Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам няма дзе падзецца. Мы тут — нуль бяз палачкі», — гісторыя нелегальнага таксоўшчыка


Прывакзальная плошча ў Гомелі: таксоўкі і машыны нелегалаў стаяць побач

Прывакзальная плошча ў Гомелі: таксоўкі і машыны нелегалаў стаяць побач

На Гомельшчыне мясцовыя ўлады імкнуцца пазбавіцца ад нелегальных таксоўшчыкаў. Арыштавана 58 аўтамашын, пяць зь іх канфіскаваныя. За перавозку пасажыраў безь дзяржаўнай рэгістрацыі аштрафаваныя 67 чалавек, сума штрафаў перавысіла паўмільярда рублёў. Аднак нелегальны перавоз не зьнікае. Рэпартаж з Гомеля.

Нелегальных таксоўшчыкаў асабліва шмат перад прыбыцьцём цягнікоў — адны падыходзяць да вагонаў, прапануючы свае паслугі, іншыя стаяць у падземных пераходах альбо на выхадзе зь іх.

Афіцыйны таксоўшчык Аляксандар, які возіць пасажыраў пятнаццаць гадоў, даволі скептычна ставіцца да захадаў, якімі падаткоўцы змагаюцца зь нелегальнымі таксоўшчыкамі:

Тут працуюць ужо цэлыя дынастыі: бацька, а за ім прыходзяць яго дзеці.

«Тое, што падатковая інспэкцыя за гэты год канфіскавала ў рэгіёне пяць машынаў, — гэта нішто. Кожны тыдзень тут бачыш адных і тых жа асобаў, якія стаяць каля вагонаў і гомельскага тунэля. Дык у каго забіралі машыны? На вакзале, паводле маіх прыкідак, чалавек 15–20 нелегальных вазакоў. Тут працуюць ужо цэлыя дынастыі: бацька, а за ім прыходзяць яго дзеці».

Маладзейшы таксоўшчык пацьвярджае назіраньні старэйшага калегі:

«Шмат нелегалаў. Усе хочуць зарабіць, усе хочуць есьці. Пасажыраў знаходзяць. Канкурэнцыя ў нас. Часьцяком стаім бяз працы».

Таксоўшчык Уладзімер у перавозках не навічок. Лічыць, што бюракратычныя парадкі ў справе пасажырскіх перавозак не спрыяюць таму, каб чалавек імкнуўся зарэгістравацца і афіцыйна займацца вазацтвам:

«Чаму людзі ідуць у нелегалы? Усё ідзе ад нашых уладаў — яны ня могуць прапанаваць годны ўзровень заробкаў, ня могуць арганізаваць усё па-людзку. Навошта патрэбна транспартная інспэкцыя? Калі я плачу падаткі, нядаўна займаюся такім прадпрымальніцтвам, навошта мяне наагул першыя тры гады правяраць? Калі ў мяне новая машына, навошта мне мэханік, калі тэхнічны агляд дазваляецца праходзіць раз на два гады? А лекар — ён навошта? Калі я такі безадказны, то я прайшоў у яго мэдагляд, а пасьля выпіў піва — і паехаў вазіць людзей. У чым лёгіка? А лёгіка ў тым, каб выпампоўваць грошы з нашых кішэняў. За штампік — 8 тысяч, а мне іх трэба два — ужо шаснаццаць. За мэханіка — 13 тысяч. Спыняе мяне транспартная інспэкцыя — і хоць да чаго дакалупаецца. У іх плян — выпісваюць штрафу 90 тысяч. Навошта гэта патрэбна? Прасьцей быць нелегалам».

Чаму людзі ідуць у нелегалы? Усё ідзе ад нашых уладаў — яны ня могуць прапанаваць годны ўзровень заробкаў, ня могуць арганізаваць усё па-людзку.

Суразмоўца кажа, што апошнім часам усё скача ўверх з імпэтам зайца, за якім імчаць ганчакі — падаткі, тарыфы, тэхагляды. Прыкладна тры з паловай мільёны трэба заплаціць на месяц розных падаткаў і збораў, каб легальна працаваць. А зарэгістравацца каштуе каля дзесяці мільёнаў:

«Разумееце, каб аформіць машыну ў таксоўку, трэба мільёнаў дзесяць. Зноў-такі новы лічыльнік патрабуюць, каб сачыць за даходам. Дзесяць мільёнаў патрабуецца, каб мець ліцэнзію. Нідзе такога няма».

Легальныя таксоўшчыкі згадваюць і пра патрабаваньне мець у таксоўках тэрміналы, каб пасажыр мог разьлічвацца праз банкаўскія карткі. Зручна? Нібы так, але не заўсёды:

«Паедзеш куды за горад, чалавек праз картку мае разьлічыцца. А там няма інтэрнэтнай сувязі. І што рабіць — лезьці на дрэва? Дзе мой інтэрнэт, каб чалавек расплаціўся? Ці яго бясплатна везьці?»

Самі нелегалы на гутарку не ідуць. Нават не прызнаюцца ўголас, што возяць пасажыраў.

Людзям няма куды дзявацца, стаяць ля апошняй мяжы. Працы ж няма. Рэчаіснасьць такая, што людзям няма дзе падзецца.

Немалады ўжо мужчына, які назваўся Мікалаем, кажа, што сустракае жонку зь лецішча. Шпацыруе па Прывакзальнай плошчы ў чаканьні чарговага цягніка. Пра нелегальных таксоўшчыкаў адгукаецца прыязна. Лічыць, што людзі таксуюць, бо нявыкрутка:

«Людзям няма куды дзявацца, стаяць ля апошняй мяжы. Працы ж няма. Рэчаіснасьць такая, што людзям няма дзе падзецца. Канечне, дзяржава — гэта мы. Але, на жаль, мы тут нуль бяз палачкі».

XS
SM
MD
LG