Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя назвала імя меркаванага арганізатара парыскіх тэрактаў


27-гадовы бэльгіец Абдэльхамід Абаўд ужо быў вядомы ў межах расьсьледаваньня падрыхтоўкі тэрактаў у Бэльгіі.

Як паведамляе францускае радыё RTL са спасылкай на сьледчых, Абдэльхамід Абаўд падазраецца ў арганізацыі, куратарстве і спансаваньні тэрактаў у Парыжы 13 лістапада. Мужчына сырыйскага паходжаньня нарадзіўся ў Брусэлі. Радыёстанцыя называе яго «адным з самых актыўных баевікоў „Ісламскай дзяржавы“ ў Сырыі». Імя Абаўда ўжо гучала ў ходзе расьсьледаваньня падрыхтоўкі тэрактаў у Бэльгіі, тады яго мабільны тэлефон быў зафіксаваны ў Грэцыі падчас размовы з братам аднаго з тэрарыстаў, забітых падчас рэйду ў студзені гэтага году.

На момант публікацыі афіцыйных пацьверджаньняў ад францускай паліцыі не паступала.

Француская паліцыя тым часам пачала шырокамаштабныя рэйды, ня менш за тры чалавекі былі арыштаваныя ў Тулузе і адзін чалавек са зброяй затрыманы ў Грэноблі. У вышук афіцыйна абвешчаны восьмы падазраваны ў тэрактах, жыхар Брусэля Салах Абдэслам, брат якога падарваў сябе ў канцэртнай залі «Батаклан» падчас атакі, якая забрала жыцьці больш за 80 чалавек.

XS
SM
MD
LG