Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўкавыскіх таксістаў з былой фірмы Аўтуховіча хочуць аштрафаваць за перапрацоўку, хоць яны больш стаяць


Транспартная інспэкцыя Ваўкавыску палічыла, што таксісты працуюць больш, чым трэба паводле закону. А гэта можа азначаць, што пры заробках у два мільёны палову давядзецца аддаць на штрафы.

Позвы атрымалі ўсе 15 кіроўцаў.

Спадар Аляксей, зь якім я сустрэўся ў офісе фірмы, распавядае, што ягоныя калегі абураныя такім стаўленьнем да сябе і напісалі калектыўны ліст да кіраўніцтва філіялу Транспартнай інспэкцыі гораду Ваўкавыску.

Яны найперш патрабуюць патлумачыць, у якасьці каго іх выклікаюць для разгляду адміністрацыйнай справы, паколькі бо парушэньні калі і ёсьць, то яны зьдзейсьненыя перавозчыкам, а ня імі, найманымі працаўнікамі, і адказваць за гэта павінна дырэктарка фірмы, а не кіроўцы.

Таксісты таксама патрабуюць перанесьці разгляд адміністрацыйнай справы і разабрацца спачатку па сутнасьці і на законных падставах.

Спадар Аляксей тлумачыць мне, адкуль зьявілася перапрацоўка. За зьмену ў сярэднім цяпер праяжджаюць усяго каля 60 кілямэтраў, бо няма кліентаў, а астатні час стаяць. Таму перапрацоўка, па сутнасьці, фармальная, бо інакш папросту няма заробку.

— Мы па столькі часу не працуем, у асноўным стаім. За дзень даходзіць усяго да 60 кілямэтраў, гэта гадзіны тры за зьмену езьдзіш, ня болей. Астатні час стаіш, сьпіш у машыне. А ўначы наагул працы няма, толькі сьпім.

Яшчэ адзін таксіст кажа, што транспартная інспэкцыя павінна абавязкова ў гэтым разабрацца, бо мінімальныя штрафы за парушэньне складаюць пяць базавых велічынь.

Дырэктарка фірмы спадарыня Людміла Парэмская дадае, што апошнім часам яны адчуваюць занадта пільную ўвагу да сваёй фірмы з боку Транспартнай інспэкцыі. Яе словы пацьвярджаюць і іншыя таксісты.

— Яны прыяжджаюць, Транспартная інспэкцыя, ціснуць нам на псыхіку, нэрвы, перашкаджаюць працаваць. І вось сытуацыя атрымліваецца, што і працы няма, і зарабіць не даюць.

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Сказанае дапаўняе былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які працуе таксама ў гэтай фірме. Ён кажа, што праблемы з Транспартнай інспэкцыяй у іх пачаліся пасьля таго, як тыя незаконна пачалі патрабаваць, каб з таксовак паздымалі пляфоны з падсьвятленьнем, якія адметна глядзяцца на машынах і прывабліваюць пасажыраў.

Аўтуховіч кажа, што дзякуючы пісьмовым патрабаваньням гэтыя спробы ўдалося пакуль спыніць, але адчуваецца, што на гэтым справа ня скончылася. Хоць, паводле Аўтуховіча, у Транспартнай інспэкцыі таксама разумеюць, што кіроўцы таксі сёньня ня могуць мець годных заробкаў, бо перавозкі зьнізіліся па ўсёй краіне. Аўтуховіч кажа, што калі канфлікт будуць нагнятаць, то давядзецца зьвяртацца ў вышэйшыя інстанцыі.

— Потым усе зьвернемся да таго, хто крычаў, каб працавалі па 40 гадзін, і да той самай Шчоткінай, якая раіла працаваць на дзьвюх-трох працах. Зьвернемся да іх, што яны на гэта скажуць. Кіраўнік дзяржавы з трыбуны крычаў, каб працавалі па 25–40 гадзін у суткі, каб зараблялі грошы. Што мы, у прынцыпе, і робім. Праўда мы не па 25 гадзін працуем, меней, але ўсё роўна цяжка зарабіць годныя грошы.

XS
SM
MD
LG