Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 19 лістапада: Выстава пра разбурэньне і аднаўленьне Варшавы; новая кніга пра бітву на Нямізе


Варшава. Старэ Място.
Варшава. Старэ Място.

Афіша:

Менск. У Гарадзкой мастацкай галерэі Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10) адбудзецца адкрыцьцё гістарычнай выставы «Як Фэнікс з попелу. Разбурэньне і аднаўленьне Варшавы 1939-1955». Гэты праект прысьвечаны 70-й гадавіне Другой сусьветнай вайны, 70-й гадавіне вызваленьня Варшавы і 35-годзьдзю ўнясеньня рэканструкцыі «Старога гораду» Варшавы ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Выстава арганізаваная сумесна з Домам сустрэч з гісторыяй (Варшава) і Польскім Інстытутам у Менску. Пачатак а 17.00.

Горадня. У галерэі «Крыга» (вул. Савецкая, 3) адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Мікалая Плавінскага «Бітва на Нямізе. 3 сакавіка 1067 году». Пачатак а 18.00.

У гісторыі:

1190 — быў заснаваны Тэўтонскі ордэн.

1493 — экспэдыцыя Хрыстафора Калюмба адкрыла выспу Пуэрта-Рыка.

1784 — нарадзіўся Міхал Баброўскі, славіст і ўсходазнавец, філёзаф, уніяцкі сьвятар, які спрыяў узьнікненьню беларусазнаўства, першы беларускі скарыназнаўца, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту.

1942 — савецкія войскі пачалі контрнаступ пад Сталінградам.

1982 — каманда «Дынама» (Менск) стала чэмпіёнам СССР па футболе.

1992 — Беларусь устанавіла дыпляматычныя адносіны з Малдовай.

У памяці:

1557 — памерла Бона Сфорца, польская каралева і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта І Старога. Бона Сфорца шмат зрабіла для разьвіцьця беларускіх земляў і дзеля збліжэньня Беларусі з Заходняй Эўропай. З ініцыятывы каралевы Боны была праведзеная вялікая аграрная рэформа.

1640 — памёр Крыштаф Радзівіл, грамадзкі і дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай.

2007 — памёр Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, у 1982-1997 гадах старшыня Рады БНР.

2008 — памёр Алег Лойка, беларускі паэт, пісьменьнік і літаратуразнаўца, прафэсар

Цытата:

«Мне заўсёды чагось не стае,

Штосьці вабіць, кудысьці цягне —

Знаць, як кожная птушка пяе,

Знаць, як кожная кветка пахне;

Знаць, аб чым стане бор шумець,

Што зашэпча ветразь крылаты,

Сэрца кожнае разумець,

Кожны клопат кожнае хаты;

Знаць, якім будзе заўтра дзень,

I якой за сталом бяседа,

I якім будзе лёс людзей

Год праз трыста, мне рупіць ведаць!..

А пакуль мне чагось не стае,

Штосьці вабіць, кудысьці цягне —

Небасхіл жаўрукамі пяе,

Падарожным дымам пахне.

Сэрцы б’юцца ў грудзях людзей,

За сталамі цякуць бяседы,

I зямля пад намі гудзе, —

Мне спакою на сьвеце ня ведаць!..»

Алег Лойка, «Мне спакою на сьвеце ня ведаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG