Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ставіць перашкоды на шляху сырыйскіх уцекачоў у ЗША


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША

Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект з падвышанымі патрабаваньнямі да праверкі ўцекачоў з Сырыі, якія прэтэндуюць на прытулак у ЗША.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла законапраект, які абцяжарвае ўезд у краіну сырыйскіх уцекачоў. Рашэньне заканадаўцаў можа нэўтралізаваць прапанову адміністрацыі Абамы ўпусьціць у Злучаныя Штаты ў наступным годзе 10 тысяч сырыйцаў, а таксама паскорыць парадак разгляду заяў на прадстаўленьне прытулку ад грамадзян Сырыі.

Законапраект, падрыхтаваны па сьлядах тэрактаў у Парыжы, ухвалены пераважнай большасьцю галасоў: 289 — «за» і 137 — «супраць». Разам з рэспубліканцамі супраць прэзыдэнта, нягледзячы на лябіяваньне Белага дома, прагаласавалі 47 дэмакратаў. Такім чынам, у ніжняй палаце ёсьць дастатковая колькасьць галасоў, каб пераадолець прэзыдэнцкае вэта.

Рэспубліканцы скептычна ўспрынялі запэўненьні намесьніка дзяржсакратара Эн Рычард, што верагоднасьць укараненьня тэрарыстаў у плынь уцекачоў з Сырыі «надзвычай малая».

Згодна з законапраектам, вышэйшыя кіраўнікі праваахоўных органаў і спэцслужбаў павінны будуць ад гэтага часу асабіста ручацца за ляяльнасьць кожнага сырыйскага ўцекача, дапушчанага ў ЗША. Генэральны пракурор Ларэта Лінч заяўляе, што гэтая мера непрактычная, калі яе наогул можна рэалізаваць.

Праект закона, зацьверджаны Палатай прадстаўнікоў, цяпер паступае ў Сэнат, дзе яго лёс застаецца ня ясным, хоць і ў верхняй палаце большасьць належыць рэспубліканцам.

Прэзыдэнт Абама кажа, што людзі, якія бягуць з зонаў узброеных канфліктаў, заўсёды знаходзілі прытулак у Амэрыцы і станавіліся часткай нацыі. «Праверка ўцекачоў сёньня і так беспрэцэдэнтна строгая, і няма ніякіх падставаў лічыць, што яны нясуць з сабой большую пагрозу бясьпецы, чым простыя турысты», — падкрэсьліў прэзыдэнт. Тым ня менш, губэрнатары 27 штатаў паведамілі, што адмаўляюцца прымаць уцекачоў з Сырыі з-за боязі, што сярод іх апынуцца тэрарысты.

XS
SM
MD
LG