Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіта Беражкоў: Нават палітвязьняў так не ламалі


Уладзімер Беражкоў
Уладзімер Беражкоў

Сын былога выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара менскага хакейнага клюбу «Дынама» Ўладзімера Беражкова заявіў, што ў СІЗА ягонага бацьку ламаюць так, як не ламалі нават палітвязьняў.

«Тое, што цяпер адбываецца, можна назваць адным словам — жэсьць. У СІЗА ёсьць сакрэтнае правіла: „эканамічныя“ сядзяць з „эканамічнымі“, зэкі — з зэкамі. Дык вось, „эканамічных“ на майго бацьку не хапіла, двух мацёрых падсадзілі. Не, ён ня скардзіцца... каб горш ня стала. Гэта маё сэрца крывёю абліваецца. Ведаеце, у мяне нямала сяброў у праваахоўных органах. Яны кажуць, што нават палітвязьняў так не ламалі», — заявіў Мікіта Беражкоў у інтэрвію by.tribuna.com.

Мікіта Беражкоў лічыць, што сьледзтва па справе ягонага бацькі «будзе зацягнута на год, а то і на два». «У іх ёсьць такая магчымасьць. А потым прымусяць паперку якую-небудзь падпісаць, каб зад прыкрыць. Калі б у іх было нешта — даўно б такую гучную справу ў суд перадалі», — упэўнены ён.

Сам Мікіта Беражкоў цяпер у Маскве. Паводле ягоных слоў, ён зьехаў пасьля таго, як адчуў сябе ў небясьпецы.

«У адзін дзень патэлефанавалі адразу трое і папярэдзілі, што рыхтуецца затрыманьне. Карыстаючыся нагодай, хацеў бы сказаць наступнае: ніколі, у ніводным сваім інтэрвію я не наяжджаў на ўладу. Наадварот, заўсёды прасіў не палітызаваць гэтую справу. Калі кагосьці ўвёў у зман сваімі выказваньнямі — прабачце. Аляксандар Лукашэнка ня мае ніякага дачыненьня да затрыманьня бацькі. Я ўсяляк падтрымліваю дзейнага прэзыдэнта і нават прагаласаваў за яго на выбарах», — заявіў ён.

Уладзімера Беражкова затрымалі ў жніўні. Паводле Сьледчага камітэту, Беражкоў падазраецца ў крадзяжы праз выкарыстаньне службовых паўнамоцтваў грашовых сродкаў хакейнага клюбу «Дынама Менск» на суму 1 мільярд 90 мільёнаў рублёў. Яшчэ ў канцы жніўня прадстаўнікі Сьледчага камітэту і МУС казалі журналістам, што Беражкоў супрацоўнічае са сьледзтвам і гатовы кампэнсаваць нанесеную шкоду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG