Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра кар’еры дзяцей высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў піша нямецкая Die Presse.

З таго часу, як агенцтва Reuters на мінулым тыдні расказала пра жыцьцё дачок прэзыдэнта Пуціна, у Расеі пачалося чорт ведае што. Пікантныя падрабязнасьці былі агучаныя адносна малодшай зь іх, якая жыве пад псэўданімам Кацярына Ціханава, кіруе будаўніцтвам унівэрсытэцкага кампусу за 1,7 млрд. даляраў і інавацыйным фондам, ва Ўправе якога сядзяць сябры Пуціна па КГБ.

Зразумела, падобныя рэчы ўжо даўно не выклікаюць зьдзіўленьня ў краіне. Зьдзіўляе іншае — тое, што нашчадкі цяперашняга істэблішмэнту настойваюць на тым, быццам бы яны дамагліся ўсяго самастойна, а ня дзякуючы сувязям сваіх бацькоў.

У гэтай сувязі расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны кажа пра «нэафэадальную сыстэму». Тыя людзі, якія за апошнія 15 гадоў падняліся ў цені Пуціна — хто дзякуючы таму, што разам зь ім служыў у КГБ, хто трэніраваўся зь ім у адным клюбе, а хто засноўваў разам зь ім дачны каапэратыў, — адкрываюць любыя магчымыя дзьверы для сваіх дзяцей. Вельмі моцна кідаецца ў вочы той факт, што за апошнія пару гадоў дзеці падобных людзей атрымалі кіроўныя пасады і пасады ва ўправах дзяржаўных канцэрнаў і банкаў. І гэта нягледзячы на тое, што ўсім ім яшчэ няма і 30 гадоў. Прычым сядзяць яны паўсюль.

Адзін з прыкладаў — Сяргей Іваноў, сын былога міністра абароны, а цяпер кіраўніка адміністрацыі Крамля і другога па значнасьці дарадцы Пуціна. Да нядаўняга часу Іваноў-малодшы быў намесьнікам кіраўніка трэцяга па велічыні банку Расеі — «Газпромбанку», а цяпер ён ужо зьяўляецца кіраўніком «СОГАЗ» — другой па велічыні страхавой кампаніі Расеі, гэткага «Газпрому» ў сфэры страхаваньня. Намесьнікам Сяргея Іванова там, дарэчы, зьяўляецца пляменьнік прэзыдэнта Міхаіл Пуцін. Дарадцам Пуціна нумар адзін лічыцца выхадзец з КГБ і сакратар Рады бясьпекі РФ Мікалай Патрушаў. Цяпер яго малодшы сын Дзьмітры кіруе «Россельхозбанкам» — шостым па велічыні ў Расеі, а старэйшы Андрэй сядзіць ва ўправе трэцяй па велічыні нафтавай кампаніі Расеі «Газпромнефть».

«Думай па-буйному» — менавіта так, здаецца, гучыць дэвіз уладаў. Іх нашчадкі накіроўваюцца ня ў нейкія сярэднія кампаніі, а атрымліваюць пасады ў ключавых канцэрнах краіны. Барыс Кавальчук, сын пуцінскага суседа па дачы, банкіра Юрыя Кавальчука, узначальвае энэргетычную кампанію «Інтер-РАО». На добрую пасаду ўладкаваў свайго сына Дзяніса і цяперашні кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Цяпер Дзяніс зьяўляецца чальцом праўленьня «Внешторгбанка» — другога па велічыні расейскага банка. Яго кіраўнік Андрэй Косьцін, у сваю чаргу, уладкаваў свайго сына, зь якім пазьней адбылася трагедыя, намесьнікам старшыні праўленьня Deutsche Bank у Расеі. Але і на гэтым карусэль не сканчаецца. У кіраўніка Службы зьнешняй выведкі Міхаіла Фрадкова ёсьць два сыны: старэйшы, Пётар, цяпер працуе першым намесьнікам старшыні дзяржаўнага «Внешэкономбанка», а малодшы, Павал, быў прызначаны намесьнікам кіраўніка Фэдэральнага агенцтва па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю.

Усё гэта стварае сувязі, якія і ўтрымліваюць цяперашні істэблішмэнт. Прычым нярэдка ў хаду ідуць нават шлюбы. Сярод іх — шлюб дачкі старшыні рады дырэктараў «Газпрома» Віктара Зубкова з экс-міністрам абароны Анатолем Сердзюковым, вясельле сына былога міністра транспарту Глеба Франка з дачкой аднаго з найбагацейшых людзей Расеі Генадзя Цімчанкі і шлюб дачкі Ігара Сечына, кіраўніка «Роснефті», з сынам колішняга кіраўніка генпракуратуры, пазьней міністра юстыцыі Уладзімера Ўсьцінава.

Тое, што на першы погляд выглядае як чыстая выпадковасьць, на самай справе мае пэўную мэту. «Некалькі гадоў таму назад мы ўсё думалі, што гаворка ідзе выключна аб нэпатызьме — сказаў у інтэрвію Financial Times Аляксей Навальны. — Але цяпер мы разумеем, што за ўсім гэтым стаіць дакладнае плянаваньне. Ён стварае дынастычнае кіраваньне».

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Inopressa

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG