Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута напісаў нататку пад неверагодна спакусьлівай назвай «Што вы хацелі яшчэ ведаць аб адзінстве беларускай апазыцыі?»

Далібог, ніколі б не зазірнуў пад такі загаловак, але, як на бяду, нататка прысьвечаная мне. Прачытаў – пашкадаваў. Не таму нават, што нічога, а пагатоў яшчэ, не хачу ведаць пра адзінства апазыцыі, пра яе бялізну, унутраныя разборкі і крыніцы фінансаваньня (усё гэта, як і адзінства, у маім разуменьні, рэчы не галоўныя), а таму, што аўтар так і не адказаў на маё наіўнае пытаньне – хто ўрэшце паставіў крыж на ідэі вылучэньня адзіным кандыдатам палітвязьня Мікалая Статкевіча.

Па вялікім рахунку, і пытаўся я пра гэта эпізадычна і для гісторыі. Галоўнае, што мяне цікавіла, калі хочаце, эстэтыка – як можна было кампанію 2015 правесьці прыгожа. У чыста эстэтычным пляне нататка спадара Фядуты адказвае – ніяк. І нагадвае мне анэкдот пра Брэжнева ў мастацкім музэі. – А гэта, Леанід Ільліч, Врубель. – В рубель? Чаму такая дзяшоўка?

Ідэя вылучэньня Статкевіча адзіным кандыдатам была прыгожая і простая, зразумелая кожнаму. Наш кандыдат у турме, а той, хто яго за гэта пасадзіў – на волі. Зразумелая прыгажосьць нараджае ядзерную матывацыю, і не патрабуе ўліваньня ні з крамлёўскага, ні з супрацьлеглага «абкомаў». Эстэтыка заўсёды перамагае, таму што яна ёсьць у прыродзе, а ў палітыцы можа быць, а можа й ня быць. Любоў да жыцьця, да Радзімы, да гульні, урэшце, бескарысьлівая і шматкроць мацнейшая за любога Лукашэнку. Гэта каласальны рэсурс, які, праўда, адразу высьлізгвае з рук, як толькі пачынаюць канвэртаваць яго ў грошы, партыйныя разборкі і крывыя погляды Вазьняка на Лябедзьку, а Лябедзькі на Някляева. Врубель ператвараецца «в рубель».

Лукашэнкава ўлада ад пачатку была і ёсьць алегарычнай, як ў п’есе пра Клеменса. А група таварышаў працягвае настойваць на грантах, якімі нібыта можна гэтую алегорыю перамагчы. Разумею, што ўсім трэба за нешта жыць, прафэсійным палітыкам таксама. І на здароўе, калі ім гэта ўдаецца. Толькі нашто тады казаць пра перамогу над рэжымам? Займайцеся паліттэхналягічнай дыфузіяй, укараняйцеся ў структуры ўлады, відазьмяняйце яе знутры. Так прынамсі будзе сумленна. Але ж каб перамагчы алегорыю, патрэбная іншая алегорыя. І літасьцівы лёс проста ў рукі нашым актывістам паслаў яе – кандыдата за кратамі. А яны селі разважаць, які абком пад яго дасьць. І ўсё далей выйшла, як выйшла.

Перагледзеўшы Фядутавы стэнаграмы грашовых чаканьняў і крывых позіркаў, у якіх абяцаны быў адказ на маё эпізадычнае і больш для гісторыі пытаньне, адказу я так і не знайшоў. Дакладней, пытаньне падалося мне цяпер і для гісторыі зусім няважным. Таму з радасьцю здымаю яго, як шалупіньне з цыбуліны.

Застаецца, у сваю чаргу, адказаць на пытаньне Аляксандра Фядуты: «Вы сапраўды гэтага ня ведалі?» Ня ведаў. Прызнацца, гэта зусім ня тыя веды, якія памнажаюць разумовае здароўе і пазытыўнае ўспрыманьне жыцьця.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG