Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе здабываць золата ў Зымбабвэ


Прэзыдэнт Зымбабвэ Робэрт Мугабэ

Прэзыдэнт Зымбабвэ Робэрт Мугабэ

Адну з найбяднейшых краінаў сьвету, якой ужо 35 год кіруе дыктатар, наведаў Віктар Шэйман.

Падчас візыту кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана ў Зымбабвэ быў падпісаны шэраг кантрактаў, паведамляюць мясцовыя СМІ, называючы чыноўніка «генэралам».

Шэйман вёў перамовы з 91-гадовым кіраўніком краіны Робэртам Мугабэ за зачыненымі дзьвярыма. Вядома, што ён перадаў Мугабэ запрашэньне наведаць Беларусь у красавіку 2016 году, абмеркаваў пытаньні энэргетыкі, будаўніцтва дамоў, дарог і мастоў, навучаньня зымбабвійцаў у Беларусі.

Акрамя таго, падчас візыту быў падпісаны кантракт на стварэньне супольнага беларуска-зымбабвійскага прадпрыемства па здабычы золата. Беларусь будзе пастаўляць шахтнае абсталяваньне і забясьпечваць асваеньне ўчастку здабычы.

Візыт зымбабвійскага боку ў Беларусь прайшоў у чэрвені. Тады віцэ-прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва анансаваў кантракт на 150 млн даляраў на закуп тэхнікі, вырабленай на заводах МАЗ, МТЗ, БелАЗ і «Амкадор».

Зымбабвэ — адна з найбяднейшых краінаў сьвету. Па такіх парамэтрах, як ВУП на душу насельніцтва або індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу, яна трывала займае ў сьпісах краін сьвету адно з апошніх месцаў. У 2000-х краіна перажыла гіпэрінфляцыю, якая ў 2008-м дасягнула рэкордных тэмпаў — 231 150 888% на год. У 2009-м краіна адмовілася ад нацыянальнай валюты. З 1980 году краінай нязьменна кіруе Робэрт Мугабэ, якога часта абвінавачваюць у парушэньні правоў чалавека, карупцыі, расізьме і іншых палітычных і эканамічных злачынствах.

Тым ня менш нядаўняе дасьледаваньне Standard &Poor’s паказала, што зымбабвійцы перагналі беларусаў па ўзроўні фінансавай пісьменнасьці: у Беларусі 38% дарослых змаглі добра адказаць на пытаньні пра інфляцыю, фінансавыя рызыкі і адсоткавыя стаўкі, у Зымбабвэ — 41%.

______________________________________

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, рашэньне пра партнэрства з Зымбабвэ абумоўленае закрытасьцю для Беларусі іншых рынкаў і жаданьнем весьці незалежную ад Расеі палітыку.

Леанід Заіка ня лічыць, што падобныя рашэньні пра партнэрства абгрунтаваныя эканамічна, але ня бачыць нічога дзіўнага ў тым, што Беларусь гандлюе з адной з найбяднейшых краінаў сьвету.

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Ніхто ніколі не казаў, што Беларусь — багатая краіна. Яна па структуры эканомікі як Альжыр, па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва як Калюмбія. А нашы продажы тэхнікі на расейскім рынку церпяць крах. Цяпер мы ў Расею на 36% зьнізілі экспарт! І песьня ў такой сытуацыі — „Ратуйся хто можа, шукайце новыя рынкі“. Дзе мы яшчэ патрэбныя? Лукашэнка ж неяк сказаў: „Ідзіце туды, дзе нас ня ведаюць“.

Беларусь, як мне здаецца, можа стварыць стратэгічнае партнэрства Зымбабвэ-Беларусь. Калі раней, 15 год таму, былі міты пра стварэньне партнэрства Беларусь-Кітай, дык цяпер больш рэалістычна разьвіваць адносіны з Зымбабвэ. А што бедная краіна — дык мы таксама бедныя, што паробіш!

А што тычыцца фінансавай устойлівасьці, надзейнасьці партнэраў... Мугабэ быў сацыяліст у маладосьці, Лукашэнка таксама сацыяліст. Што я магу сказаць, калі ім падабаецца на вуліцы Карла Маркса гандляваць з Зымбабвэ! Я ж не скажу — гандляваць са Швэцыяй, нікому мы ў Швэцыі не патрэбныя. Усе гэтыя пытаньні выбару, дзе і якія напрамкі разьвіваць, — гэта палітычныя рашэньні, эканамічнага нічога тут няма.

Калі нас не пускаюць ні на якія зьнешнія рынкі, калі мы зрабілі выгляд, што з Расеяй паводзім сябе сувэрэнна і самастойна і можам паводзіць сябе сувэрэнна і самастойна, то — „Даеш Зымбабвэ!“. Назва краіны прыгожая, загараць можна, можна зь дзецьмі зьезьдзіць вы ведаеце каму...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG