Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьнік атрымаў 250 тысяч даляраў за відэаролік аб тэорыі рэлятыўнасьці ВІДЭА


Ryan Chester/Youtube.com

Ryan Chester/Youtube.com

Амэрыканскі школьнік з штату Агаё Раян Чэстэр стаў ляўрэатам прэміі Breakthrough Junior Challenge.

Ён стварыў відэаролік, у якім распавядае аб спэцыяльнай тэорыі рэлятыўнасьці, распрацаванай Альбэртам Эйнштэйнам, паведамляе Радыё Рацыя са спасылкай на nat-geo.ru.

Прэмія Breakthrough Junior Challenge праводзіцца для дзяцей ад 13 да 18 гадоў у рамках навуковай прэміі Breakthrough Prize, якую атрымліваюць навукоўцы, якія зьдзейсьнілі рэвалюцыйны прарыў у навуцы.

Сама ідэя ўзнагароджваць навукоўцаў за падобны ўнёсак у навуку належыць расейскаму інвэстару Юрыю Мільнеру: у 2012 годзе ён заявіў, што фізыкі-тэарэтыкі павінны атрымліваць ўзнагароджаньне за сваю працу на ўзроўні рок-зорак.

Задумку падтрымалі стваральнік сеткі Facebook Марк Цукерберг і стваральнік Google Сяргей Брын. Прэмія для школьнікаў была ўручана ўпершыню. Юныя ўдзельнікі павінны былі зьняць відэаролік, які тлумачыць якую-небудзь важную канцэпцыю з матэматыкі, біялёгіі або тэарэтычнай фізыкі. Ляўрэатам стаў 18-гадовы Раян Чэстэр (Ryan Chester), якому ўдалося на прыкладзе папкорну за сем хвілін распавесьці аб адмысловай тэорыі рэлятыўнасьці, распрацаванай Альбэртам Эйнштэйнам. Раян атрымаў грант на навучаньне ў памеры 250 тысяч даляраў.

XS
SM
MD
LG