Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Націснулі кнопку на выжываньне», — сем’і з Магілёўшчыны распавядаюць пра свой дабрабыт


Свабода дасьледавала, як паўплываў эканамічны крызіс на даходы і расходы звычайных беларускіх сем’яў — індывідуальнага прадпрымальніка, настаўніцы, рабочага.

Паводле афіцыйных зьвестак, рэальныя грашовыя даходы беларусаў, якія застаюцца пасьля сплаты падаткаў ды іншых збораў, у студзені-верасьні 2015 году зьнізіліся на 5,4%. Па Магілёўскай вобласьці адпаведная лічба трохі вышэйшая — 6,6%.

Але суразмоўцы Свабоды з Магілёўшчыны кажуць, што іх матэрыяльнае становішча пагоршылася нашмат больш істотна. Прадстаўнікі розных сацыяльных групаў і прафэсіяў заяўляюць: даходы іхніх сем’яў зьменшыліся ў параўнаньні зь мінулым годам удвая.

Людзі перасталі будаваць, сямейны бюджэт мы праядаем

Супрацоўнік адной з магілёўскіх камэрцыйных арганізацыяў Аляксандар Н. прадае будаўнічыя матэрыялы. Гаворачы пра дабрабыт сваёй сям’і, зазначае: «уключаная кнопка на выжываньне». Аляксандар заўважае, што людзі ў параўнаньні зь мінулым годам сталі яшчэ меней набываць будаўнічыя матэрыялы, адпаведна, выручка ў яго значна паменела:

Людзі практычна перасталі будавацца. Увесь даход і сямейны бюджэт мы праядаем.

«Людзі практычна перасталі будавацца. Увесь даход і сямейны бюджэт мы праядаем».

Сям’я Аляксандра — жонка і шасьцігадовая дачка. Да нядаўняга часу жонка працавала прадаўцом. У яе і яго вышэйшая адукацыя. Скончылі машынабудаўнічы інстытут па спэцыяльнасьці «эканаміст».

«На мінулым тыдні жонку скарацілі, таму матэрыяльнае становішча яшчэ болей пагоршылася, — кажа Аляксандар. — Знайсьці працу па спэцыяльнасьці яна ня можа. Лепшае, што для яе ёсьць, — гэта зноў прадаўцом. Была адна вакансія, на якую яна прэтэндавала (на месца прадаўца з заробкам у тры мільёны дзьвесьце тысяч), дык разам зь ёй ахвотнікаў на гэтую працу было больш за сто чалавек».

Заробак у Аляксандра — пяць мільёнаў рублёў. Пэрспэктываў, што сытуацыя ў матэрыяльным пляне для ягонай сям’і палепшыцца, ён ня бачыць.

Псыхалягічна мы ня бачым сьвятла ў канцы тунэлю. На жаль, становіцца яшчэ горш ва ўсім.

«Псыхалягічна мы ня бачым сьвятла ў канцы тунэлю. На жаль, становіцца яшчэ горш ва ўсім. Мы стараемся наблізіць гэтую сьветлую будучыню, прыкладаем усе намаганьні дзеля гэтага, аднак нашы намаганьні не даюць плёну».

За год пабяднелі ўдвая

Сяргей К. працуе на прадпрыемстве, якое лічыцца на Магілёўшчыне гігантам прамысловасьці. Жонка таксама працуе. Сямейны бюджэт — каля васьмі мільёнаў. У сям’і адно непаўналетняе дзіця. На пытаньне пра дабрабыт Сяргей без ваганьняў заяўляе: «За год пабяднелі»

«Нават па працы гэта відаць. Працы няма. Заробак зьменшыўся ўдвая. Калі раней у нас зараблялі па дзесяць мільёнаў, то цяпер — ад трох з паловай да шасьці максымум»,— тлумачыць ён.

Што да жончынага заробку, дык там, заўважае суразмоўца, стабільныя чатыры мільёны, але ў даляравым эквіваленце заробак зьменшыўся.

«Ужо даўно даводзіцца эканоміць. У маёй жонкі радзіма на Гарадзеншчыне. Там жыве яе маці, дык раней мы бяз болю ў галаве маглі ўзяць і паехаць. Цяпер жа мы разумеем, што калі паедзем утрох, то давядзецца пакласьці «зубы на паліцу».

Пэрспэктываў паляпшэньня сытуацыі Сяргей ня бачыць:

«Прасьвету ня бачу. Як цяперашняе надвор’е: дождж і туман», — кажа ён.

У пераліку на даляры заробак настаўніцы ўпаў напалову

Настаўніца Жана К. з дваццацігадовым стажам гадуе двух дзяцей. Працуе ў вясковай школе. Вывучыла не аднаго пераможцу прадметных алімпіядаў. Пра даходы свае сям’і кажа, што яны істотна зьменшыліся. Памер свайго заробку суразмоўніца назваць адмовілася, але адзначыла:

Паабяцалі павысіць заробак, але пэрспэктывы такія, што калі вучань мой не займае прызавое месца на алімпіядзе, значыць, і настаўніку ня будуць плаціць.

«У два разы ў пераліку на даляры зьменшыўся. У мяне тры дарослыя чалавекі, і з кожным годам ставіцца цяжэй. Паабяцалі павысіць заробак, але пэрспэктывы такія, што калі вучань мой не займае прызавое месца на алімпіядзе, значыць, і настаўніку ня будуць плаціць. Калі раней плацілі за алімпіядніка цэлы год, дык цяпер, кажуць, толькі тры месяцы. Зразумела, што паляпшэньня ня бачу»,— кажа пэдагог.

Жанчына прызнаецца: не аднойчы ўжо пашкадавала, што пайшла ў настаўнікі. Продыху ад гэтай працы няма, стомлена заўважае саракапяцігадовая жанчына.

«Ужо даўно шкадую. Во прыйшла. Есьці згатавала — і зноў садзіся за ўрокі. У цябе няма нармальнага адпачынку. Нават у летні адпачынак думаеш: як будзе, што будзе. Кожны дзень чакай праверкі і зьмяненьня праграмаў. Падручнікі мяняюцца. Не пасьпееш да адных прыстасавацца, а заўтра ўжо другія».

Філёлягі ў школе наагул самыя пакрыўджаныя. Абяцалі — нават прэзыдэнт казаў — павялічыць колькасьць гадзін па беларускай мове, а сёлета ўзялі і зьменшылі.

«А філёлягі ў школе наагул самыя пакрыўджаныя, — дадае настаўніца. — Нягледзячы на тое, што абяцалі — нават прэзыдэнт казаў — павялічыць колькасьць гадзін па беларускай мове, а сёлета ўзялі і зьменшылі. Па замежнай мове тры гадзіны плюс факультатыў, а па беларускай мове і літаратуры ў дзясятай і адзінаццатай клясе — па адной гадзіне. Наагул засталося іх прыбраць».

Машыны рамантуюць меней, а на рытуальныя паслугі кліентаў хапае

Прадпрымальнік Леанід С. мае аўтарамонтную майстэрню і краму рытуальных паслугаў. Ён даўно на пэнсіі, але бізнэс кідаць не зьбіраецца. Пра памер сямейнага бюджэту гаварыць адмаўляецца. З парогу скардзіцца журналісту на дзяржаўныя кантрольныя органы: кажа што тыя рэгулярна вынаходзяць новыя спосабы вымаганьня грошай. Кожнаму заплаці — а дзе ж набрацца столькі грошай, абураецца Леанід:

Я не хачу сказаць, што мы нічога не зарабляем. Мы зарабляем грошы, але яны як прыходзяць — гэтак і сыходзяць.

«Гэта называецца вымаганьне грошай. Не, я не хачу сказаць, што мы нічога не зарабляем. Мы зарабляем грошы, але яны як прыходзяць — гэтак і сыходзяць», — тлумачыць Леанід.

«Хіба на тую пэнсію, якую плаціць мне мая краіна, можна жыць? У мяне сорак тры гады стажу, і мая краіна мне дае 2 мільёны 700 тысяч. На гэтыя грошы хіба можна годна жыць? А хочацца ж жыць дастойна, таму даводзіцца працаваць. Так, на хлеб цяпер хапае, але ня болей».

Жонка прадпрымальніка робіць у ягонай краме рытуальных паслугаў мастачкай. Леанід за яе плаціць усе неабходныя падаткі. Паводле яго, на рытуальныя паслугі кліентаў хапае. А што да рамонту машын, то кліентаў паменела, як і даходу ад аўтамайстэрні:

«Зьменшылася іх у некалькі разоў. Няма грошай у людзей. Няма! У многіх заробак два з паловай, тры мільёны. Як гэта жыць? Пра якое якаснае ўтрыманьне аўтамабіля можна гаварыць?» — кажа прадпрымальнік.

«Прасьветаў я ніякіх ня бачу. Хацелася б, каб сытуацыя мянялася, але для гэтага трэба, каб была воля нашага ўраду. Трэба мяняць законы, — выказвае думку ён. — А як па-іншаму? Аднак волі патрэбнай ва ўлады няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG