Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча зладзіць у Менску «беларуска-балканскі» саміт


Аляксандар Лукашэнка падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Сэрбіі Таміславам Нікалічам

Аляксандар Лукашэнка падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Сэрбіі Таміславам Нікалічам

Аляксандар Лукашэнка хоча ў 2016 годзе сабраць у Менску кіраўнікоў усіх былых югаслаўскіх рэспублік. Такую заяву ён зрабіў сёньня на сустрэчы са сваім калегам з Сэрбіі Таміславам Нікалічам.

Лукашэнка лічыць, што будзе сымбалічна, калі ў Менску на будоўлі шматфункцыянальнага комплексу «Менск-Сьвет», які ўзводзіцца з удзелам рабочых і інжынэраў з Сэрбіі, будзе прадстаўленая ўся былая Югаславія.

«Дадзеная прапанова, якая ўспрымаецца як чарговая ініцыятыва Лукашэнкі, можа заслугоўваць пэўнай увагі», — лічыць міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Праўда, гэтая прапанова зроблена прэзыдэнту Сэрбіі. А Сэрбія не зьяўляецца прэзыдэнцкай рэспублікай. Там шмат што, калі ня ўсё, залежыць ад кіраўніка ўраду.

Важная і яшчэ адна дэталь. У былых рэспублік Югаславіі ўжо розны лёс. Некаторыя — напрыклад, Славенія і Харватыя, — увайшлі ў НАТО і Эўразьвяз. А Сэрбія яшчэ толькі вядзе перамовы наконт свайго ўступленьня ў Эўразьвяз.

Але калі ўявіць, што такое мерапрыемства, назавем яго ўмоўна беларуска-балканскім самітам, адбудзецца, то яно будзе мець эўрапейскае значэньне. Праўда, ніхто ня ведае, улічваючы апошнія падзеі, што будзе ў 2016 годзе з аб’яднанай Эўропай. Таму ў наступным годзе важным будзе не балканскі гіпатэтычны саміт, а прызначаны на травень саміт НАТО ў Варшаве. Менавіта варшаўскі форум можа стаць галоўнай падзеяй для ўсёй Эўропы ў 2016 годзе.

А што тычыцца канкрэтнай прывязкі да сустрэчы ў Менску — будоўлі комплексу „Менск-Сьвет“, — то нялішне згадаць, што ёсьць такія ўплывовыя бізнэсоўцы: браты Карачы. У Югаславіі іх называлі „кашалькамі Мілошавіча“. Адзін з братоў, Драгамір, з 2013 году ганаровы консул Беларусі ў Бялградзе, а ягоныя фірмы вядомыя як буйныя будаўнікі шэрагу комплексаў у Менску. Думаю, што іхная роля, калі саміт усё ж адбудзецца, будзе вельмі значнай, калі не вырашальнай».

Уладзімер Глод, Менск

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG