Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь і атака на цывілізацыю ў Парыжы


Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Сэрыя тэрарыстычных нападаў у Парыжы 13 лістапада — чарговы напамін пра пагрозы цывілізаванаму сьвету.

Сэрыя тэрактаў у Парыжы выклікаюць аналёгію, а, магчыма, зьяўляюцца і працягам зьнішчэньня расейскага авіяляйнэра над Сынаем. Для кагосьці гэта зусім іншая справа, у Парыжы, маўляў, гэта і праўда напад на цывілізацыю, ну а расейскі самалёт — адказ на дзеяньні Пуціна, які залез на Блізкі Ўсход са сваімі мэгаляманічнымі амбіцыямі. Між тым для тэрарыстаў, для «Ісламскай дзяржавы» ніякай розьніцы паміж Масквой і Парыжам няма. Французы ўлезьлі на Блізкі Усход раней рускіх і, нягледзячы на адрозьненьні ў сваіх мэтах, і тыя і іншыя перашкаджаюць станаўленьню і распаўсюджваньню халіфату, а таму, з пункту гледжаньня ІД, павінны быць пакараныя.

Якім бокам гэта можа тычыцца Беларусі? Пачынаючы з далучэньня Крыму да Расеі, бясьпека для масавай сьвядомасьці стала даміноўным фактарам, беларускае «абы не было вайны» выйшла на першы плян. Уласна кажучы, гэта і абумовіла калі ня вынік выбараў, то хаду выбарчай кампаніі.

Пры гэтым ухвала вялікай большасьцю палітыкі Расеі ва Ўкраіне не спарадзіла жаданьня і гатоўнасьці дапамагчы ёй, наадварот — пераважным матывам стала меркаваньне, што Беларусі лепш трымацца ад гэтага канфлікту далей.

Дык і ў дачыненьні да ісламскага экстрэмізму стаўленьне будзе і ёсьць такім жа, калі ня больш відавочным. Зразумела, у Беларусі наўрад ці знойдуцца прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы», але і моцных адмоўных эмоцый гэтае ўтварэньне не выклікае — занадта далёка і геаграфічна і практычна. Ніякіх уласных ісламскіх экстрэмістаў у Беларусі няма і блізка.

Кветкі да францускай амбасады — знак таго, што Эўропа для беларусаў не чужая, што боль Парыжу адгукаецца і ў Менску. Пасьля выбуху ў мэтро ў 2011 годзе падобныя трагедыі не ўспрымаюцца як абстрактная пагроза.

Але эмпатыя, салідарнасьць — гэта адно, а гатоўнасьць удзельнічаць у адказе, рызыкуючы тым, што тэрарысты ўдараць і па Беларусі — разьлічваць на гэта не выпадае.

Таму, калі казаць аб прамых наступствах парыскіх тэрактаў для Беларусі, то можна з упэўненасьцю выказаць здагадку, што яны толькі ўзмоцняць патрэбу ў бясьпецы, узмоцняць адчуваньне, што сьвет вакол Беларусі поўны сьмяротных пагрозаў.

Але «чорная пятніца» ў Парыжы можа да таго ж выклікаць важныя зьмены ў сусьветнай палітыцы, якія закрануць і Беларусь. А менавіта — зьмена прыярытэтаў. Зразумела, Расея парушала і парушае міжнароднае права ва Ўкраіне, зразумела, што патэнцыйная экспансія канфлікту ў Данбасе — сур’ёзная пагроза Эўропе.

Аднак ані данбаскія сэпаратысты, ані расейскія «адпускнікі» не ўзрываюць бомбы, ня паліваюць людзей сьвінцом з аўтаматаў у Кіеве і тым больш у Парыжы. Канфлікт ва Ўкраіне — «сямейная сварка», вайна ўнутры цывілізацыі. Канфлікт з «Ісламскай дзяржавай» — гэта вайна нават ня зь іншай цывілізацыяй, а з барбарствам: ад рук баевікоў ІД мусульман загінула значна больш, чым хрысьціян.

І ў сьвятле гэтага выкліку барбарства расейцы аказваюцца для Эўропы, для Захаду калі не саюзьнікамі, то сваімі. І да тэрактаў у Парыжы ў Эўропе існавала даволі моцная тэндэнцыя да паслабленьня санкцыяў у дачыненьні да РФ і ўсталяваньня ў Данбасе даволі дрэннага для Ўкраіны, але стабільнага становішча.

Дзясяткі забітых у Парыжы гэтую тэндэнцыю надзвычай узмоцняць — Эўропа не настолькі моцная, каб весьці вайну на два фронты. Невідавочна, што яна настолькі моцная, каб весьці яе хаця б на адным фронце. Ёсьць вопыт — у 2004 годзе сэрыя выбухаў у цягніках у Гішпаніі прывяла да вываду гішпанскіх войскаў зь Іраку. Так і цяпер арганізатары тэрору могуць меркаваць, што наступствам «чорнай пятніцы» у Парыжы стане прынамсі памяншэньне ўнёску Францыі ў барацьбу з ІД.

Тэрор — гэта ня толькі і ня столькі зьверства, колькі халодная палітыка, яго мэта — не канкрэтныя ахвяры, а грамадзкая думка атакаванай краіны.

Аднак варта ўсё ж спадзявацца, што адказ Францыі ў 2015 годзе будзе не такім, якім быў адказ Гішпаніі 11 гадоў таму. Тут ёсьць і палітыка-псыхалягічная асаблівасьць: адступленьне Гішпаніі — гэта адступленьне Гішпаніі, адступленьне Францыі — гэта адступленьне Эўропы. Так ужо Эўропа пабудаваная.

Так што ёсьць некаторы шанец на тое, што адказам на напад стане згуртаваньне французаў у прыватнасьці і эўрапейцаў у цэлым і ваенная адплата. Але, паўтаруся, дзьве сур’ёзныя вайны — гэта занадта шмат для сучаснай Эўропы. Таму яна будзе мірыцца з Расеяй.

Як сказаў Ўінстан Чэрчыль пасьля нападу нацысцкай Нямеччыны на СССР, «калі б Гітлер уварваўся ў пекла, я ў палаце абшчын сказаў бы цёплыя словы пра сатану».

Аналёгія крыху кульгае: галаварэзы з ІД — ня Гітлер, як, зрэшты, і Пуцін — ня «князь цемры». Аднак падабенства — у лёгіцы, у неабходнасьці для Эўропы выбіраць меншае зло.

І прынамсі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве гэта абяцае афіцыйнаму Менску шэраг плюсаў. Магчыма, спатрэбяцца яго добрыя паслугі ў справе арганізацыі чарговага саміту ЭЗ-Расея-Украіна, на якім «замарожваньне» канфлікту ва Ўкраіне і прымірэньне Эўропы і РФ можа і адбыцца, балазе тэрміны дзеяньня пагадненьня «Менск-2» мінаюць праз паўтара месяца і нечым і неяк замяняць яго давядзецца ў любым выпадку.

Акрамя таго, вялікая вайна на Блізкім Усходзе зробіць кантэкст міжнароднай палітыкі яшчэ больш геапалітычным. У тым сэнсе, што вызначальным у ацэнках розных краінаў сьвету ў яшчэ большай, чым раней, ступені стане іх пазыцыя ў гэтым супрацьстаяньні, і ў яшчэ меншай, чым раней, — іх унутраныя парадкі.

Беларусы парыскія стадыёны і тэатры не ўзрываюць, парыжанаў не расстрэльваюць, з ІД і іншымі экстрэмістамі ня валаводзяцца — ну ўжо нядрэнна. Тым больш, што ў пачатку нулявых афіцыйны Менск падтрымліваў кантакты з даволі сумнеўнымі партнэрамі на Блізкім Усходзе і ў арабскім сьвеце, аднак з канца нулявых падобныя адносіны, мяркуючы па ўсім, спыніліся.

Так што адным з ўскосных вынікаў парыскай трагедыі можа стаць больш інтэнсіўнае і глыбокае збліжэньне паміж афіцыйным Менскам і ЭЗ і ЗША.

Дарэчы, яшчэ адно чаканае наступства тэрарыстычнай атакі на Парыж — істотная зьмена палітыкі Эўропы ў міграцыйным крызісе, які працягваецца. І раней ў ЭЗ даволі гучна гучалі галасы з патрабаваньнем спыніць гэты паток з ужываньнем у тым ліку і даволі жорсткіх захадаў. Цяпер гэтыя галасы будуць гучаць як мінімум значна гучней. Выканаўцы парыскіх тэрактаў — пераважна ня з гэтай хвалі новапрыбылых мігрантаў, але для масавай сьвядомасьці гэта ўсё роўна: у ім атака спараджае моцную патрэбу ў абароне, у рашучых дзеяньнях улады. Ну а тут пабытовая лёгіка на паверхні: узарвалі мусульмане, едуць мусульмане. Ну дык хаця б не пускаць іх да сябе. Так што ў бліжэйшы час можна чакаць рэзкага ўзмацненьня жорсткасьці міграцыйнай палітыкі ўсіх краінаў ЭЗ.

Перадрук з парталу TUT.BY

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG