Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аварыйнае шчасьце


Алена і Андрэй Жаўновы
Алена і Андрэй Жаўновы

Гісторыя дружнай сям’і інвалідаў зь вёскі Жгунь Добрускага раёну.

Андрэй і Алена, маладая пара зь вёскі Жгунь Добрускага раёну, сышліся сем гадоў таму. Ён — даглядчык жывёлы ў аграгарадку «Жгунскае», яна — санітарка з прыгараднай вёскі пад Гомелем. Цяпер ім крыху больш за трыццаць. Абое маюць праблемы са здароўем: Андрэй — інвалід зь дзяцінства, Алена хоць афіцыйна і не інвалід, але мае праблемы з нагамі. Самотныя па жыцьці, яны пацягнуліся адно да аднаго, пабраліся шлюбам, нарадзілі дваіх хлапчукоў — Ягора і Данілку.

У Алены бацькоў даўно няма, а ў Андрэя ў Жгуні — маці, айчым, сястра.

Маладая пара пачала віць сваё сямейнае гняздо на вуліцы Рабочай, у старэнькай дзедаўскай хаціне, адпісанай Андрэю. Завялі гаспадарку — парсюкоў, качак, коз, прыдбалі коніка. Заробкі ў саўгасе ня надта што, а жыць абы-як маладым не хацелася. Шмат хто з аднавяскоўцаў нават парадаваўся за маладую сям’ю: бач, інваліды, а працы не цураюцца, не лайдачаць, як многія здаровыя вясковыя дзецюкі ды дзеўкі. Спрабавала маладая пара і хату дзедаўскую падлатаць — перакрылі найперш дах новым шыфэрам, каб на галаву ня капала.

Дзедаўская хата на вуліцы Рабочай
Дзедаўская хата на вуліцы Рабочай

Шашаль, каханьне і выпрабаваньне

Празь дзедаўскую хатку, спарахнелую, зьедзеную шашалем, у маладой сям’і і пачаліся выпрабаваньні.

Андрэй: «Хата гэтая — дараваная дзедам. Калі яе зачапіць, сьцены паедуць. Хаце гэтай капут. Я перааформіў яе на маці, каб атрымаць жытло. Мінула пяць гадоў, але нічога не чуваць. Мяне рэальна зьнялі з чаргі. Я нават звальняўся з саўгасу. Вярнуўся назад і зноў працую дзясятак гадоў. На чаргу мяне паставілі толькі ў 2013 годзе».

Алена дапаўняе мужа: «Мы дабіваліся хоць якога дамка. Вакол шмат каму даюць, нам — не. Калі я нарадзіла сына, мы пачалі жыць тут. Правялі ваду, грубкі падправілі. Я дабілася, каб газ быў, балёны прывозілі. Але прыяжджае камісія і заяўляе: ваду вам нельга, грубкі ледзьве ліпяць, балёны з газам нельга сюды вазіць. Кажу: „Дык дапамажыце нам, каб хоць якое жытло далі!“ У адказ — разводзяць рукамі».

Тынкоўка абвальваецца
Тынкоўка абвальваецца

Аглядная камісія Жгунскага сельсавету яшчэ два гады таму пачала прад’яўляць маладым гаспадарам прэтэнзіі наконт дзедаўскай хаты: жыць у ёй небясьпечна — рухне на галаву. Міналі месяцы, а ў жыцьці маладой сям’і нічога не мянялася. Бо паводле беларускага заканадаўства калі ты пазбавіўся свайго жытла — прадаў, адпісаў — ты ня маеш права цягам пяці гадоў стаць у чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. І ня важна, што ў цябе было за жытло — асабняк ці аварыйная хатка-развалюха.

Камісія за камісіяй

Сёлета пад восень да Жаўновых зноў зачасьцілі камісіі з прэтэнзіямі:

Інтэр'ер хаты
Інтэр'ер хаты

«Камісія адна, другая, трэцяя. З Добруша прыяжджалі. Але ж ніхто нічога не дапамагае. Раяць: «Вам лепей у чаргу стаць ды кватэру будаваць». Кажу: «Выбачайце, але ж дзе грошы ўзяць? Грошай няма. Андрэй атрымлівае летам тры мільёны ці тры з капейкамі, узімку — паўтара-два. Я ў дэкрэтным адпачынку». Яны: «Ну, ня ведаем». Потым прыяжджаюць усе разам — санстанцыя, пажарнікі. У мяне гістэрыка, мяне забіраюць зь дзецьмі ў шпіталь. Калі ляжала ў шпіталі, мне раілі ісьці да старшыні райвыканкаму Мохаравай. Я хацела схадзіць, але ня трапіла. Калі выпісвалася, тэлефануе міліцыянт: трэба прыйсьці ў паліклініку, прайсьці нейкую камісію. Паехала. Там мне тлумачаць: у вас такая сытуацыя з жытлом, вы такія бацькі, дык будзем глядзець, можаце вы выхоўваць дзяцей ці не. Кажу: «Дык пры чым тут хата да дзяцей?» Яны там: камісія, маўляў, праверыць, і паглядзім, што рабіць далей — забіраць дзяцей ці не. Пытаюся: «Па якому праву?» — «Вам няма дзе жыць, у вас аварыйная сытуацыя». Зноў прашу патлумачыць: «Дык пры чым тут мае дзеці? Мне лекары дазволілі нараджаць, я нарадзіла. Дзяцей выхоўваю — ня п’яніца, не алкашка». Тлумачаць: «Вам няма дзе жыць. Калі вас не забярэ сьвякроў, то мы забяром у прытулак дзяцей».

Столь на кухні гатовая абваліцца
Столь на кухні гатовая абваліцца

Канечне, сьвякроў Галіна Жаўнова паклікала сям’ю сына да сябе, каб улады, крый Божа, не забралі ўнукаў у прытулак. У Жгуні ў Галіны Мікалаеўны палова панэльнага доміка на вуліцы Мазырскай, атрыманага некалі ад таго ж саўгасу. Яна на пэнсіі, жыве тут з мужам, айчымам Андрэя. Пад дахам таксама дачка са сваёй сям’ёй ды зарэгістраваная яшчэ адна дачка, якая ў ад’езьдзе ў Гомелі. У такой сытуацыі Андрэй з Аленай кідаюцца па некалькі разоў на дзень ад кватэры маці да сваёй развалюхі на Рабочай, бо і дзяцей трэба дагледзець — старэйшага сына ў садзік адвесьці і забраць адгэтуль, і з гаспадаркай управіцца, безь якой маладой сям’і ў вёсцы ніяк ня выжыць. У Андрэя да таго ж яшчэ й праца на саўгаснай фэрме — там ён даглядчыкам жывёлы.

Чарга як паратунак

У сельскім савеце, які ініцыяваў агляд умоваў жыцьця сям’і Жаўновых, апавядаюць, што ім прапаноўвалі з падменнага фонду на выбар двухпакаёвую кватэру і хату. Аднак Жаўновы нібыта адмовіліся, бо ў ніводным з двух варыянтаў не было дзе трымаць жывёлу. А без уласнай гаспадаркі жыць складана.

У гаспадарцы - ад качак да каня
У гаспадарцы - ад качак да каня

«Яны стаяць на чарзе ў ААТ „Жгунскае“. Але паколькі будаўніцтва тут не вядзецца, пытаньне з жыльлём для іх прыпынена. Калі пабудуюць, яны атрымаюць жыльлё», — тлумачаць у сельскім савеце.

Дырэктар гаспадаркі Ўладзімер Жытнікаў таксама ў курсе жыльлёвых умоваў саўгаснага даглядчыка жывёлы:

«Што ж я, ня ведаю, якая гэта сям’я? Ведаю. Мы займаемся гэтым — зразумейце мяне правільна. Заказалі на гаспадарку васьмікватэрны дом».

Будзе такі дом ці не, з пэўнасьцю сказаць жгунскія кіраўнікі не бяруцца. На будоўлю патрэбныя сродкі, якіх гаспадарка ня мае. А ў бюджэце патрэбаў і без васьмікватэрніка ў Жгуні хоць адбаўляй.

Сабака ў Андрэя ня злосны, але напалохаць гатовы любога
Сабака ў Андрэя ня злосны, але напалохаць гатовы любога

Хачу быць мамай

Маладая сям’я інвалідаў наадрэз адмаўляе, што ёй празь сельсавет нешта прапаноўвалі.

«Дом нам не прапаноўвалі, кватэру не прапаноўвалі. Гэта няпраўда. Чуткі былі, што, магчыма, нешта дадуць. Людзі так казалі, бо ўся вёска за нас. А ў рэальнасьці: грошай няма, жытла няма. Стойце на чарзе. Вось калі б у вас было трое дзяцей, то, можа, што-небудзь і атрымалася б. Я кажу камісіі: „Куды мне трое дзяцей, калі я й з двума жыву ў такой халупе, што ў мяне іх адбіраюць“. Такое адчуваньне, што я п’яніца, што мы з Андрэем алкашы», — адчайваецца маладая маці.

Аварыйнае шчасьце: гісторыя дружнай сям’і інвалідаў зь вёскі Жгунь Добрускага раёну
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00

Алена, як больш энэргічная і дзейная асоба ў сям’і, кажа, што ня ведае, як і з кім змагацца:

«У гэтай халупе жыць немагчыма. У мамы Андрэя — тры сям’і цяпер жыве. Разумееце? Я хачу жыць асобна, бо ў мяне свая сям’я. Я хачу асобна спаць, есьці, дзяцей выхоўваць. Канечне, мне дапамога патрэбная — бацькоў сваіх у мяне ўжо няма. Дапамога мне патрэбная. Але за што ў мяне дзяцей імкнуцца забраць? За тое, што я сем гадоў у гэтай халупе жыву? Ніхто ж рэальна не дапамагае, а дзяцей у мяне бягом адбіраюць. Кажу, што я не для дзяржавы іх нараджала, а для сябе. Я мамай хачу быць! Хачу, каб каля мяне дзеткі бегалі. Хачу іх пасьля ажаніць. Я што іх — для дзяржавы нараджала? Я іх нараджала для сябе».

Больш за ўсё маладую маці дратуе сытуацыя, калі, з аднаго боку, улады хочуць забраць дзяцей у прытулак з-за аварыйнага жытла, а зь іншага — не жадаюць прызнаваць дзедаўскую хату мужа аварыйнай:

«Мне ў БТІ сказалі, што аварыйнасьць хаты нават на пяцьдзясят адсоткаў не пацьвердзяць. Пытаюся: «Чаму?». Адказваюць: «У вас грубкі ёсьць? Ёсьць. Падлога ёсьць? Ёсьць. Вокны ёсьць? Ёсьць. Ну дык чаго вы хочаце? Выкінеце толькі грошы на даведку, а шэсьцьдзесят адсоткаў аварыйнасьці ніяк не дадзім. Калі шэсьцьдзесят адсоткаў аварыйнасьці, то хату трэба адпраўляць пад знос, а вам што-небудзь даваць на замену».

Ніякіх станоўчых зьменаў у працавітай маладой сям’і бліжэйшым часам не прадбачыцца. Ціхая, спакойная, яна змагаецца за сябе як толькі можа. І ў гэтым змаганьні дзяржава са сваімі аграгарадкамі стаіць пакуль убаку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG