Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку зьмясьцілі ў камэру Мікалая Статкевіча


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Вязень калёніі ў Шклове, праваабаронца Андрэй Бандарэнка пасьля карцэру зьмешчаны ў адзіночную камэру, дзе год таму адбываў пакараньне Мікалай Статкевіч.

«Невялікая камэра, ён там адзін. На ўмовы ня скардзіўся, як і на харчаваньне. Але, мяркую, яму нялёгка, бо абмежавалі ў харчовых перадачах і максымальна скарацілі памер грошай, якія можа патраціць на набыцьцё харчоў», — распавёў бацька вязьня Валер Бандарэнка пасьля сёньняшняга тэлефанаваньня сына.

Больш за месяц ад Андрэя Бандарэнкі не было лістоў і званкоў. Нарэшце 13 лістапада вязьню дазволілі зрабіць кароткі званок бацьку. За дзень да таго Андрэя Бандарэнку ў калёніі наведаў адвакат.

«Праз два тыдні ў Андрэя будзе суд, які вызначыць, ці адпраўляцца яму далей у турму. Рашэньне пра суд прыняла камісія з супрацоўнікаў калёніі, якая правярала скаргі сына. Адвакат хадайнічаў у адміністрацыі, каб далі справу Андрэя для азнаямленьня, бо хоча разабрацца ў парушэньнях, якія сыну прыпісалі, але справу не далі. Адвакат зьбіраецца прысутнічаць на судзе і там паўтарыць спробу вывучыць „дасье“ на Андрэя. У яго падазрэньні, якія сугучныя з заявамі Андрэя, што парушэньні ў яго штучна створаныя, толькі каб накласьці некалькі запар спагнаньняў і залічыць у злосныя парушальнікі рэжыму», — таксама паведаміў Валер Бандарэнка.

Днямі ў Вярхоўным судзе Беларусі прынялі да разгляду скаргу Андрэя Бандарэнкі і ягонага адваката на прысуд. Скарга была пададзеная на імя старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы. «У судзе сказалі, што запатрабуюць справу Андрэя і будуць вывучаць», — кажа Валер Бандарэнка.

У 2014 годзе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнку суд прызнаў вінаватым у злосным хуліганстве і асудзіў на 3 гады зьняволеньня. Сам Бандарэнка прызнаў, што вінаваты ў ненаўмысных хуліганскіх дзеяньнях, але ня ў злосным хуліганстве. Эпізоды, якія «пацягнулі» на злоснае хуліганства, Бандарэнка назваў сфабрыкаванымі супроць яго міліцыяй з прычыны помсты.

Думкі беларускіх праваабаронцаў адносна справы Андрэя Бандарэнкі падзяліліся. У «Вясьне» кажуць, што ягонае пакараньне не адрозьніваецца ад пакараньняў іншых злосных хуліганаў. Іншыя праваабаронцы адзначаюць, што беларускія ўлады пачалі перасьледаваць Бандарэнку з-за ягонай актыўнай праваабарончай дзейнасьці і давялі справу да суду шляхам правакацыяў. Шэраг праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў Беларусі дамагаюцца ад міжнародных структураў, каб Андрэя Бандарэнку прызналі палітвязьнем.

XS
SM
MD
LG