Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія не спадабаюцца «русскому миру»


Цягам апошняга году ў Беларусі актывізаваліся прарасейскія ініцыятывы і арганізацыі. Некаторыя грамадзкія і палітычныя дзеячы, інтэрнэт-суполкі і чыноўнікі на старонках СМІ і ў інтэрнэце адкрыта выказваюць сымпатыі «русскому миру» і заклікаюць да расейскай экспансіі. Дарэчы, у беларускім заканадаўстве прадугледжаная крымінальная адказнасьць за дзеяньні, накіраваныя супраць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь.

Напрыклад, на сайце КДБ зьмешчаны пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць адказнасьць за тэрарыстычную дзейнасьць, у тым ліку наступныя:

Згодна з артыкулам 361 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь («Заклікі да зьвяржэньня ці зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь ці да зьдзяйсьненьня злачынстваў супраць дзяржавы»)

«1. Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, альбо гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, ці здрады дзяржаве, ці зьдзяйсьненьня тэрарыстычнага акту ці дывэрсіі, ці зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў на шкоду зьнешняй бясьпекі Рэспублікі Беларусь, ейнаму сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць падобныя заклікі, —

караецца арыштам на тэрмін да трох месяцаў альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў.

2. Заклікі, зьвернутыя да замежнай дзяржавы, замежнай ці міжнароднай арганізацыі, зьдзейсьніць дзеяньні на шкоду зьнешняй бясьпекі Рэспублікі Беларусь, ейнага сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць падобныя заклікі, пры адсутнасьці прыкметаў больш цяжкога злачынства, —

караецца арыштам на тэрмін да трох месяцаў альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў.

3. Дзеяньні, прадугледжаныя часткамі 1 ці 2 гэтага артыкулу, зьдзейсьненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі, —

караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў»

Паводле «Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (разьдзел ІІ, глава 2, артыкул 8):

«Стратэгічнымі нацыянальнымі інтарэсамі зьяўляюцца: забесьпячэньне незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту, непарушнасьці канстытуцыйнага ладу...». Там жа, у артыкуле 15, гаворыцца: «У ваеннай сфэры асноўнымі нацыянальнымі інтарэсамі зьяўляюцца: умацаваньне ў грамадзтве пачуцьця патрыятызму, гатоўнасьці да абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь <...> забесьпячэньне абароны незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэта рэспублікі...».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG