Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікая дваццатка» дамовілася ўзмацніць дзеяньні па барацьбе з тэрарызмам


Сусьветныя лідэры на саміце «Вялікай дваццаткі», які адбыўся ў Турэччыне неўзабаве пасьля тэрактаў у Парыжы, дамовіліся ўзмацніць меры процідзеяньня экстрэмісцкай дзейнасьці.

Удзельнікі саміту паабяцалі, у прыватнасьці, умацоўваць узаемадзеяньне па абмене выведнай інфармацыяй, спыненьні каналаў фінансаваньня тэрарыстаў, забесьпячэньні лепшага кантролю на межах Эўропы.

Як падкрэсьліла ў панядзелак, у заключны дзень двухдзённага саміту, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, чальцы «Вялікай дваццаткі» адзіныя ў меркаваньні, што адказам на выклікі, якія сыходзяць ад экстрэмістаў, ня могуць быць толькі ваенныя сродкі.

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін лічыць, што аб’яднаньне намаганьняў у барацьбе з тэрарызмам зьяўляецца першаснай задачай, у тым ліку для ўрэгуляваньня сытуацыі ў Сырыі.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран, які сёньня правёў асобную сустрэчу з Пуціным, заявіў, што застаецца «вельмі вялікі разрыў» паміж краінамі Захаду і Расеяй у падыходзе да ўрэгуляваньня сырыйскага канфлікту.

Пры гэтым брытанскі прэм’ер адзначыў, што ўсе бакі дэманструюць прыкметы гатоўнасьці ісьці на кампраміс.

XS
SM
MD
LG