Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік турмы зь вяслом у руках


Сяргей Астраўцоў.

Сяргей Астраўцоў.

Горадня за польскім часам, іншы сьвет, далёкі і невядомы. З «буржуазным акцэнтам». Заслону прыўзьнімае гісторык Андрэй Чарнякевіч у кнізе «Памяць пра Гродна. Матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацей міжваеннага горада 1919-1939 гг.».

Для мяне яна каштоўная зьвесткамі пра беларускіх дзеячаў, але яны — асобная тэма, якой я чапаць зараз ня буду.

Калі раней пісалі пра даваенную Горадню, то пераважна — пра страйкі, арышты і суды. Што, канечне, было. Але існавала таксама іншае жыцьцё. У кавярнях частавалі паненак, любілі новыя спэктаклі, чыталі мясцовыя газэты, хадзілі на футбол.

Замест савецкага ДТСААФ у горадзе дзейнічаў камітэт пазыкі на супрацьпаветраную абарону. І асобна — ліга паветранай абароны, праводзіла вучэньні сярод цывільнага насельніцтва, таксама на выпадак газавай атакі. Была яшчэ «пазыка на авіяцыю», землеўласьнік Ян Біспінг ахвяраваў дзесяць тысяч марак. Меў трынаццаць дзяцей, ведаў шэсьць моваў. Вельмі калярытная асоба: яго судзілі за забойства (яшчэ ў царскі час — у 1913-м) князя Друцкага-Любецкага. Прысуд: чатыры гады катаржнай працы. Канфіскацыя маёмасьці. Вызвалены пад заклад ста тысяч рублёў (!). Польскі суд яго зноў пасадзіў (1926) за гэта, але ён быў непатапляльны, неўзабаве зноў апынуўся на свабодзе.

Андрэй Чарнякевіч

Андрэй Чарнякевіч

Судзьдзя Казімір Гедройць узначаліў камітэт пабудовы помніка пісьменьніцы Элізе Ажэшцы. Міжпрафсаюзны антыкамуністычны камітэт зьбіраў узносы на сваю дзейнасьць. А ў жаночай арганізацыі «Паліцэйская сям’я» абмяркоўвалі кулінарныя рэцэпты і патрыятычнае выхаваньне.

Прэзыдэнтам гораду ў 1930-33 гадах быў Маўрыцы О’Браен дэ Ласі. У І Сусьветную вайну ён камэндант санітарнага цягніка, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай Надзеяй, тады санітаркай. Яе бацькам быў князь Друцкі, генэрал. Яна займалася літаратурай (першая аповесьць «Перамога», 1920), пісала п’есы для радыёстанцый Вільні і Варшавы, дзе ў 1944-м удзельнічала ў паўстаньні. Пахаваная ў польскай сталіцы на праваслаўных могілках.

Або ўзяць начальніка турмы Мечыслава Кабылецкага. Быў у кіраўніцтве вясьлярскага клюбу «Нёман» і стырнавым байдаркі, якая стала першай на рачной дыстанцыі два кілямэтры. Зрабіў кар’еру: вось ён ужо начальнік турмы ў Любліне. І ў кабінэце нёманскае вясло ў кутку. Тым часам палкоўнік Ігнацы Баброўскі набыў байдаркі для клюбу і выдаў дачку за вядомага гісторыка Ядкоўскага. Іншы начальнік турмы, Грабоўскі, былы царскі афіцэр,

быў такі жорсткі адносна палітзьняволеных, што яго перавялі кіраваць значна меншай вязьніцай у Лідзе.

А Кавальскі Адам, які памёр пасьля вайны ў Эдынбургу? Заснаваў у Горадні «жаўнерскі унівэрсытэт», кіраваў вайсковым тэатрам, рэдагаваў часопіс «Рэдут», пазьней у Варшаве—газэты «Жолнеж польскі» і «Польска збройна». Паэтычныя зборнікі быццам піражкі выпякаў. Паэт з жаўнерскім гартам!

Разварот кнігі.

Разварот кнігі.

Цікавы пэрсанаж Гагман Барыс Карлавіч, «праваслаўны зь немцаў», палкоўнік, са шляхты. Касір камітэту пабудовы «царквы праваслаўных палякаў», якія сваё таварыства назвалі імем караля Стэфана Баторыя (!). Арыштаваны НКВД 11 кастрычніка 1939-га. Зыгмунт Гарбачэўскі, бургамістар пры немцах. Перашкаджаў Белнацкаму ўдзельнічаць у гарадзкой уладзе. Магчыма, быў арыштаваны НКВД у 1944-м, зазначае аўтар.

Багатай была даваенная Горадня на генэралаў, ня кажучы аб палкоўніках. Генэрал Яўген Гардзіеўскі (нарадзіўся ў Барані каля Оршы), камандзір гарадзенскай дывізіі. Брыгадны генэрал Ян Гажахоўскі. Камандаваў у Горадні жандармэрыяй, затым быў камэндантам Берасьця і Варшавы. Між іншым, муж пісьменьніцы Зоф’і Налкоўскай. Казалі, у іх ня ладзілася, яна была дэмакратычных поглядаў, а ён, калі шчыра, салдафон.

