Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прапанавалі забараніць сувязь праз Telegram з нагоды парыскіх тэрактаў


Павал Дураў, сузаснавальнік і кіраўнік сэрвісу Telegram.
Павал Дураў, сузаснавальнік і кіраўнік сэрвісу Telegram.

Прапановы, якія ў нядзелю чыталіся між радкоў у пракрамлёўскай прэсе, у панядзелак выказаў дэпутат Дзярждумы.

Першы намесьнік кіраўніка Канстытуцыйнага камітэту Дзярждумы Аляксандар Агееў папрасіў кіраўніка ФСБ разглядзець магчымасьць блякаваньня мэсэнджэра Паўла Дурава Telegram, калі пацьвердзіцца, што яго выкарыстоўваюць баевікі «Ісламскай дзяржавы», перадае РИА «Новости».

Дэпутат спасылаецца на паведамленьні, якія ў нядзелю зьявіліся ў расейскіх СМІ: тыя пісалі, што тэрарысты абіраюць Telegram, бо ён дазваляе шыфраваць паведамленьні. Заходнія СМІ тым часам адзначалі, што «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за тэракты ў Парыжы праз адзін з каналаў на Telegram.

Агееў заявіў, што ў Расеі дзейнічае шмат сацыяльных сетак, мэсэнджэраў і інтэрнэт-сэрвісаў, якія выконваюць расейскае заканадаўства ў сфэры процідзеяньня экстрэмізму, і што блякаваньне Telegram ня ўдарыць па свабодзе слова. З гэтым не пагадзіўся шмат хто з карыстальнікаў сацсетак.

Афіцыйных заяваў ад паліцыі ці спэцслужбаў пра тое, што тэрарысты карыстаюцца для сувязі менавіта Telegram’ам і толькі ім, не было. Вядома, што тэрарысты выкарыстоўваюць шмат якія магчымасьці інтэрнэту: звычайныя сайты, сацсеткі, «цёмны інтэрнэт», звычайныя і абароненыя мэсэнджэры. Напрыклад, навукоўцы склалі мапу актыўнасьці прыхільнікаў «Ісламскай дзяржавы», якія пішуць у Twitter з Сырыі, а хакеры прапаноўваюць выкрываць рэкруцёраў «Ісламскай дзяржавы» ў Facebook.

Telegram — досыць добра абаронены сродак перапіскі: нават адміністрацыя сэрвісу ня мае доступу да зашыфраваных паведамленьняў карыстальнікаў. Любы энтузіяст можа спраўдзіць, ці мае праграмны код «дзіры» ў бясьпецы. Але гэта далёка не адзіны сродак бясьпечнай перапіскі. Ня менш бясьпечнымі лічацца, напрыклад, Signal ці CryptoCat — у іх спэцслужбы таксама наўрад ці здолеюць прачытаць зашыфраваную перапіску, хто б яе ні вёў.

Праціўнікі блякаваньня Telegram заяўляюць, што прыватнасьць перапіскі ўсіх карыстальнікаў важнейшая за магчымасьць чытаць паведамленьні меркаваных тэрарыстаў. Сярод такіх і Павел Дураў:

Мы па-ранейшаму робім правільную рэч, баронячы канфідэнцыйнасьць нашых карыстальнікаў

«Бясьпека, урэшце, рэч важнейшая, чым наш страх дрэнных рэчаў, як тэрарызм, — казаў Дураў два месяцы таму. — Калі вы паглядзіце на «Ісламскую дзяржаву», так, ёсьць вайна на Блізкім Усходзе. У выніку «Ісламская дзяржава» знойдзе спосаб камунікаваць са сваімі ячэйкамі, і калі якія-небудзь сродкі не дадуць ім адчуць сябе ў бясьпецы, яны знойдуць нешта іншае. Мы не павінны адчуваць сябе вінаватымі. Мы па-ранейшаму робім правільную рэч, баронячы канфідэнцыйнасьць нашых карыстальнікаў».

Акрамя таго, праціўнікі блякаваньня Telegram згадваюць ранейшыя праблемы Дурава з расейскай дзяржавай: пасьля таго як стваральнік «УКантакце» адмовіўся блякаваць старонкі апазыцыянэраў, ягоная сацсетка перайшла ў рукі пракрамлёўскіх бізнэсоўцаў, а самога Дурава звольнілі. Як у выпадку з «Укантакце», так і ў барацьбе з Telegram некаторыя бачаць выразны палітычны сьлед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG