Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы зьяжджаюць з Расеі... з-за расейскай мовы


Мігранты здаюць іспыт па расейскай мове, гісторыі і заканадаўстве Расейскай Фэдэрацыі ва Ўнівэрсытэце дружбы народаў Расеі

Мігранты здаюць іспыт па расейскай мове, гісторыі і заканадаўстве Расейскай Фэдэрацыі ва Ўнівэрсытэце дружбы народаў Расеі

Ад 1 студзеня 2015 году ў Расеі ўступіла ў сілу норма заканадаўства, якая абавязвае здаваць іспыты на веданьне расейскай мовы, гісторыі і культуры. У прыватнасьці, замежнікам, якія жадаюць атрымаць від на жыхарства або расейскае грамадзянства, неабходна прайсьці тэставаньне.

У пераліку іншаземцаў аказаліся і беларусы — нягледзячы на дэкляраваную роўнасьць у межах так званай саюзнай дзяржавы. З гэтай прычыны беларусы ўсё часьцей крыўдуюць, што правы расейцаў і беларусаў перасталі быць роўнымі.

Як піша калінінградзкае выданьне «Янтарный остров», у рэгіёне пражывае адна з самых шматлікіх беларускіх дыяспараў у Расеі. Кожны дзясяты жыхар анкляву — этнічны беларус. Але ў апошні час беларусы зьмяняюць пляны і вяртаюцца на радзіму. У тым ліку з-за патрабаваньняў, якімі абкладаюцца прадстаўнікі іншых нацыяў і народнасьцяў.

Кіраўніцтва рэгіянальнага ўпраўленьня міграцыйнай службы нават зьвярталася ў фэдэральны цэнтар з прапановай скасаваць іспыты для грамадзянаў краіны, дзе расейская мова зьяўляецца другой дзяржаўнай, але бясплённа.

На дыскрымінацыю наракаюць і прадстаўнікі беларускай дыпмісіі ў Калінінградзе.

«Законапраект, які ўвёў абавязковую здачу экзамэнаў, стаў для нас поўнай нечаканасьцю», — заявіў кіраўнік мясцовага аддзяленьня амбасады Рэспублікі Беларусь Васіль Гарбаценка.

Пры гэтым чыноўнік прывёў красамоўны прыклад: з Калінінградзкай вобласьці зьехала сям’я лекараў — у тым ліку з-за неабходнасьці здаваць іспыты. «Не зусім зразумела, навошта нашым грамадзянам даказваць, што яны ведаюць расейскую мову», — сказаў Васіль Гарбаценка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG