Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск прываблівае Нікаліча «Алебардай»


Прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч

Прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч

18 лістапада ў Менск прылятае прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч. Гэта — першы афіцыйны візыт кіраўніка замежнай дзяржавы ў Беларусь пасьля чарговага абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам.

Асноўныя мерапрыемствы з удзелам спадара Нікаліча пройдуць 19–20 лістапада.

Паводле прэсавай службы кіраўніка Беларусі, Аляксандар Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч правядуць перамовы ў вузкім і пашыраным складзе і падпішуць супольную заяву. Плянуецца, што яны наведаюць будаўнічую пляцоўку экспэрымэнтальнага шматфункцыянальнага комплексу «Менск-Сьвет», дзе возьмуць удзел у цырымоніі закладкі памятнай капсулы, якая сымбалізуе пачатак будоўлі.

У праграме візыту таксама наведваньне кіраўніком Сэрбіі Менскага трактарнага заводу і Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У гэтыя дні ў Сэрбіі з трохдзённым афіцыйным візытам знаходзіцца міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Прэсавая служба міністэрства з гэтай нагоды адзначае, што плянуецца абмеркаваць бягучы стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковага супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры. Акрамя таго, кіраўнік беларускага вайсковага ведамства пазнаёміцца з сыстэмай вайсковай адукацыі і досьведам падрыхтоўкі сіл спэцыяльных апэрацыяў сэрбскай арміі.

Мэту паездкі міністра абароны Беларусі ў Бялград вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін тлумачыць так:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Апошнім часам Сэрбія дэманструе высокую актыўнасьць у галіне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Напрыклад, нядаўна Сэрбія вяла перамовы ў Расеі пра закуп найноўшай зброі, у тым ліку тэхнікі зэнітнай, супрацьпаветранай абароны, бранятанкавай. Ішла размова і пра супрацоўніцтва ў вытворчасьці ўзбраеньняў.

Ад Югаславіі Сэрбіі дасталася даволі значная прамысловасьць. А Югаславія славілася сваім вайскова-прамысловым комплексам. Там выраблялі вельмі шмат узбраеньняў. Выглядае, што Сэрбія хоча рэанімаваць вайсковую вытворчасьць. І таму яна зьвяртаецца і да Расеі, і да Беларусі. Гэта не выпадкова, таму што раней там зброю выраблялі па савецкіх ліцэнзіях.

Але пасьля таго, як НАТО правяло вядомую паветраную апэрацыю, моц сэрбскай арміі, асабліва супрацьпаветраных сілаў, была моцна падарваная».

Пры гэтым Сэрбія заяўляе пра сваё жаданьне далучыцца да Эўразьвязу і НАТО, прызнае экспэрт:

Сэрбія дэманструе жаданьне ўвайсьці ў Паўночна-Атлянтычны альянс, але адначасова яна паказвае, што гатовая весьці незалежную палітыку.

«Так, Сэрбія дэманструе жаданьне ўвайсьці ў Паўночна-Атлянтычны альянс, але адначасова яна паказвае, што гатовая весьці незалежную палітыку. З аднаго боку, гэта падрыхтоўка да ўступленьня ў НАТО, а з другога — захоўваньне традыцыйных сувязяў у галіне вайсковага супрацоўніцтва са сваім славянскімі саюзьнікамі. Такі трэнд абазначыўся, і Беларусь трапляе ў яго.

А Беларусь апошнім часам дэманструе на міжнародным рынку новыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны. У прыватнасьці, знакамітую „Алебарду“. А пасьля таго як з дапамогай кітайцаў мы наладзім выпуск уласных ракет, гэтая сыстэма для небагатых краін, кшталту Сэрбіі, стане прывабнай.

Да таго ж Беларусь выпускае сучасныя радыёэлектронныя прыборы, радыёлякатары, сродкі сувязі... Таму, магчыма, Беларусь узгадніла з Расеяй свае пазыцыі на перамовах з Сэрбіяй. А магчыма, гэта Сэрбія вырашыла паралельна задзейнічаць патэнцыял і расейскі, і беларускі. Магчыма, што расейскія прапановы падаліся Бялграду занадта дарагімі. А беларускія вырабы па суадносінах „цана — якасьць“ могуць быць больш прывабнымі.

Так што наш міністар абароны паехаў у Сэрбію зусім не выпадкова».

Апошні раз Лукашэнка і Нікаліч размаўлялі праз тэлефон 20 кастрычніка 2015 году. Тады кіраўнік Сэрбіі павіншаваў Лукашэнку зь пятай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах.

XS
SM
MD
LG