Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шасьцідзённы тур каштуе 2 750 эўра.

Суполка на Facebook крэатыўна запрашае турыстаў у адну з самых закрытых краінаў у сьвеце.

Ці то жартам, ці то сур’ёзна яна публікуе каляжы, на якіх па Менску «разьвешаныя» рэклямныя плякаты з надпісам «Добро пожаловать в КНДР».

Суполка публікуе інфармацыю пра Беларусь і КНДР — параўноўвае правілы фатаграфаваньня вайскоўцаў, вайсковых аб’ектаў і помнікаў правадырам. Альбо проста параўноўвае трыюмфальныя аркі ў Парыжы і Пхэньяне, называючы першую «жалю вартай падробкай». Як распавёў Свабодзе адміністратар суполкі Кім У До, яна вядзецца з КНДР і не зьвязаная зь Беларусьсю наўпрост.

Арганізацыяй тураў у Паўночную Карэю займаецца беларускі партнэр — кампанія Merlintour.

У Merlintour Свабодзе падрабязна распавялі пра паездку. Па словах прадстаўніка кампаніі, тур аднаразовы, рэгулярныя туры пакуль не заплянаваныя. Паездка мае адбыцца ў траўні 2016 году, цана з чалавека за 6 дзён і 4 ночы — 2750 эўра.

Да Паўночнай Карэі прапануецца прамы самалёт зь Менску з дазапраўкай у Новасыбірску. Ляцець давядзецца 10 з паловай гадзін на Ту-154 кампаніі «Белавія», «адзіным самалёце, здольным на такія доўгія пералёты». Пражываньне — у чатырохзоркавым гатэлі Koryo, «найлепшым на сёньняшні дзень у Пхэньяне». У Карэі турыстаў правядуць па сталіцы, пакажуць помнік Узьяднаньню Карэі, вежу ідэалёгіі Чучхэ, Дом народнай асьветы і сталічнае мэтро, напояць півам з уласнай браварні пры гатэлі, прывязуць на дэмілітарызаваную зону на мяжы дзьвюх Карэяў, правядуць па музэі дынастыі Кар’ё з будынкамі часоў Канфуцыя і Музэі вызваленьня Айчыны з захопленым амэрыканскім шпіёнскім караблём, пры жаданьні завядуць у будысцкі манастыр і на выставу Міжнароднай дружбы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG