Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сырыйскі касманаўт заклікае Расею не ваяваць супраць Сырыі. Эксклюзыўнае інтэрвію


Мухамад Ахмад Фарыс

Мухамад Ахмад Фарыс

У канцы ліпеня 1987 сырыйскі лётчык Мухамад Ахмад Фарыс адправіўся ў космас у рамках савецкай касьмічнай праграмы і правёў на арбітальнай станцыі «Мір» сем дзён. Праз 25 гадоў, у пачатку жніўня 2012 году, ён уцёк ад рэжыму сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, які жорстка душыў выступы апазыцыі. Цяпер Фарыс, Герой Савецкага Саюзу, зьвяртаецца да «вялікага рускага народу» з заклікам не ваяваць супраць народу Сырыі.

У канцы верасьня 2015 у Швэцыі праходзіў кангрэс астранаўтаў, на які быў запрошаны і Фарыс, што жыве ў Турцыі. Аднак на кангрэс ён ня трапіў: швэдзкія ўлады адмовіліся выдаць яму візу, і гішпанскай газэце «Эль-Мундо», якая апублікавала інтэрвію з Фарысам, не ўдалося высьветліць прычыны адмовы. У той час у Эўропе пачаўся крызіс з бежанцамі, сярод якіх нямала людзей, што ўцякалі ад Сырыйскай грамадзянскай вайны.

Арганізатары кангрэсу, зь якімі зьвязалася Радыё Свабода, каб узяць інтэрвію ў Фарыса, перадалі электронны адрас яго сярэдняга сына. 34-гадовы Кутайба Фарыс выдатна памятае паездку з бацькам у Савецкі Саюз, жыцьцё ў Зорным гарадку, дзе той праходзіў падрыхтоўку, савецкіх касманаўтаў (і называе «першага чалавека ў космасе» Аляксея Лявонава, які ў 80-х быў намесьнікам начальніка цэнтра падрыхтоўкі, «дзядзькам Лявонавым»):

— Я гэта ніколі не забуду. Калі мой бацька адправіўся ў СССР для падрыхтоўкі да касьмічнага палёту, зь ім былі я, мая маці і старэйшая сястра. Мне тады было сем гадоў. Я выдатна памятаю Зорны гарадок непадалёк ад Масквы. Я там жыў і вучыўся два з паловай гады. Добра памятаю сяброў дзяцінства — Сашу, Аліка, Зіну. Маіх настаўнікаў Любоў і Веру. Да гэтага часу памятаю некаторыя рэвалюцыйныя песьні, якія апяваюць чалавека і свабоду. Памятаю, як мы сьпявалі песьні пра ленінскую рэвалюцыю супраць прыгнёту і дэспатыі. Выдатна памятаю, як дзядзька касманаўт Лявонаў (першы, хто выйшаў у адкрыты космас) прыйшоў да мяне ў школу ўгаварыць мяне прачытаць верш на рускай мове ў школьным тэатры. Я ніколі не забуду добры і дружалюбны рускі народ, у якога я вельмі шмат чаму навучыўся, а лепшае, чаму я навучыўся — гэта быць свабодным і заўсёды стаяць на баку дабра і справядлівасьці, што б там ні было. Я мару яшчэ раз зьезьдзіць у той выдатны горад, які да гэтага часу жывы ўва мне.

Малодшага брата Кутайбы Фарыса, які нарадзіўся ў канцы 1987 году, назвалі ў гонар савецкай касьмічнай станцыі — Мір.

Экіпаж "Саюз ТМ-3"

Экіпаж "Саюз ТМ-3"

Імя Мухамада Ахмада Фарыса, якое стала пасьля касьмічнага палёту знакамітым на радзіме (пазьней гэтая вядомасьць прынясе яму непрыемнасьці), зноў зьявілася ў паведамленьнях міжнародных інфармацыйных агенцтваў у 2012 годзе. Тады, падчас «арабскай вясны», пасьля таго як сілы прэзыдэнта Башара Асада пачалі жорстка душыць масавыя пратэсты, першы сырыйскі касманаўт, генэрал сырыйскай арміі, уцякае з краіны і выступае ў падтрымку апазыцыйнай Свабоднай сырыйскай арміі.

Вось як успамінае тыя падзеі Кутайба Фарыс:

— Калі ў Сырыі адбылася рэвалюцыя, мая сям’я жыла ў Дамаску, паколькі бацька працаваў у цэнтры кіраваньня ВПС. Бацька заклікаў усіх членаў сям’і стаць на бок сырыйскага народу, які справядліва патрабаваў свабоды і годнасьці. Мой брат Мір выйшаў на дэманстрацыю ў Дамаску, падвяргаючы сваё жыцьцё небясьпецы. Ён нам потым распавядаў пра зьверскае абыходжаньне зь мірнымі дэманстрантамі, аб тым, як агенты службы бясьпекі зьбівалі і арыштоўвалі іх.

Я штодня бачыў пакуты сырыйцаў

Я тады працаваў у Алепа інжынэрам у галіне інфармацыйных тэхналёгій у адным з дэпартамэнтаў Міністэрства сацыяльных спраў і працы. Я штодня бачыў пакуты сырыйцаў ад таго, як ім цяжка знайсьці працу. Я ўсьведамляў, наколькі цяжкім, невыносным і зьневажальным было жыцьцё сырыйскага народу. Узровень беспрацоўя ў Сырыі быў вышэйшым, чым у іншых краінах, не было рэальнага росту, а законы прымаліся на карысьць паслугачоў рэжыму, які ня толькі быў сам карумпаваны, але таксама і распаўсюджваў карупцыю. Сытуацыя ў Сырыі была вельмі неспрыяльнай ва ўсіх галінах, акрамя рэпрэсій і самавольства.

Калі пачалася рэвалюцыя, мы, інтэлігенты і адукаваныя людзі, усьвядомілі, што гэта адзіна правільны шлях да выратаваньня. Я далучыўся да маіх сяброў — акадэмічных работнікаў, студэнтаў і актывістаў, займаўся палітычнай дзейнасьцю. Мы арганізоўвалі мірныя дэманстрацыі на тэрыторыі унівэрсытэту ў Алепа. Я бачыў на ўласныя вочы, як сілы бясьпекі і найміты штурмавалі будынак унівэрсытэту, нападалі на студэнтаў. Некаторых зь іх арыштавалі, многіх забілі са зьвярынай жорсткасьцю. Да гэтага часу не магу забыць, як яны, дагнаўшы аднаго студэнта, выкінулі яго з акна чацьвёртага паверху. Усё гэта адбывалася толькі па той прычыне, што мы хацелі свабодна выказваць свае палітычныя погляды.

Многіх забілі са зьвярынай жорсткасьцю

Мой бацька заўсёды быў на баку справядлівасьці. Ён заклікаў нас прытрымлівацца адзіна правільнага шляху, нягледзячы на небясьпеку. Калі ўлады даведаліся пра тое, што мы падтрымліваем рэвалюцыю, яны сталі перасьледаваць бацьку, адхілілі яго ад працы, і тады мая сям’я пераехала ў Алепа.

Савецкая паштовая марка ў гонар касьмічнага палёту 1987 году

Савецкая паштовая марка ў гонар касьмічнага палёту 1987 году

Спэцслужбы перасьледавалі таксама мяне і іншых рэвалюцыйных актывістаў, таму я вырашыў уцячы ў Савудаўскую Арабію і працаваць там у адной тэлекамунікацыйнай кампаніі. Там мая палітычная дзейнасьць абмяжоўвалася каардынацыяй і падтрымкай праз інтэрнэт і сацыяльныя і інфармацыйныя сеткі.

Я баяўся за сваю сям’ю, штодня адчуваў страх, ведаючы, што бацька вырашыў пакінуць Сырыю, каб абвясьціць аб далучэньні да рэвалюцыі сырыйскага народу. Таму мы зьвязаліся з рэвалюцыйнымі актывістамі і членамі Свабоднай сырыйскай арміі, каб арганізаваць бясьпечныя ўцёкі з Алепа. І пасьля некалькіх спроб зьбіць з панталыку спэцслужбы, бацьку і сям’і ўдалося зьбегчы і дабрацца да турэцкага горада Кіліс, непадалёк ад Алепа.

Пасьля гэтага мой бацька абвясьціў, што ён далучаецца да рэвалюцыі сырыйскага народу і яго справядлівых і законных палітычных патрабаваньняў.

Рэжым канфіскаваў мой дом і дом бацькі ў Алепа. Нашы сваякі падвергліся перасьледам, некаторыя зь іх былі забітыя з помсты за тое, што зрабіў бацька.

Рэжым канфіскаваў мой дом і дом бацькі ў Алепа

Пасьля таго як мой бацька выехаў зь Сырыі, яго палітычная дзейнасьць абмяжоўвалася толькі тым, што ён аказваў маральную падтрымку актывістам і даваў парады Свабоднай сырыйскай арміі. Ён заўсёды настойваў на тым, што гарады не павінны быць уцягнутыя ў канфлікт, каб яны не падвяргаліся авіяўдарам каб пазьбегнуць ахвяр сярод мірных жыхароў. Ён раіў канцэнтраваць баявыя дзеяньні каля ваенных аэрадромаў, каб канфлікт скончыўся як мага хутчэй і зь як мага меншай колькасьцю ахвяр, а таксама дзеля абароны бяззбройных мірных жыхароў ад авіяўдараў.

У верасьні 2012 году ў Савудаўскай Арабіі прайшоў Сусьветны зьезд касманаўтаў. Савудаўскі касманаўт эмір Султан бэн Салман запрасіў мяне разам з бацькам на канфэрэнцыю. Я быў вельмі шчасьлівы, калі там зноў сустрэўся зь дзядзькам Лявонавым. Мы доўга маўчалі. Я памятаю, як ён заплакаў сьлязьмі. Я сустрэў шмат іншых расейскіх касманаўтаў, зь якімі нас зьвязвалі прыемныя ўспаміны.

Я памятаю касманаўта Аляксандра Аляксандрава. Як узрадаваўся мой бацька, калі яны сустрэліся! Мы спрабавалі патлумачыць ім, што на самой справе адбываецца ў Сырыі, як трэба дзейнічаць, што трэба прадухіліць пагаршэньне сытуацыі, пакуль мы яшчэ не ў бездані. Але, на жаль, абстаноўка стала горш, чым усе меркавалі.

Я хацеў бы пажадаць Расеі зьмяніць сваю палітычную пазыцыю,

Касманаўты, у тым ліку з Расеі, выказалі салідарнасьць з народам Сырыі, зь яе дзецьмі.

У заключэньне я хацеў бы пажадаць Расеі зьмяніць сваю палітычную пазыцыю, перагледзець сваё стаўленьне да таго, што адбываецца і будучыні, каб яна не патанула ў крыві невінаватых. Бо я ў вас навучыўся таму, што волю народу не зламаць, што народ у рэшце рэшт перамагае. Я хацеў бы яшчэ раз пабываць у Зорным гарадку, несучы з сабою ружы любові і дружбы, а ня церні нянавісьці, — кажа Кутайба Фарыс.

Мухамад Ахмад Фарыс

Мухамад Ахмад Фарыс

Мухамад Ахмад Фарыс за амаль 30 гадоў, якія прайшлі зь яго палёту ў космас, у значнай ступені забыўся на расейскую мову. У гутарцы прамаўляе некалькі фраз па-расейску, у асноўным пры прывітаньні і разьвітаньні. Як і яго сын, ён кажа пра цёплыя пачуцьці да расейскага народу, пры гэтым рэзка азываючыся аб дзеяньнях кіраўніцтва Расеі, якое пачало ваенную апэрацыю па падтрымцы сіл Асада. Фарыс падкрэсьліваў, што большасьць удараў расейскай авіяцыі наносіліся па антыасадаўскай апазыцыі, а не групоўцы «Ісламская дзяржава». Інтэрвію з Фарысам было ўзятае да сэрыі тэрарыстычных нападаў у Францыі і да таго, як Расея прызнала тэрактам гібель самалёта над Сінаем, усьлед за чым расейская авіяцыя нібыта актывізавала ўдары па ІГІЛ, каардынуючы свае дзеяньні з авіяцыяй заходняй кааліцыі.

Фарыс кажа, што ён і яго сябры сфармаваліся пад уплывам палітычнага клімату, які існаваў у Сырыі да перавароту 8 сакавіка 1963: «У тыя часы ў нас была ў пэўным сэнсе палітычная свабода, былі партыі. Той палітычны клімат сфармаваў маю асобу і асобу маіх сяброў. Але я хацеў быць лётчыкам-зьнішчальнікам ў сырыйскіх узброеных сілах. Я лічыў, што лётчык павінен быць далёкі ад палітыкі. Потым да ўлады прыйшла партыя БААС, гэта прывяло Хафеза Асада да ўлады, пачаўся прыгнёт і ўціск асабістай свабоды».

— Чаму вы сталі ваенным лётчыкам?

Лётчык-зьнішчальнік — самае моцнае плячо ў абароне радзімы

— Я заўсёды марыў падарожнічаць на далёкія адлегласьці. Я не люблю закрытыя прасторы. Да таго ж наш дом знаходзіўся побач з узьлётнай паласой лётнай школы ў Алепа. А галоўная прычына ў тым, што лётчык-зьнішчальнік — самае моцнае плячо ў абароне радзімы.

— Космас быў вашай марай, вы гэтага дамагаліся ці гэта было проста рашэньне ўладаў — адправіць вас у савецкую касьмічную праграму?

— Я шмат чытаў пра космас і пастаянна думаў пра Гагарына. А што тычыцца касьмічных палётаў, то рашэньне аб іх правядзеньні ў прынцыпе адносіцца да кампэтэнцыі уладаў. Але выбар касманаўта — вельмі складаны працэс, і магчымасьці чалавека адыгрываюць галоўную ролю ў пераадоленьні цяжкага шляху.

— Палёт у космас — ці можна назваць гэта самым галоўным момантам у вашым жыцьці? Вы праводзілі здымкі Сырыі з космасу — зь якімі пачуцьцямі вы цяпер успамінаеце пра гэта?

— Так, гэта было адной з найважнейшых падзей у маім жыцьці, паколькі гэта было для мяне пераломным момантам. Калі я рабіў здымкі Сырыі, то я быў вельмі шчасьлівы і ўсхваляваны. Спытайце Аляксандра Аляксандрава. Вядома, я да гэтага часу памятаю выгляд Сырыі з космасу.

Я дагэтуль памятаю выгляд Сырыі з космасу


— Вы захоўваеце зорку Героя Савецкага Саюзу?

— Так, я яе захоўваю да гэтага часу. Я яе ўзяў з сабою ў Турцыю і паказваў яе на некаторых турэцкіх тэлеканалах.

— Раскажыце пра гады пасьля палёту. З аднаго боку, паведамлялася, што вы былі ледзьве не пад хатнім арыштам на доўгія гады, з іншага боку, вы працягвалі ваенную службу і займаліся падрыхтоўкай ваенных лётчыкаў.

— Пасьля палёту ў космас я стаў вядомым чалавекам, мяне любілі людзі, таму што я ўсіх іх любіў і паважаў, ад малога да вялікага. Я зь імі нястомна меў зносіны. Я таксама пачаў чытаць лекцыі аб космасе. Такім чынам, я адчуў ўвесь цяжар жыцьця вядомага чалавека, і я быў шчасьлівы як ад станоўчых, так і ад адмоўных момантаў. Але падчас дыктатуры, якая не прымае якога-небудзь вядомага імя побач з імем дыктатара Хафеза Асада, я дзевяць гадоў быў без пасады і без афіцыйнай працы, нягледзячы на тое што я лётчык, і ў мяне ёсьць воінскае званьне. А потым, адчуўшы сорам, яны мне далі пасаду дырэктара інстытуту авіяцыі, дзе рыхтавалі ваенных лётчыкаў. На гэтай пасадзе ў Алепа я правёў восем гадоў. Потым я пераехаў у Дамаск, і мне далі пасаду дырэктара ўпраўленьня, я атрымаў званьне брыгаднага генэрала.

— Якое было ваша стаўленьне да рэжыму Асада ў 2000-х гадах, потым да «арабскай вясны»? Ці адчуваліся трэньні паміж сунітамі і алавітамі?

Падчас дыктатуры, якая не прымае якога-небудзь вядомага імя побач з імем дыктатара Хафеза Асада, я дзевяць гадоў быў бяз працы

— Я быў абураны тым, як Башар Асад атрымаў у спадчыну пасаду свайго бацькі, таму што мы вельмі моцна пакутавалі ад дыктатуры і рэпрэсій прэзыдэнта Хафеза Асада. Мы задыхаліся з-за ўсеўладзьдзя тайнай паліцыі, але нічога не маглі сказаць адкрыта. Натуральна, калі пачалася рэвалюцыя ў Тунісе, Эгіпце і Лівіі, я быў настроены аптымістычна. Наша вясна застанецца, нягледзячы на тое што агонь дэспатаў і шайтанаў спаліў яе кветкі. На жаль, Хафез Асад і яго сын Башар змаглі прыцягнуць усімі спосабамі і спакусамі алавітаў на свой бок і мабілізавалі іх для сваіх мэтаў. І гэта пры тым, што алавіты складаюць ня больш за 10% сырыйскага народу. Натуральна, існавалі праблемы, але яны былі як агонь пад попелам, і іх нечакана агаліла «арабская вясна».

— Калі і чаму вы вырашылі бегчы з Дамаску і далучыцца да апазыцыі? Раскажыце пра абставіны уцёкаў — паведамляецца, што гэта адбылося з чацьвёртай спробы.

— У пачатку 2012 году, пасьля таго як я стаў сьведкам злачынстваў, забойстваў і масавых арыштаў рэжыму Асада, нягледзячы на тое, што дэманстрацыі былі на сто адсоткаў мірныя. Башар Асад прызнаў, што дэманстранты ня выпусьцілі ніводнай кулі на працягу шасьці месяцаў, калі было забіта 5000 мірных дэманстрантаў. Я таксама бачыў на свае вочы, як самалёты Асада масава забівалі дзяцей, жанчын, мірных жыхароў. Вось тады я вырашыў уцячы. Апошняя спроба 4 жніўня 2012 была пасьпяховай. Мне было забаронена выяжджаць, за мною ўважліва сачылі, а пра падрабязнасьці доўга распавядаць.

— Цяпер Расея спрабуе дамагчыся, каб нейкія апазыцыйныя сілы пайшлі на кампраміс з Асадам. Гэта магчыма? Ваша стаўленьне да гэтага?

У рэвалюцыі няма кампраміснага шляху: рэвалюцыя павінна перамагчы

— Расея не спрабуе дасягнуць кампрамісу, нягледзячы на тое, што ў рэвалюцыі няма кампраміснага шляху: рэвалюцыя павінна перамагчы. Я ўжо выкладаў сваю пазыцыю адносна дзеяньняў Расеі некалькі разоў, калі сустракаўся з расейскім консулам у Эр-Рыядзе, а таксама двойчы падчас сустрэч з расейскім консулам у Стамбуле. Расея — за Асада і супраць сырыйскага народу.

— Авіяцыйная кампанія Расеі, якая пачалася месяц таму, — яна зьмяніла ход вайны? Былі паведамленьні, што апазыцыя спыніла наступ войскаў Асада. Якія вашы прагнозы адносна далейшага разьвіцьця падзей?

— Нягледзячы на тое, што з часу пачатку расейскай паветранай агрэсіі супраць сырыйскага народу пайшоў другі месяц, можна сказаць наступнае: найбольшая колькасьць разбурэньняў — у інфраструктуры; таксама былі забітыя тысячы нявінных жыхароў, сярод якіх шмат дзяцей, жанчын і старых. Тое, што налёты расейскай авіяцыі накіраваны супраць ІГІЛ, — гэта ілжывыя сьцьвярджэньні, паколькі 90% расейскіх авіяўдараў наносяцца супраць Свабоднай сырыйскай арміі, якая змагаецца супраць тыраніі Асада. Гэтыя ўдары не змаглі спыніць сырыйскую апазыцыю, якая працягвае змагацца супраць арміі Асада, у рэшце рэшт сырыйскі народ пераможа.

— Як ставіцца сырыйская апазыцыя да Расеі, ці мяняецца гэта стаўленьне ў апошні месяц? Яе ўспрымаюць як ворага, зь якім трэба ваяваць? Што вы адчуваеце ў адносінах да краіны, дзе вы доўгі час працавалі і адкуль вы паляцелі ў космас?

— Стаўленьне сырыйскай апазыцыі да ваеннай машыны, якая забівае сырыйскі народ, каб пакінуць ва ўладзе дыктатара, такое ж, як у расейскага народу да нацыстаў Гітлера. Існуе адрозьненьне паміж маім стаўленьнем да ўлады, якая загадвае забіваць, і да вялікага рускага народу, бóльшая частка якога, я мяркую, супраць забойства сырыйскага народу.

Тое, што налёты расейскай авіяцыі накіраваны супраць ІГІЛ — гэта ілжывыя сьцьвярджэньні

​— Вы жывяце ў Турцыі. Вы думаеце, атрымаецца вярнуцца на радзіму?

— Так, я жыву ў Турцыі. Але я ўжо некалькі разоў езьдзіў у раёны, вызваленыя ад прыгнёту Асада. Я ўвесь час мару аб вяртаньні на радзіму, каб там працаваць разам са сваімі суайчыньнікамі. У заключэньне я б хацеў зьвярнуцца да расейцаў і да расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Вялікі рускі народ! Некалькі гадоў я жыў сярод вас, і мне выпаў вялікі гонар падняцца ў космас разам з вамі. Я ведаў, што вы заўсёды выступаеце супраць прыгнёту і тыраніі. Сырыйскі народ ужо доўга супраціўляецца прыгнёту і тыраніі Асада. Так устаньце ж на бок прыгнечаных і супраць іх катаў і парушальнікаў іх правоў усюды ў сьвеце. І я заклікаю расейскія СМІ ўстаць на бок праўды і шукаць праўду на сьвятле, а ня ў ценю, — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода Мухамад Ахмад Фарыс.

XS
SM
MD
LG