Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Анатоль Івашчанка


Анатоль Івашчанка.
Анатоль Івашчанка.

Анатоль Івашчанка нарадзіўся ў 1981 у Менску. Скончыў філфак БДУ, асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі. Ад 2003 і да высяленьня арганізацыі з Дому літаратара працаваў у Саюзе беларускіх пісьменьнікаў (кіраўнік справаў). Шэсьць гадоў выкладаў беларускую мову ў БНТУ. Цяпер адказны сакратар часопіса «Дзеяслоў». Фіналіст конкурсу Беларускага ПЭН-цэнтру імя Натальлі Арсеньневай (2003), ляўрэат прэміі «Залатая літара» (2005). Аўтар кніг: «Вершnick», «Паэтыка Алеся Разанава: між мэдытацыяй і рацыяй», «Хай так». Жанаты. Мае трох дзяцей.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Відаць, той/тая, хто прачытаўшы мяне, захоча разам выпіць келіх ці куфаль. Альбо проста паціснуць руку.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Увосень — раньнім ранкам ці позьнім вечарам.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

У дзяцінстве вельмі хацелася быць аўтарам сэрыі Гары Гарысана пра прыгоды Сталёвага Пацука. Цяпер ня бачу сэнсу ў такім фантазіраваньні. Ніякай.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Арасіо Алівэйра.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Для выпускніка філфаку пытаньне каверзнае. Іх шмат. І яшчэ больш — тых, каго хочацца спакойна перачытаць. З паэтаў — творчыя палюсы Разанаў і Някляеў. З бэлетрыстаў — Акунін (прачытаў, здаецца, усе яго кнігі). Акутагава. Борхес. Гарэцкі. Гросман. Картасар. Кундэра. Місіма. Набокаў. Уліцкая. Відаць, ёсьць яшчэ.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Як заўсёды, паралельна чытаю/слухаю некалькіх аўтараў. Нядаўна прыяцель падсунуў рускага празаіка Ўладзіміра Арлова. А беларускага Ўладзімера Арлова скончыў чытаць літаральна на днях (выпаў гонар быць адным зь першых чытачоў яго новае аповесьці). Слухаю на кухні (падчас мыцьця посуду) «Мэтро 2033» Андрэя Буторына. Малым на ноч чаргую Шэіна і Роўлінг.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На польскай і ўкраінскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

На сёньняшні момант — адна празаічная. Напісаная, але покуль ня выдадзеная.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Прыгодніцкі раман пра адну таемную арганізацыю.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі крочу са сьпінінгам па беразе рэчкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG