Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ходзе паліцэйскага рэйду ў Парыжы быў забіты арганізатар тэрактаў


У чацьвер Нацыянальны сход Францыі падоўжыў на тры месяцы надзвычайнае становішча ў краіне.

Сярод забітых у ходзе паліцэйскага рэйду ў парыскім раёне Сэн-Дэні ў чацьвер апазнаны 28-гадовы бэльгіец Абдельхамід Абаауд, які лічыўся меркаваным арганізатарам нападаў у Парыжы 13 лістапада.

Раней пракурор Парыжа Франсуа Малэн паведамляў, што ў паліцыі былі досыць пераканаўчыя сьведчаньні таго, што галоўны падазраваны Абаауд знаходзіцца на тэрыторыі Францыі. Але ў ліку 8 затрыманых і некалькіх забітых падчас спэцапэрацыі яго адразу не выявілі.

Застаецца невядомым месцазнаходжаньне 26-гадовага Салаха Абдеслама, які, па дадзеных сьледзтва, прымаў удзел у тэрактах 13 лістапада, а затым схаваўся ў Бэльгіі. Яго памагатыя, 27-гадовы Махамэд Амры і 20-гадовы Хамза Ату, былі затрыманыя ў Бруселі.

Адшукваецца таксама Фабіян Клейн, грамадзянін Францыі з выспы Рэюньён. Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, апублікаваныя імёны чацьвярых людзей, якія ўчынілі тэракты ў Парыжы: 31-гадовы Браха Абдеслам, 20-гадовы Білялем Хадфі, 28-гадовы Самі Амімур і 29-гадовы Амар Ісмаіл Мостэфай.

У чацьвер Нацыянальны сход Францыі падоўжыў на тры месяцы надзвычайнае становішча ў краіне, якое ўвёў прэзыдэнт Франсуа Алянд пасьля тэрактаў у Парыжы 13 лістапада і тэрмін якога па законе складае 12 дзён.

Камісарыятамі прынятая спэцыяльная дырэктыва, згодна зь якой паліцыянты маюць права насіць зброю, не знаходзячыся на службе, і ўжываць яе ў выпадку тэрарыстычных нападаў, надзеўшы нарукаўную павязку паліцэйскага.


Выступаючы перад галасаваньнем у ніжняй палаце парлямэнта, прэм’ер-міністар Францыі Мануэль Вальс папярэдзіў пра магчымую пагрозу нападаў з ужываньнем хімічнай і біялягічнай зброі. Ён таксама заклікаў Эўразьвяз тэрмінова прыняць меры па ўвядзеньні практыкі абмену інфармацыяй аб авіяпасажырах.

XS
SM
MD
LG