Генэрал Юзаф Альшына-Вільчынскі. Фатальны лёс. Расстраляны чырвонаармейцамі, калі выехаў з гораду ў напрамку Літвы, быў верасень 1939-га. Узялі ў палон і — адразу. Зьдзіўляе, між іншым, даволі незразумелы факт у ягонай службовай біяграфіі. Узначаліў вайсковую акругу ў Горадні толькі ў 1938-м, і адразу стаў ініцыятарам дэмантажу цэркаўкі Аляксандра Неўскага, якая была на цяперашнім пляцы Тызэнгаўза. Канечне, даволі абуральна, што паставілі пры цары мураўёўку паміж камяніцамі, збудаванымі пры каралі Тызэнгаўзам. Але якая справа генэралу, які толькі ў горадзе апынуўся? Ніхто яе не чапаў да яго. Ну і сапраўды, разабралі, пасьпелі да бальшавікоў.

Палкоўнік Браніслаў Адамовіч камандаваў палком у Літоўска-беларускай дывізіі, быў камэндантам гораду, у адстаўцы ўзначаліў заапарк. Пазьней зноў са зброяй у руках — у арміі Андэрса на італьянскім тэатры ваенных дзеяньняў. Яшчэ адзін палкоўнік — Браніслаў Багатырэвіч камандаваў Літоўска-беларускімі дывізіямі, іх было дзьве, у штабе быў так званай «Сярэдзіннай Літвы». Вядомы тым, што яго расстралялі ў Катыні.

Брыгадны генэрал Леапольд Акуліцкі (у Горадні ў 1925-30 гг.). Прозьвішча вельмі вядомае. Апошні галоўны камэндант Арміі Краёвай, расстраляны на Лубянцы. Болей пашанцавала брыгаднаму генэралу Кардыяну Юзафу Заморскаму, той памёр у Лёндане. Вядомы стаў у 1925 годзе, падпісаўшы пратэст гарадзенскіх мастакоў, якія крытыкавалі тое, як перабудоўвалі

праваслаўны сабор (зроблены пры цары) назад у касьцёл. Ён атрымаўся вельмі цікавы, але — гатычны, якім ня мог быць пачаткова.

Вядомы генэрал Станіслаў Мачэк як удзельнік сьвята ў Горадні з нагоды ўгодкаў Стэфана Баторыя, у вайну камандуючы польскай танкавай дывізіяй, што наступала праз Ардэны. Памёр у Эдынбургу.

Мноства ў кнізе людзей іншых прафэсій: актораў, футбалістаў, дактароў, сьвятароў. Актор і рэжысёр Казімір Апалінскі браў у арэнду на два сэзоны гарадзкі тэатар, зарабляў грошы. Між іншым, здымаўся ў кіно. Шмерэл Бадылькес выкладаў на курсах габрэйскай мовы для паліцыянтаў. А ці былі такія курсы беларускія — пытаньне! Дзесь вылавіў гісторык Вацлава Баера, навукоўца з Варшаўскага унівэрсытэту, які чамусьці апынуўся пры канцы 1930-х у Горадні, дык вось: яго вылучалі на Нобэлеўскую прэмію!

Узгадаем і аднаго спартоўца: Вітольд Герута быў пачынальнікам гарадзенскага баскетболу. Дзевяціразовы чэмпіён Польшчы, срэбны мэдаліст чэмпіянату Эўропы, пасьля вайны ўдзельнік Алімпійскіх гульняў.

Вядомы пасьляваенны гісторык Павел Ясеніца (сапраўднае імя Леон Бэйнэр) таксама жыў у Горадні, у гімназіі імя Генрыка Сянкевіча выкладаў. А ўзяць Георгія Саветава, Саву (Sowetow Georg), япіскапа гарадзенскага. У вайну брыгадны генэрал, палявы праваслаўны капэлян польскіх збройных сілаў на Захадзе, памёр у Лёндане.

Андрэй Чарнякевіч нават знайшоў гарадзенскага Гітлера, якога звалі Шэвель (Gitler Szewel). Стаў вядомы сьмелым учынкам: у гарадзкой радзе прапанаваў сымбалічна пакараць на адзін злоты кіраўніцтва гандлёвай школы пры «польскай мацежы школьнай» за ўлётку свайго настаўніка, у якой сьцьвярджалася, што створана школа «для барацьбы з габрэйскім гандлем». Рада яго падтрымала большасьцю галасоў. Было гэта ў 1928-м.

У кнізе больш за тысячу імёнаў. Але трэба спыніцца, усіх не ўзгадаеш. На кім? Ну вось хаця б на Станіславе Іваноўскім, браце вядомага беларускага дзеяча Вацлава Іваноўскага. Станіслаў Іваноўскі быў камісарам польскага ўраду на Гарадзеншчыне (1918-1919), жыў на вуліцы Тэлеграфнай: гэта насупраць маіх вокнаў — на другім баку вуліцы.

XS
SM
MD
LG