Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мяне ў двары, як мінімум, дзьве сям'і баяцца за Францыю: іх дзеці працуюць у Парыжы. Баяцца тысячы сем’яў па ўсёй Беларусі – іх родныя жывуць альбо вучацца ў Францыі.

А яшчэ сотні тысяч беларускіх сем’яў імаверна баяцца за сваіх родных, сяброў і калегаў у Расеі. Масква эвэнтуальна на чарзе атак тэрарыстаў «Ісламскай Дзяржавы». Альбо тых, хто маскіруецца пад ІД. Першы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў Маскве ўведзены яшчэ да парыскай масакры.

А ў Расеі баяцца ня толькі тэрарыстаў, але, найперш, што расейцаў заваююць ЗША. Усе гэтыя бяскрайнія прасторы з бярозкамі, самаварамі, пушкінскімі і ленінскімі мясьцінамі. І таму хочуць, каб Расея першай ударыла па ЗША. Гэтая агрэсіўнасьць – ад страху.

А ў Беларусі яшчэ баяцца, што «нашу Эўропу», у якую мы так любім зьезьдзіць, «захопяць прыхадні-ўцекачы з Блізкага Ўсходу, і куды нам тады езьдзіць?» У ЗША ня пусьцяць, а ў іншых частках сьвету жывуць тыя самыя, хто хоча захапіць «нашу Эўропу».

А ў Расеі яшчэ баяцца, што «Беларусь ад нас сыдзе», разьвернецца на Захад, на той самы, які на радасьць некаторых у Расеі цяпер «бамбяць прыхадні», якія патэнцыйна гатовыя бамбіць і Расею, у якую езьдзяць беларусы на заробкі пасьля таго, як адпачнуць/закупяцца у Эўропе.

У Эўропе баяцца правых, якія могуць прыйсьці да ўлады на фоне страху перад тэрарыстамі, якія прасочваюцца разам з уцекачамі з Блізкага Ўсходу. А правыя баяцца, што не атрымаецца ўзьняцца, каб «вычысьціць прыхадняў».

А ў Беларусі баяцца, што Расея разваліцца, «а куды мы без Расеі?», бо тады «нас захопіць NATO». А іншыя беларусы баяцца, што Расея не разваліцца, і калі раптам што – NАТО ня прыйдзе, не абароніць. Што Эўропа прайграе і Расеі, і ІД.

Самыя разнастайныя канфігурацыі страху са складовых частак: Эўропа, NATO, ЗША, уцекачы, «Руский мир», «Ісламская Дзяржава».

Тым часам, ІД мне нагадвае ці ня самых вядомых у сьвеце экстрэмістаў – бальшавікоў. Нешматлікая на пачатку група разнамасных фанатыкаў розных нацыянальнасьцяў, аб'яднаных сваёй «рэлігіяй» на чале з прагматычнымі цынікамі.

Бальшавікі таксама адваёўвалі сабе жыцьцёвую прастору паступова. Стартавалі лякальным тэрорам, пасьля ўжо апэравалі цэлымі ваеннымі франтамі, убіраючы ў сябе з геамэтрычнай прагрэсіяй усё новых пакрыўджаных, даючы неверагодныя магчымасьці самым чорным пэрсанажам грамадзтва. А пасьля ўжо не пакідалі выбару тым, хто «адразу не разабраўся». І тады тэрор рабіўся не лякальным, а маштабным.

Як і цяперашняя ІД, бальшавікі пасьля першых перамогаў замахнуліся калі не на ўсясьветны, дык усеэўразійскі маштаб. Бальшавікі карысталіся разасобленасьцю, узаемнымі недаверам і страхам краінаў і народаў, супраць якіх дзейнічалі. І гулялі на амбіцыях тагачасных звышдзяржаваў, якія праз палітычныя супярэчнасьці ўрэшце не далі рады ў барацьбе з новым і нязвыклым на той час злом.

Бальшавікі таксама як цяперашнія ІД-оўцы на пачатку выглядалі ўзброенымі злымі клоўнамі, якіх усур'ёз ніхто не ўспрымаў. Але адносна хутка сталі суб'ектам, зь якім пачалі сядаць за стол перамоваў наймацнейшыя краіны кантынэнту. І сядаюць дагэтуль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG