Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры тысячы праваахоўнікаў, спэцназ і верталёт лавілі ўцекача з «калашнікавам» у Вільні


У чацьвер, 19 лістапада, амаль тры тысячы супрацоўнікаў праваахоўных органаў Літвы ўзялі ўдзел у пошуках і аблаве на затрыманага, які ўцёк ад паліцыі ў кайданках і з аўтаматам «калашнікаў».

Як паведамляе інтэрнэт-рэсурс delfi.lt, спасылаючыся на прэсaвую канфэрэнцыю генэральнага камісара літоўскай паліцыі Лінаса Пярнаваса, уцекачом аказаўся нехта па прозьвішчы Ігар Малаткоў.

У чацьвер паліцыянты везьлі Малаткова, які раней быў судзімы за дробныя парушэньні, на мэдычнае абсьледаваньне. Аднак па дарозе яны зазірнулі ў камісарыят па справах — гэтых справаў камісар Пярнавас не канкрэтызаваў. Пасьля таго, як паліцыянты выйшлі з машыны каля камісарыяту, затрыманы схапіў зброю (AKS-74U), якая была пакінута ў аўтамабілі, і ўцёк. Ён пакінуў тэрыторыю камісарыяту, пералезшы праз плот.

Пярнавас таксама распавёў, што ўцякач быў затрыманы без кайданкоў, яны былі зьнятыя. Паліцыя высьвятляе, якім чынам яму ўдалося іх зьняць. Мужчына непадалёк ад аўтавакзалу выкінуў зброю і кайданкі. Зброя была знойдзена ў адным з двароў непадалёк ад вакзалу, у тым месцы, дзе паказаў затрыманы. Аўтамат ня быў ужыты. Таксама паведамляецца, што праз увесь горад узброены Малаткоў перамяшчаўся на грамадзкім транспарце. Людзям ён не пагражаў. Мужчына схаваўся ў душавым пакоі агульнага карыстаньня ў адным з дамоў у віленскім мікрараёне Наўінінкай. Там ён і быў затрыманы. «Мы вялі перамовы з гэтым чалавекам і ўгаварылі яго здацца» — сказаў Пярнавас.

Нягледзячы на гэтае здарэньне, Пярнавас сказаў, што ня бачыць неабходнасьці ў тым, каб ва ўсіх паліцыянтаў адабралі зброю «калашнікаў» (AKS-74U), выдадзеную пасьля тэрактаў у Парыжы.

Пасьля інцыдэнту паліцыянтам Сьвянцянскага раёну спатрэбілася дапамога псыхолягаў. Пакуль не вядома, ці застануцца на службе паліцыянты вінаватыя ў тым, што адбылося.

Аблаву на ўцекача Пярнавас ацаніў як досыць эфэктыўную. «Я б сказаў, што спатрэбілася ўсяго пяць гадзін, я думаю, што нам досыць хутка ўдалося знайсьці гэтую асобу», — адзначыў камісар. Паліцыя таксама сьцьвярджае, быццам ва ўцекача ёсьць парушэньні псыхікі, ён наркаман.

Аўтаматы літоўскім паліцыянтам былі раздадзеныя пасьля трагічных падзей у Парыжы. У суботу, 14 лістапада, з такога аўтамата паліцыянт параніў бяздомнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG