Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запарожцы напісалі Лукашэнку, каб абараніў помнік Жызьнеўскаму


Пятро Сіненка на адкрыцьці помніка Міхасю Жызьнеўскаму ў вёсцы Сьцяг Працы пад Гомелем

Пятро Сіненка на адкрыцьці помніка Міхасю Жызьнеўскаму ў вёсцы Сьцяг Працы пад Гомелем

Украінцы з горада Запарожжа накіравалі ў Беларусь на адрас Аляксандра Лукашэнкі ліст у абарону помніка герою Нябеснай Сотні Міхасю Жызьнеўскаму. Ініцыятарам звароту стаў запарожац Пятро Сіненка, бацька загінулага актывіста Аўтамайдану Сяргея Сіненкі.

Сіненка-старэйшы мінулым летам зь некаторымі іншымі чальцамі дружыны ў падтрымку герояў Нябеснай Сотні прысутнічаў на адкрыцьці помніка Міхасю Жызьнеўскаму на родавых могілках пад Гомелем. Тады ён і даведаўся, што ў Беларусі вельмі па-рознаму ставяцца да ўдзелу Жызьнеўскага ва ўкраінскім пратэсьце. А калі ўвосень невядомыя вандалы пазьдзекаваліся з помніка, надрапалі на ім па-расейску слова «предатель», Пятро Сіненка ініцыяваў электронны зварот да Аляксандра Лукашэнкі, пад які падпісаліся 25 запарожцаў.

«У прыёмнай прэзыдэнта мы нам пацьвердзілі, што ліст атрымалі», — кажа Пятро Сіненка.

Запарожцы спадзяюцца, што пасьля звароту непасрэдна да кіраўніка беларускай дзяржавы помнік Жызьнеўскаму будзе больш надзейна абаронены. І сям’я загінулага Міхаіла зможа пачувацца спакайней. Грамадзкія актывісты Гомеля адрэстаўравалі помнік пасьля пашкоджаньня невядомымі вандаламі — грошы на аднаўленьне выдаткавала Беларуская дзяржаўная страхавая кампанія.

Адкрыцьцё помніка Міхасю Жызьнеўскаму ў ліпені 2015

Адкрыцьцё помніка Міхасю Жызьнеўскаму ў ліпені 2015

«Цяпер для мяне найгалоўнейшы ў цывільным жыцьці клопат наконт прысваеньня беларусу Міхасю Жызьнеўскаму, а таксама грамадзянам Грузіі Зурабу Хурцію і Давіду Кіпіяні, званьня Героя Ўкраіны. Гэта наша такая мара», — сказаў Радыё Свабода Пятро Сіненка з Запарожжа, які пасьля сьмерці сына і сам стаў актыўным удзельнікам Эўрамайдану.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG