Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка Бібліятэкі ўкраінскай літаратуры прызнаная палітвязьнем


Натальля Шарына ў Таганскім судзе Масквы, 30 кастрычніка 2015 году

Натальля Шарына ў Таганскім судзе Масквы, 30 кастрычніка 2015 году

Расейскі Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў дырэктарку Бібліятэкі ўкраінскай літаратуры ў Маскве Натальлю Шарыну палітзьняволенай.

Пра гэта паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі.

«Ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да Натальлі Шарынай адбылося на фоне антыўкраінскай кампаніі, якая працягваецца зь вясны 2014 году ў дзяржаўных сродках інфармацыі і ў выказваньнях афіцыйных асобаў, якія займаюць вышэйшыя кіруючыя пасады ў Расейскай Фэдэрацыі. Адна з частак гэтай кампаніі — узбуджэньне крымінальных спраў супраць грамадзянаў, якія публічна выказваюць пазыцыю па сытуацыі ва Ўкраіне, адрозную ад афіцыйнай, або нейкім чынам зьвязаных з Украінай. З нашага пункту гледжаньня, менавіта ў сьвятле антыўкраінскай кампаніі і варта разглядаць справу Натальлі Шарынай», — адзначае «Мэмарыял».

Крымінальны перасьлед дырэктаркі бібліятэкі за тое, што ў бібліятэчных фондах ёсьць выданьні, прызнаныя экстрэмісцкімі, — новая рэпрэсіўная практыка.

Праваабаронцы лічаць, што Шарына павінна быць неадкладна вызваленая з-пад хатняга арышту, а яе крымінальная справа — закрытая.

Ператрусы ў маскоўскай Бібліятэцы ўкраінскай літаратуры прайшлі 28 кастрычніка. Паводле вэрсіі сьледзтва, у 2011-2015 гадах Шарына распаўсюджвала сярод наведвальнікаў бібліятэкі кнігі ўкраінскага нацыяналіста Дзьмітрыя Карчынскага, прызнаныя ў Расеі экстрэмісцкімі і забароненыя да распаўсюджваньня. Паводле самой Шарынай, гэтыя кнігі наўмысна былі падкінутыя ў бібліятэку.

XS
SM
MD
LG