Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Улада папярэджвае пра скарачэньне інжынэрна-тэхнічных работнікаў на прадпрыемствах», — эканаміст


Магілёўскі завод "Строммашына", ілюстрацыйнае фота

Магілёўскі завод "Строммашына", ілюстрацыйнае фота

Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў на адной з апошніх нарадаў заклікаў кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў перагледзець склад інжынэрна-тэхнічнага пэрсаналу, бо яго на прадпрыемствах зашмат. Незалежныя экспэрты мяркуюць што чыноўнікі, пакуль што прыхавана, папярэджваюць пра масавыя скарачэньні інжынэрна-тэхнічных работнікаў.

Цумараў заявіў, што кіраўніцтва прадпрыемстваў павінна рабіць усё, каб працоўны калектыў быў у поўнай меры забясьпечаны працаю. Прамыслоўцам чыноўнік прапанаваў пільней прыгледзецца, хто як выконвае свае службовыя абавязкі:

«Паглядзіце па ІТР-аўцах на нашых камунальных прадпрыемствах. На жаль, на асобных прадпрыемствах, як гаворыцца, „На сем прыганятых адзін араты“. Таму прывядзіце ў адпаведнасьць колькасьць ІТР-аўцаў да вашага асноўнага пэрсаналу», — сказаў старшыня Магілёўскага гарвыканкаму.

У выпуску рэгіянальных навінаў, у якім прагучалі словы Цумарава, не згадалі, пра якія прадпрыемствы гаворыць кіраўнік гарадзкой вэртыкалі. На адной зь першых пасьля прэзыдэнцкіх выбараў нарадзе чыноўнік казаў пра «Вясьнянку», «Трансмаш», Таварыства глухіх і сьляпых, а таксама пра завод «Строммашына».

Сытуацыя з інжынэрна-тэхнічным пэрсаналам на кожным прадпрыемстве свая, адзначае былы ІТР-авец Генадзь. На прадпрыемствах, якія цяпер у заняпадзе, кваліфікаваныя інжынэры даўно пазвальняліся, а маладыя спэцыялісты не спраўляюцца са сваімі задачамі, зазначае ён.

Нашы прадпрыемствы неканкурэнтаздольныя, таму і заробкі нізкія, і людзі ўцякаюць.

«Нашы прадпрыемствы неканкурэнтаздольныя, таму і заробкі нізкія, і людзі ўцякаюць. Адбываецца крах прамысловага комплексу, і калі ён скончыцца, невядома».

«Словы Цумарава, хутчэй, сьведчаць, што ўлада разгубленая, — лічыць Генадзь. — Яна ня ведае, што рабіць. На прыватных прадпрыемствах лішніх людзей няма. Ім нявыгадна іх мець. На магілёўскім „Хімвалакне“ сапраўды варта скарачаць ІТР-аўцаў. А калі ўзяць той жа „Трансмаш“ ці „Строммашыну“, там людзі самі пасыходзілі. Кваліфікаваных спэцыялістаў там не хапае».

На думку суразмоўцы, уладзе варта было б падумаць пра скарачэньні ва ўладных структурах: «Там насамрэч раздутыя штаты. А кіраваць кім яны будуць? Колькі падаткаў ідзе на тыя ж сілавыя структуры, і ўладныя таксама?» — заключае Генадзь.

Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі кажа: праблемы занятасьці насельніцтва былі для ўлады актуальныя на працягу апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў. Спачатку быў масавы адток кадраў у Расею на заробкі, а цяпер, лічыць эканаміст, акцэнты зьмяніліся.

Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

«Вы ж паглядзіце, як раздутыя штаты ў бюджэтных арганізацыяў, — заўважае ён. — Таму: „На сем прыганятых адзін араты“ — найлепшая характарыстыка ў цяперашняй сытуацыі. З вуліцы ж у ІТР не бяруць людзей, і з цэнтру занятасьці таксама. Звычайна — гэта знаёмцы, сваякі. Таму ў горадзе назіраецца неадпаведнасьць структуры пэрсаналу якасьці працы і яе аб’ёму. Надышоў час аптымізацыі эканомікі і занятасьці насельніцтва. Гаворка ідзе пра скарачэньне кадраў насамрэч».

На думку экспэрта, тым працаўнікам, якія не абароненыя сваяцкімі сувязямі, давядзецца разьвітацца з працоўным месцам.

«Цумараў у завуаляванай форме зрабіў пасыл грамадзтву, што надыходзіць скарачэньне інжынэрна-тэхнічнага складу», — заключае эканаміст Пётар Мігурскі.

Паводле статыстычных зьвестак, афіцыйны ўзровень беспрацоўя павялічыўся за год амаль у два разы. У рэгіёне беспрацоўных, зарэгістраваных у службах занятасьці, — 5 тысяч. Гэта крыху болей за адзін працэнт ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Тым часам у магілёўскай службе занятасьці кажуць, што на адну вакансію прэтэндуюць два беспрацоўныя.

XS
SM
MD
LG