Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алянд выступае за працяг надзвычайнага становішча на 3 месяцы


Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заклікаў парлямэнт працягнуць рэжым надзвычайнага становішча ў краіне на тры месяцы ў сувязі з тэрактамі ў Парыжы 13 лістапада.

Зьвяртаючыся ў панядзелак да дэпутатаў абедьзвюх палатаў Нацыянальнага сходу, Алянд паведаміў, што ўнясе адпаведны законапраект праз два дні.

Францускі прэзыдэнт лічыць, што для супрацьстаяньня экстрэмістам ў Сырыі неабходныя намаганьні аб’яднанай кааліцыі, і што ён мае намер у наступныя дні абмеркаваць гэтае пытаньне з прэзыдэнтамі ЗША і Расеі.

Ён падкрэсьліў, што Францыя будзе імкнуцца да «разбурэньня» радыкальнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Францускі ўдзел у баявых дзеяньнях супраць гэтага тэрарыстычнага ўтварэньня ў Сірыі і Іраку будзе павялічвацца.

Таксама, паводле Алянда, неабходны больш эфэктыўны кантроль за вонкавымі межамі Эўразьвязу, каб пазьбегнуць вяртаньня да праверак на межах кожнай з краінаў ЭЗ і не дапусьціць распаду эўрапейскага блёку.

Ахвярамі сэрыі тэрактаў у Парыжы ў мінулую пятніцу сталі 129 чалавек, звыш 350 — параненыя, дзесяткі пацярпелых у крытычным стане.

Раніцай 16 лістапада ў Францыі прайшла хвіліна маўчаньня ў памяць аб загінулых.

Адказнасьць за тэракты ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».

Прэм’ер-міністар Францыі Мануэль Вальс заявіў, што пагроза тэрарыстычнага нападу ня зьнікла — новых нападаў можна чакаць як у Францыі, гэтак і ў іншых дзяржавах Эўропы.

Францускія спэцслужбы ў супрацы з праваахоўнымі органамі іншых эўрапейскіх краінаў працягваюць шукаць удзельнікаў і арганізатараў нападаў у Парыжы і арыштоўваць іх памагатых.

У панядзелак падчас маштабных рэйдаў у Францыі былі затрыманыя 23 чалавекі, да яшчэ 104 падазраваных у сувязях з радыкальнымі экстрэмістамі ўжыты хатні арышт.

XS
SM
MD
LG