Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадукты кашэр і халяль набываюць усё шырэйшую папулярнасьць. Больш таго, беларускія аграрныя прадпрыемствы пачалі іх выпускаць, прадаваць і прапаноўваць на замежныя рынкі. Чым адметная такая ежа і ў чым яе дыеталягічная рацыянальнасьць?

Іслам і халяль

«Халяль» літаральна азначае «законны» ці «дазволены». Характарыстыка халяль, дарэчы, тычыцца ня толькі ежы, але і астатніх аспэктаў жыцьця. Ўжываньне сьвініны ў ісламе забаронена і лічыцца грахом. Дарэчы, забаронена ня толькі сьвініна, але і мяса ўсіх платаядных (жывёлін, якія ядуць іншых жывёлаў). Мяса траваядных, такіх як авечкі, каровы, вярблюды, алені, козы, куры, качкі, гусі, трусы і г. д., дапускаецца пры ўмове, што жывёлу забіваюць у адпаведнасьці з правіламі ісламу.

Халяльная ежа ў Татарстане

Халяльная ежа ў Татарстане

Паводле правілаў халяль, прадукты, якія спажывае чалавек, павінны быць ад жывёлаў, якія гадаваліся ў спакоі і пашане. Жывёлы да таго ж павінны быць забітыя з мінімальнымі пакутамі. Разьнік падчас забойства чытае адпаведную малітву. Тая кроў, якая выцякае з жывёлы пасьля забою, забароненая. Але кроў, якая застаецца ў тушы, не забароненая. Юдэі ў гэтым сэнсе пайшлі далей: яны гэтую кроў выдаляюць шляхам засолу і далейшага вымочваньня. Алькаголь ў ісламе забаронены.

Юдаізм і кашэр

Габрэйскае слова «кашэрны» літаральна азначае «прыдатны» або «падыходзячы». Кашэрныя законы вызначаюць, якая ежа падыходзіць для спажываньня сапраўдным габрэям. Строга датрымліваецца правіла: малочныя і мясныя прадукты ня могуць спажывацца разам. Але ёсьць розныя меры гэтай строгасьці. Для габрэяў Галяндыі, напрыклад, забарона ўжываньня малака пасьля мяса доўжыцца на працягу адной гадзіны. Па іншых традыцыях забарона можа доўжыцца тры ці шэсьць гадзінаў. Але ёсьць і пэўныя трукі, якія спрашчаюць прыём ежы. Так, можна зьесьці мяса пасьля малака, калі добра прамыць рот або зьесьці нейкі прадукт паміж малаком і мясам.

Кашэрная ежа

Кашэрная ежа

Што тычыцца гатункаў мяса, то да спажываньня дазволеныя толькі тыя наземныя жывёлы, якія маюць расшчэпленыя капыты і жуюць жвачку (напрыклад, буйная рагатая жывёла і авечкі). Што тычыцца мяса птушкі, дык наступныя птушкі ня згадваюцца ў Торы, як «непадыходзячыя» і, такім чынам, зьяўляюцца кашэрнымі: куры, качкі, гусі, індык. Рыбы зьяўляюцца прыдатнымі, калі яны маюць луску. Так, напрыклад, можна есьці селядца, камбалу і карпа, але нельга вугра і асятра. Усе астатнія марскія прадукты да ўжываньня не дапускаюцца: нельга есьці сьлімакоў, ракаў, малюскаў, амараў, крэвэтак. Малако, малочныя прадукты, яйкі і ікра дапускаюцца, калі яны паходзяць ад дазволеных жывёлаў.
Як і ў ісламе, жывёла для ежы забіваецца ў адпаведнасьці з рытуальнымі прадпісаньнямі спэцыяльна падрыхтаваным разьніком, або «шохетам». Такое мяса мае лэйбл «кашэрнае». Дарэчы, адной з неабходных умоў для кашэрнай «шхіты» (забою жывёлы) зьяўляецца шхіта адным плаўным рухам нажа, які пераразае адначасова большую частку трахеі і вялікую частку стрававода. У некаторых краінах, напрыклад Швэйцарыі, Швэцыі, Даніі і Нідэрляндах шхіта забароненая законам аб абароне жывёл як негуманны мэтад забою.
Для малочных прадуктаў і мяса нельга ўжываць адзін і той жа посуд. Таксама нельга ўжываць адну і тую ж кухонную дошку для наразаньня, напрыклад, сыру і кілбасы. Алькаголь у юдаізме забаронены толькі калі ён не кашэрны. Вытворчасьць кашэрнага алькаголю асноўваецца на цэлым шэрагу складаных рытуалаў. Бутэлькі кашэрнага алькаголю маюць адпаведныя этыкеткі.

Мой беларускі погляд

Сыстэмы кашэр і халяль — даніна рэлігійным звычаям. Дыеталягічнага рацыяналізму у іх няма. Напрыклад, ці зьяўляецца разумным падзяленьне мяса і малака ў страваваньні? З пункту гледжаньня засвойваньня — не. Малочныя прадукты абсалютна нармальна засвойваюцца разам зь мясам.

Што датычыцца ўжываньня крыві жывёл. Беларусы ўжываюць кроў, якая выцекла, напрыклад, пры сьвежаваньні кабана — зь яе гатуюць крывянку, дадаюць у ліверку. Або ўзгадаем знаёмы зь дзяцінства гематаген. Ён таксама зроблены на аснове сухой крыві буйной жывёлы. Кроў жывёлаў падобная на нашу кроў. Яе спажываньне ў ежу павялічвае статус нашага ўласнага гемаглябіну (чырвонага пігмэнту) у крыві. Крывяная каўбаса і гематаген спрыяюць павышэньню статуса жалеза ў крыві. Зь іншага боку, спажываньне чырвонага мяса пажадана скараціць, бо патэнцыйныя непажаданыя наступствы пераважаюць над станоўчымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG