Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раніцай 16 лістапада ў Менску адкрыўся візавы цэнтар амбасады Італіі. Ён месьціцца ў бізнэс-цэнтры «Няміга Сіці».

Візавы цэнтар — не дыпляматычная ўстанова. Яго мэта — дапамагаць грамадзянам Беларусі, якія маюць намер наведаць Італію. Супрацоўнікі цэнтру кансультуюць наведнікаў, прымаюць анкеты, бяруць адбіткі пальцаў і праводзяць усе іншыя неабходныя апэрацыі. За гэта беларусы мусяць аплаціць іхныя паслугі ў памеры каля 19 эўра. Гэтыя грошы дадаюцца да кошту візы, які складае 60 эўра.

Італьянскія візавыя цэнтры плянуецца таксама адкрыць у Гомелі і Берасьці.

Візавыя цэнтры ў Беларусі ўжо маюць Вялікая Брытанія, Літва і Латвія.

У першым квартале 2016 году заплянавана адкрыцьцё візавых цэнтраў Польшчы.

Існаваньне візавых цэнтраў не азначае, што ахвотныя атрымаць візу мусяць зьвяртацца па яе толькі сюды. Па-ранейшаму працуюць і консульскія аддзелы амбасадаў.

Паводле статыстыкі, Беларусь — чацьвёртая краіна ў сьвеце па колькасьці заяўнікаў на шэнгенскія візы. Па гэтым паказьніку яна саступае толькі Кітаю, Расеі і Казахстану, дзе жыве нашмат больш людзей.

Цяпер Беларусь вядзе перамовы з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі. Як заявіў на мінулым тыдні міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, які быў з працоўным візытам у Менску, перамовы па рэадмісіі ўжо набліжаюцца да завяршэньня. А гэта вельмі важны этап падрыхтоўкі дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Вядома, што ў праекце гэтай дамовы кошт шэнгенскай візы для беларусаў прапануюць зьменшыць з 60 да 35 эўра.

XS
SM
MD
LG