Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Пэтэр Дэтмар: ЭЗ гатовы закрыць вочы на падзеі ў Беларусі папярэдніх гадоў


Пэтэр Дэтмар, архіўнае фота

Пэтэр Дэтмар, архіўнае фота

Амбасадары Нямеччыны — Пэтэр Дэтмар і Вялікай Брытаніі — Брус Бакнэл выказаліся пра дачыненьні Беларусі і ЭЗ пасьля прыпыненьня санкцыяў.

Амбасадары ўзялі ўдзел у канфэрэнцыі «Выхад на новыя рынкі», якая 18 лістапада праходзіць у рамках Сусьветнага тыдня прадпрымальніцтва.

Паводле амбасадара Нямеччыны ў Беларусі Пэтэра Дэтмара, прыпыняючы санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў і шэрагу прадпрыемстваў, Эўразьвяз паказвае, што гатовы пачаць будаваць адносіны зь Беларусьсю з чыстага аркуша, перадае БелаПАН.

Дыплямат лічыць, што эканамічныя праблемы Беларусі апошніх гадоў у большай ступені зьвязаныя з палітычнымі рашэньнямі, якія прымаюцца ў краіне, чым зь дзеяньнем эўрапейскіх санкцыяў.

«Прыпыненьне санкцыяў ЭЗ — гэта адказ на тое, што адбывалася ў вашай краіне апошнім часам. І гэтым жэстам мы запрашаем вас пачаць адносіны з нуля, з чыстага аркуша. Спадзяюся, мы зможам пабудаваць паўнавартасны дыялёг», — заявіў пасол.

Паводле нямецкага амбасадара, прыпыненьне санкцыяў — відавочны сыгнал пра тое, што ЭЗ «гатовы заплюшчыць вочы на падзеі ў Беларусі папярэдніх гадоў і гатовы аддаваць увагу таму, што можа быць у будучыні».

Прысутны на канфэрэнцыі пасол Вялікай Брытаніі Брус Бакнэл удакладніў, што ЭЗ уводзіў санкцыі ня супраць Беларусі як дзяржавы, а супраць пэўных асобаў.

«Прыпыненьне санкцыяў прывяло да таго, што палітычныя рызыкі пры інвэставаньні ў Беларусь і вядзеньні тут бізнэсу зьнізіліся. Але санкцыі ў дачыненьні да Беларусі не былі вялікай перашкодай для разьвіцьця бізнэсу, яны не параўнальныя з тымі санкцыямі, якія былі ўведзеныя супраць Расейскай Фэдэрацыі», — адзначыў дыплямат, падкрэсьліўшы, што мае на ўвазе і санкцыі супраць расейскіх банкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG