Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І як ня думаць пра яго, калі тваё прозьвішча — скарочаны варыянт ягонага?

Быў Распуцін, фаварыт царскага двара, і няма. Ёсьць Пуцін. А прывід Распуціна за сьпінай. Прывід двухзначны, падступны. Як непрыемная думка, якой цалкам ніколі не пазбыцца. Калі ты піцерскі, «ленінградзкі», Распуцін недзе ў падсьвядомасьці заўсёды. Сто гадоў хутка, як зь ім вырашылі праблему. Дата не абы якая.

А цяпер праблема вядомая: тэрарысты. Адна на ўсіх. І як прыемна прыціснуць абамаў і аляндаў, змусіць іх з табой лічыцца. Што вы безь мяне? У мяне на Паўночным Каўказе за апошнія пяць гадоў 875 сілавікоў забітых. Вам такое і ня сьнілася! Каб у сябе дома. Бандыты ў нас у галаве кругласутачна. І я заяўляю сёньня, а вы слухаеце: «Мы іх знойдзем у любой кропцы плянэты і пакараем!» І няхай балваны ў інтэрнэце ёрнічаюць: значыць, будзем будаваць сарціры? Каб «мачыць». Значыць, будзем, а як вы думалі?

А там, дзе Распуціна замачылі, цяпер музэй з муляжамі. Па-суседзтву кафэ «Распуцін». Любімыя стравы. Стараруская салянка, юшка з чырвонай і белай рыбы. Пяльмені ручной работы з ласосем і судаком у вяршках. Мяса па-страганаўску, дамашнія каўбаскі, сьвінінка а-ля рус. Вядомае месца. Непадалёк вучыўся на юрыста, каб стаць чэкістам. На Васілеўскім востраве, потым там, пры Сабчаку, кватэрку выкупіў у капітальным дарэвалюцыйным доме.

Ну, а Распуцін сам вінаваты, усіх дастаў. Сьвяшчэнны сынод паводзіны абмяркоўваў, і цару далажылі аб яго нэгатыўным уплыве на маральнасьць і здаровы стан грамадзтва. І япіскап Гермаген паклікаў да сябе на сядзібу, што на Васілеўскім была: і ўшчуваў яго, і выкрываў і ўперыў крыжам Распуціна, а той схапіўся загрудкі. Мужык быў здаровы, ніяк замачыць потым не маглі афіцэры.

Але хто скажа, што ня быў празарлівым, што ня меў мазгоў? Пакуль я жывы, сказаў, будуць жыць Раманавы. І так і здарылася дакладна. А прароцтвы? Нібы і верыць не выпадае ў такія рэчы, але – ну проста пра сёньняшні дзень гаварыў з пагрозаю «чалавек божы» Распуцін. Што пустыні будуць наступаць. І яны наступаюць сваімі людзьмі з шахідзкімі пасамі. І няхай цьмяна, але таксама быццам бы спраўджваецца: «божая кара», «горкая вада», «ядавітыя дажджы». І пачвара, «кабака» якую называў той, гэта можа быць «ісламская дзяржава» з пустыні той. «Кабака» прыпаўзе! – палохаў жанчынак, якія ляцелі да яго як мухі на мёд. Яна й паўзе, распуцінская кабака, і крыжам перыць яе — мартышкіны спробы.

І два князі з Захаду і Ўсходу, страшыў у Піцеры Распуцін, аспрэчваць будуць: хто ў сьвеце мацнейшы. І будзе ў іх бітва ў зямлі чатырох дэманаў (ці ня ў Сірыі?). І заходні князь пераможа свайго ўсходняга, але зьнясілены гэтым змаганьнем сам страціць жыцьцёвую моц.

Кананізаваны потым Яан Кранштадзкі, сьвятая душа, запытаўся, убачыўшы Распуціна: «Як тваё прозьвішча?» А пачуўшы, адказаў: «Глядзі, па тваім прозьвішчы і будзе табе». І быццам у ваду глядзеў, у падлёдную зімовую ваду. І калі забілі яго як нямецкага шпіёна (так лічылася), адзін з царскіх міністраў сказаў Мікалаю ІІ: у горадзе хваляваньні, «выкліканыя перасьледам за падзею, хаця фармальна і злачынную, але якая зьяўлялася выразам патрабаваньняў народнага сумленьня», маючы на ўвазе гвалтоўнае забойства Распуціна. А лічылася, што забілі як нямецкага шпіёна, што схіляў да падпісаньня міру зь Нямеччынай (што потым ажыцьцявілі бальшавікі) і выхаду Расеі з вайны.

А хіба ня меў рацыі? З германцам ваяваць заўсёды цяжка. Аддайце, гаварыў, Польшчу, аддайце Прыбалтыку, і захавайце Расею. Рускі сьвет уратуйце! Сучын сын няхай, хоць і свой. А прыўкрасная жанчына, душэўная Бічэўская Жана засьпявала пра яго, як пра сьвятую душу бяскрыўдную. Сьвятым мучанікам зрабіце, як цара! І як Алексі адказаў! Ні ў якім разе! На аўгусьцейшую фамілію будучых мучанікаў кідала цень сумнеўная маральнасьць і неразборлівасьць гэнага чалавека… «Рускія ідуць!» — сьпявае тады Бічэўская, а ў памяці ўсплывае «Rasputin — favourite of russian queen», на танцах некалі круцілі.

Цар з царыцай раіліся зь ім? Было. Ён жа адраіў не ўступаць у балканскую вайну, а кулакі сьвярбелі братушкам памагчы. І без вайны яшчэ два гады пражылі, 300-годзьдзе Раманавых шыкоўна адзначылі. Не без цара ў галаве быў Распуцін. А каб зараз зь ім параіцца яму, Пуціну? Што б сказаў, пра «кабаку»: як улазіць у Сірыю, па локці, ці з галавой? І што Распуцін сказаў бы, пачуўшы тваё прозьвішча? І калі руская мова ў так званай «ісламскай дзяржаве» на трэцім месцы (баевікоў там з Расеі мноства), то выходзіць што — таксама рускі сьвет сёньня? Накшталт Данбасу?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG