Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналістка з Парыжу: Дзеці баяцца заходзіць у мэтро, у натоўпе лёгка справакаваць паніку


Людзі прыходзяць на месцы тэрактаў 13 лістапада ў Парыжы, каб ушанаваюць памяць загінулых

Людзі прыходзяць на месцы тэрактаў 13 лістапада ў Парыжы, каб ушанаваюць памяць загінулых

Француская журналістка ўкраінскага паходжаньня Ала Лазарава ў інтэрвію Радыё Свабода распавяла, як Парыж перажывае першыя дні пасьля сэрыі тэрактаў, ад якіх 129 чалавек загінулі, а 352 параненыя.

Ала Лазарава, якая працуе карэспандэнтам часопіса «Ўкраїнський тиждень» у Парыжы, таксама падзялілася сваімі думкамі наконт прапановаў ультраправых дэпартаваць усіх мусульманаў з Францыі.

— Як вы даведаліся пра тэракты, дзе былі ў той момант?

Ала Лазарава

Ала Лазарава

— Была палова на дзясятую вечара. Я акурат забрала з сэкцыі сваю дачку. І едучы зь ёй у мэтро, заўважыла, што людзі дзіўна і ўстрывожана перамаўляюцца. І тут нехта мне сказаў, што ў горадзе ў некалькіх месцах расстрэльваюць людзей, ёсьць закладнікі. Вярнуўшыся дадому, ужо з інтэрнэту я даведалася, што адбылося канкрэтна.

— Вы жывяце далёка ад месцаў, дзе адбыліся тэракты?

— Мы жывем досыць блізка ад стадыёну «Стад дэ Франс», дзе ў вечар тэракту адбываўся сяброўскі матч паміж Францыяй і Нямеччынай. Зламысьнікі хацелі пранікнуць на трыбуны. Зразумела, што іх плян ня ўдаўся, але выбухі адбыліся каля стадыёну.

— Сёньня з раніцы вы ўжо адвезьлі дзяцей у школу. Значыць, навучальныя ўстановы працуюць. Ці можна казаць, што жыцьцё вяртаецца ў сваю каляіну?

— Усе працуюць, дзеці ідуць у школу. Людзі імкнуцца жыць так, каб не паддавацца паніцы. Зразумела, немагчыма зрабіць выгляд, што нічога не адбылося, — усе ведаюць, што адбыліся тэракты. Але людзі хочуць даказаць, што іх не запалохаць, што яны будуць жыць так, як жылі раней, і што свабода — гэта іх найважнейшая каштоўнасьць, якую яны ня будуць ніякім чынам абмяжоўваць праз тое, што тэрарысты вырашылі іх напалохаць. Агулам жыцьцё ідзе такім жа чынам, як і да тэракту. Але ясна, што ўсе псыхалягічна траўмаваныя. Дзеці баяцца. Сёньня мая дачка пыталася, ці пэўна нічога ня выбухне ў мэтро, ці пэўна ня будзе бомбы. Я сказала, што я ня ведаю і што ўсё можа здарыцца, але нельга жыць, думаючы, што будзе тэракт. Трэба проста жыць далей, а будзе тое, што будзе.

— Ці моцна заўважны страх у грамадзтве?

— Учора я абышла ўсе месцы тэрактаў і заўважыла, што ўсе рэстарацыі паблізу з гэтымі месцамі запоўненыя. У барах людзей яшчэ больш. Французы намагаюцца пераканаць і сябе, і іншых, што яны не спалохаліся. У той жа час вельмі шмат людзей нясуць да месцаў тэрактаў кветкі і сьвечкі. Моўчкі стаяць і згадваюць загінулых, думаюць пра іх душы. Гэта ўсё праўда — ёсьць стрыманасьць, але ёсьць і жаданьне не паддавацца тэрарыстам, не гуляць у іх гульню і не баяцца іх.

Разам з тым цяпер вельмі лёгка спалохаць людзей, таму што ўсе вельмі моцна знэрваваныя. Учора я ішла і пабачыла, што насустрач бягуць людзі. А адна жанчына бяжыць і плача. Я яе спыніла і спытала, што здарылася, чаго яна плача. А яна сказала, што ня ведае, што здарылася, проста пабегла за людзьмі, паддалася паніцы. Таму можна сказаць, што хоць агульнай панікі няма, пануе такая атмасфэра, што гэтую паніку вельмі лёгка справакаваць.

— Парыж — самы любімы турыстамі горад у сьвеце. Ці нешта зьмянілася ў гэтым пляне, ці паменела турыстаў, ці сталі недаступныя для іх нейкія папулярныя месцы?

— Я думаю, што тыя турысты, якія ўжо прыехалі, тут і застаюцца, ніхто тэрмінова не зьяжджае. На вуліцах вельмі шмат чутна ангельскай мовы — відавочна, што гэта турысты. Відавочна, што людзі імкнуцца не зьмяняць свае пляны. Незвычайна тое, што цяпер вельмі шмат журналістаў з усяго сьвету. У тым ліку кітайскіх, індыйскіх. Я раней ніколі ня бачыла на вуліцах столькі прадстаўнікоў прэсы.

На месцы аднаго з тэрактаў

На месцы аднаго з тэрактаў

— Што рабіць, калі нехта баіцца выходзіць на вуліцу, нават для таго каб трапіць на працу?

— У краме я спытала, ці ўсе выйшлі на працу. Прадаўцы сказалі, што траціна ня выйшла. Прычым гэта ім дазволіла кіраўніцтва. Каму страшна, той застаўся дома. Тут вельмі гнуткая сыстэма. Кіраўнікі прадпрыемстваў намагаюцца з разуменьнем ставіцца да таго, што некаторым можа быць страшна.

— Ці заўважныя праявы нэгатыўнага стаўленьня да мусульманаў?

— Учора на поўначы Францыі быў мітынг радыкальна правых, якія патрабуюць, каб усіх нефранцузаў, у першую чаргу мусульманаў, выгналі з краіны. Таксама ёсьць паведамленьні пра тое, што пабілі хлопца толькі за тое, што ён меў арабскую зьнешнасьць. На яго погляды і перакананьні ніхто не зьвярнуў увагі. Такія выпадкі ня масавыя, але здараюцца. Але найважнейшым ёсьць тое, што лідэр радыкальна правых Марын Ле Пэн сустрэлася з прэзыдэнтам Франсуа Аляндам і гаварыла пра неабходнасьць ня толькі зачыніць межы, але і выслаць за межы Францыі ўсіх мусульманаў, якіх яна лічыць радыкальнымі, а таксама далучыць Пуціна да антыісламскай кааліцыі. Выходзіць, што пад уплывам усіх падзеяў і эмоцыяў нехта штурхае свае вельмі цынічныя палітычныя пляны, якія могуць вельмі дорага каштаваць сьвету.

Цырымонія ўшанаваньня памяці загінулых у тэрактах 13 лістапада ў Парыжы, у саборы Нотр-Дам дэ Пары

Цырымонія ўшанаваньня памяці загінулых у тэрактах 13 лістапада ў Парыжы, у саборы Нотр-Дам дэ Пары

— Вы ўкраінка, але ўжо 19 год жывяце ў Францыі. Як вы ставіцеся да заклікаў выгнаць з краіны ўсіх нефранцузаў, найперш мусульманаў?

— Па-першае, я думаю, што калі пачнуць з мусульманаў, то скончаць і іншымі. Па-другое, я ня думаю, што выкідаць мусульманаў — правільнае рашэньне. Відавочна, што ёсьць радыкальныя, схільныя да тэрарызму групы, якія належаць да фундамэнтальнага ісламу. Зь імі павінны лепш працаваць спэцыяльныя службы. Іх трэба лепш адсочваць, хутчэй арыштоўваць і ізалёўваць. Але гэта я кажу толькі пра тых, хто насамрэч падазраецца ў прыналежнасьці да тэрарыстычных праектаў. Напрыклад, імамы ў радыкальных мячэцях. Над імі павінна праводзіцца пэўная праца. Але ясна, што гэта ня можа пашырацца на ўсю мусульманскую супольнасьць, таму што прынцып калектыўнай адказнасьці — гэта 19-е стагодзьдзе. Усё павінна быць вельмі і вельмі індывідуальна. Той, хто насамрэч ёсьць пагрозай для супольнай бясьпекі, павінен быць ізаляваны — арыштаваны ці дэпартаваны. Але гэта можа быць толькі ў тых выпадках, дзе ёсьць доказы. Дэпартаваць за прыналежнасьць да народу ці рэлігіі — гэта недапушчальна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG