але ўсё гэта рассыпалася. У выніку судзьдзя Шабуня нават ня стала сьцьвярджаць у пастанове, як яна робіць звычайна, што віна даказаная на гэтакай падставе. Нават ад гэтага яна адмовілася, што ёсьць маленькай перамогай.

Таму мой камэнтар будзе такі. Штраф, вядома, рэч непрыемная, бо даводзіцца сваімі грашыма падтрымліваць гэтую сыстэму. Але, мяркую, надышоў час нам ствараць „беларускі сьпіс“. Калі адыходзіць „брусэльскі“, а праблемы застаюцца, дык трэба складаць нашы, беларускія сьпісы судзьдзяў і міліцыянтаў, вартых санкцыяў».

Прапанову Анатоля Лябедзькі наўпрост у судзе падтрымаў былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў, які назіраў за працэсам.

Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

«Прыйшоў адмыслова, каб паглядзець на гэты працэс і на тое, якім стала наша правасудзьдзе. Чарговым разам расчараваўся ў беларускім судзе. Перакананы, што патрэбная рэформа судоў, бо такіх працэсаў ня можа быць, і такіх судзьдзяў ня можа быць. І падтрымліваю ініцыятыву Анатоля Лябедзькі ў тым, што краіна павінна ведаць сваіх „герояў“.

А што да прысуду, дык разглядаю яго ня толькі як прысуд палітыку, а прысуд усім людзям, якія гатовыя бараніць праўду і свае правы. Таму лічу, што мы павінны неяк аб’яднацца, каб сабраць грошы на выплату штрафаў тым людзям, якіх засудзіла сёньня залежнае правасудзьдзе».

Міхаіл Пастухоў наўпрост у судзе перадаў актывістам АГП 200 тысяч рублёў са сваіх уласных сродкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG