Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ называюць імёны меркаваных тэрарыстаў


Людзі стаяць на полі стадыёну Stade de France пасьля выбухаў каля ўваходаў, 13 лістапада

Людзі стаяць на полі стадыёну Stade de France пасьля выбухаў каля ўваходаў, 13 лістапада

Гэта мог быць француз Ісмаіл Амар Мастэф. Таксама побач зь целамі сьмяротнікаў знойдзеныя сырыйскія пашпарты на імя Абдулакбака Б і Ахмэда Алмохамэда.

Імя тэрарыста, грамадзяніна Францыі Ісмаіла Амара Мастэфа апублікаваў у сваім фэйсбуку мэр гораду Шартр П’ер Жорж — паведамляе РБК. Жорж заяўляе, што Мостэф жыў у Шартры з 2012 году. Раней пракуратура Парыжу паведамляла, што з 2004 да 2010 гадоў Мастэф 8 разоў працягваўся да адказнасьці, аднак у турму не трапляў. Мяркуюць, што ў 2013-2014 гадах Мастэф знаходзіўся ў Сырыі.

Француская паліцыя затрымала брата і бацьку магчымага тэрарыста.

Пашпарт на імя грамадзяніна Сырыі Абдулакбака Б. знойдзены побач зь целам тэрарыста-сьмяротніка каля аднаго з уваходаў на стадыён Stad de France. Аднак пракуратура Парыжу яшчэ ня высьветліла, ці гэты пашпарт мае дачыненьне да тэрарыстычных атак. Вядома, што чалавек з такім імём нарадзіўся ў 1990 годзе.

Сэрбскае выданьне Blic назвала імя яшчэ аднаго меркаванага тэрарыста — грамадзяніна Сырыі Ахмэда Алмахамэда. Гэты чалавек мог трапіць у Парыж па балканскім маршруце ўцекачоў. 3 кастрычніка ён прыбыў на тэрыторыю Грэцыі, 7 кастрычніка — у Сэрбію з боку Македоніі, пасьля ў Харватыю і Аўстрыю.

Пашпарт знойдзены каля цела яшчэ аднаго тэрарыста-сьмяротніка. У паліцыі яшчэ няма зьвестак наконт таго, ці сапраўды пашпарт належыць тэрарысту.

Падчас 6 тэрарыстычных атак у Парыжы 13 лістапада 2015 году загінулі як найменей 129 чалавек. Адказнасьць узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».

XS
SM
MD
LG