Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантактная група адзначае пагаршэньне абстаноўкі на Данбасе і заклікае выконваць Менскія дамоўленасьці


Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе 17 лістапада

Трохбаковая кантактная група па Ўкраіне 17 лістапада прыняла зварот да бакоў канфлікту на Данбасе з патрабаваньнем неадкладна спыніць парушэньні замірэньня, заявіў спэцпрадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік.

«У сувязі з пагаршэньнем сытуацыі, сур’ёзнымі парушэньнямі спыненьня агню, трохбаковая кантактная група зьвяртаецца з заклікамі неадкладна спыніць усе дзеяньні, несумяшчальныя з заключанымі пагадненьнямі і намаганьнямі па мірным урэгуляваньні канфлікту ў межах Менскага працэсу», — сказаў Марцін Сайдзік.

Украіна дамагаецца поўнага і няўхільнага выкананьня пункта № 1 Менскіх пагадненьняў — спыненьня агню, заявіла прэс-сакратарка прадстаўніка Ўкраіны ў Трохбаковай групе Леаніда Кучмы Дарка Аліфэр па выніках паседжаньня ў Менску Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

«Адмысловая маніторынгавая місія АБСЭ па-ранейшаму не атрымала доступу да месцаў адводу ваеннай тэхнікі прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, а таксама не атрымала доступ на непадкантрольную Ўкраіне частку ўкраінска-расейскай мяжы», — напісала Дарка Аліфэр на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook.

Акрамя таго, Украіна патрабуе допуску міжнародных арганізацый і экспэртаў, у прыватнасьці, арганізацыі «Урачы бязь межаў», на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, не кантраляваных урадам, «з тым, каб забясьпечыць разьмеркаваньне гуманітарнай дапамогі сярод мірных жыхароў Данбасу», адзначыла яна.

Прэс-сакратарка Леаніда Кучмы таксама зьвярнула ўвагу на неабходнасьць актывізацыі працэсу абмену палоннымі. Да таго ж, «сыстэматычныя абстрэлы пазыцый Узброеных сіл Украіны з боку прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей не даюць эфэктыўна працаваць падгрупам па эканамічных, гуманітарных і палітычных пытаньнях».

XS
SM
MD
LG