Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Пуцін і Барак Абама правялі кароткую сустрэчу ў Антальі


Абодва лідэры прызналі неабходнасьць спыненьня вагню ў Сырыі і пераходу да перамоўнага працэсу паміж бакамі канфлікту.

Прэзыдэнты Расеі Уладзімір Пуцін і ЗША Барак Абама ў нядзелю правялі нефармальную сустрэчу ў кулюарах саміту «вялікай дваццаткі» ў Антальі.

Як паведамляе Белы дом, абмяркоўваліся намаганьні па вырашэньні сырыйскага канфлікту. Абама і Пуцін адзначылі важнасьць праведзеных напярэдадні ў Вене міжнародных кансультацый адносна вырашэньня крызісу ў Сырыі. Абодва прэзыдэнты пагадзіліся, што ў Сырыі неабходнае спыненьне вагню, за якім павінен адбыцца перамоўны працэс паміж канфліктуючымі бакамі — пад эгідай ААН.

Пуцін і Абама правялі кароткую гутарку ў перапынку паміж мерапрыемствамі саміту «вялікай дваццаткі», седзячы за часопісным столікам у вялікім холе, запоўненым удзельнікамі форуму.

У гутарцы двух прэзыдэнтаў удзельнічалі дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Сьюзан Райс і перакладнік.

Раней у той жа дзень Пуцін і Абама падчас саміту паціснулі адзін аднаму рукі і абмяняліся кароткімі фразамі. Гэта адбылося, калі ўдзельнікі сустрэчы сабраліся, каб зрабіць групавы здымак. Прэса зьвяртае вялікую ўвагу на падрабязнасьці ўзаемаадносін прэзыдэнтаў Расеі і ЗША, улічваючы, што падчас абвастрэньня ўкраінскага крызісу і ў першыя месяцы ўзаемных санкцый кантакты паміж Крамлём і Белым домам былі зьведзеныя да мінімуму, а ва ўзаемаадносінах дзьвюх краін наступіла прыкметнае астуджэньне.

Саміт «вялікай дваццаткі» праходзіць у горадзе Белек праз два дні пасьля тэрарыстычных нападаў у Парыжы, ахвярамі якіх сталі 129 чалавек. Паводле прэзыдэнта Турэччыны, сусьветныя лідэры выступяць з сумеснай заявай у сувязі з кровапраліцьцем у Парыжы, адказнасьць за якое ўзялі на сябе экстрэмісты тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG