Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве затрымалі беспрацоўнага настаўніка гісторыі, які зьбіраў подпісы супраць Дэкрэту аб дармаедзтве


Мікіта Фартух. Фота Эўрарадыё
Мікіта Фартух. Фота Эўрарадыё

У Магілёве паўтары гадзіны правёў у пастарунку валянтэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Мікіта Фартух. Яго затрымалі падчас збору подпісаў за скасаваньне прэзыдэнцкага Дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Актывіст паведаміў Свабодзе, што міліцыянты гэтак і не давялі яму, якія законныя падставы далі ім права яго затрымліваць.

Мікіта кажа, што зьбіраў подпісы ў цэнтры гораду. Пасьпеўшы падпісаць толькі аднаго чалавека, як да яго падышлі людзі ў цывільным. Яны пацікавіліся чым ён займаецца, падпісацца на просьбу актывіста адмовіліся. Пасьля прыйшоў міліцыянт у форме, і яго завялі ў пастарунак.

«У пастарунку, пакуль быў адзін, на мяне спрабавалі ціснуць. Не давалі магчымасьці патэлефанаваць. Чаго мяне затрымалі мне ніхто не сказаў, але я ж грамадзкага парадку не парушаў. Я так не зразумеў, чаму мяне затрымалі».

Вызвалілі актывіста пасьля таго як у пастарунак прыйшоў сябра прэзыдыюму партыі Ігар Барысаў. Партыец пачаў дамагацца ад міліцыянтаў, каб яны патлумачылі, на якіх падставах затрымалі Мікіту Фартуха.

«Я міліцыянтам паспрабаваў патлумачыць, што збор подпісаў не забаронены законам. Мікіта не праводзіў масавых несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Не раздаваў інфармацыйных матэрыялаў. Міліцыянты сфатаграфавалі падпісны ліст і пазьней, пасьля спраўджваньня асобы Мікіты, яго адпусьцілі», паведаміў Свабодзе Ігар Барысаў.

Мікіта Фартух узяўся зьбіраць подпісы супраць Дэкрэту аб дармаедзтве, бо лічыць яго несправядлівым. Кажа, што тры гады таму скончыў Магілёўскі ўнівэрсытэт імя Куляшова і ня можа знайсьці працы. Ён настаўнік гісторыі.

«Я стаяў у Цэнтры занятасьці год, але мне не дапамаглі знайсьці працы. Прапаноўвалі працу грузчыкам, токарам на заводзе. Хадзіў у абласное ўпраўленьне адукацыі. Там таксама не дапамаглі. Настаўнікі гісторыкі ім не патрэбныя. А навошта тады яны вучаць настаўнікаў. А цяпер яшчэ ўвялі падатак для беспрацоўных. Такі дэкрэт парушае і Канстытуцыю Беларусі і правы. Такога закону няма ні ў адной краіне. Мала таго, дапамагаюць знайсьці занятак. Выплачваюць дапамогу».

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» заявіла аб тым, што намагаецца скасаваньня Дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Паводле Ігара Барысава, ужо сабраныя 5000 подпісаў, якія неўзабаве будуць перададзеныя ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

Раней Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) накіравала спэцыяльнаму дакладчыку ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашу Харашці дасьледаваньне ў справе прэзыдэнцкага Дэкрэту №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Акрамя шэрагу артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, заяўляюць партыйцы, дэкрэт аб дармаедзтве парушае дамоўленасьці, якія Беларусь падпісала зь міжнароднымі арганізацыямі, такімі, як Міжнародная арганізацыя працы. А таксама — Канвэнцыю аб прымусовай і абавязковай працы, Канвэнцыю аб прадухіленьні прымусовай працы, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Дэкрэт № 3 аб дармаедзтве ня вырашыць праблемы беспрацоўя, лічаць у партыі, і ня будзе мець эканамічнага выніку. Грамада прапаноўвае Канстытуцыйнаму суду разглядзець дакумэнт, каб вызначыць, ці адпавядае ён Канстытуцыі краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG