Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кватэру магілёўскага журналіста спрабавалі трапіць камунальнікі зь міліцыяй


Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

У Магілёве супрацоўнікі камунальных службаў зь міліцыянтамі намагаліся трапіць у кватэру рэдактара сайта «Наш Магілёў» Ігара Барысава.

Жонка журналіста, юрыстка Алена паведаміла, што зь візытэраў назвалі сябе двое міліцыянтаў ды старшы майстар жыльлёва-эксплюатацыйнага ўпраўленьня. Ён заявіў, кажа Алена, што ім трэба правесьці агляд кватэры, але аргумэнтаванай прычыны такога інтарэсу не назваў. Сказаў толькі, што агляд выкліканы сэзоннай патрэбай.

«У кватэру мы іх не пусьцілі, але яны прарваліся ў агульны калідор. Адзін з камунальнікаў здымаў тое, што адбывалася, на відэа. Мы прагледзелі Жыльлёвы кодэкс і падставаў для агляду кватэры не адшукалі. Акрамя таго, мы не парушалі грамадзкі парадак, каб намі цікавілася міліцыя. Я і мой муж лічым, што на нас аказваюць псыхалягічны ціск праз мужаву грамадзка-палітычную і журналісцкую дзейнасьць», — сказала Алена Барысава.

Сам Ігар Барысаў кажа, што пасьпеў апытаць суседзяў, ці заходзілі да іх камунальнікі зь міліцыянтамі. «Ні да кога з аглядам такой кампаніяй не заходзілі», — кажа журналіст.

Барысаў не выключае, што візыт камунальнікаў і міліцыі — працяг веснавых падзеяў зь ператрусам у ягонай кватэры.

У сакавіку ў кватэры Барысавых быў ператрус. У пастанове гаварылася, што падставай для яго сталася публікацыя, якая зьняважыла кіраўніка аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў. На экспэртызу міліцыянты забралі кампутарную тэхніку, электронныя носьбіты інфармацыі, нататнік. Праз пэўны час Кастрычніцкі суд Магілёва спыніў адміністрацыйную справу супраць Барысава, пазьней журналісту вярнулі тэхніку. Толькі нататнік так і не аддалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG