Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі бок неўзабаве будзе гатовы прэзэнтаваць беларускім партнэрам тэлеканал UATV


Перамовы зь беларускім бокам пра запуск украінскага тэлеканалу UATV адновяцца бліжэйшым часам. Яны былі прыпыненыя ў сувязі з запускам самога тэлеканалу і яго тэставаньнем.

Пра гэта гаворыцца ў адказе намесьніка міністра інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Арцёма Бідэнкі на запыт парталу tut.by.

На пытаньне, у чым прычына затрымкі перамоваў, ва ўкраінскім Мінінфарме адказалі:

«Справа ў тым, што першы этап перамоваў завяршыўся дамоўленасьцю аб тым, што ўкраінскі бок запускае тэлеканал замежнага вяшчаньня, забясьпечвае яго тэхнічную падтрымку, магчымасьць вяшчаньня праз спадарожнікі і іншыя каналы. Тэлеканал UATV быў запушчаны 1 кастрычніка і на працягу паўтара месяца праходзіць тэставаньне. Украінскі бок бліжэйшым часам будзе гатовы прэзэнтаваць беларускім партнэрам тэлеканал і аднавіць перамовы».

«Спрэчных пытаньняў на сёньняшні дзень няма. Бліжэйшым часам у працэсе перамоваў будзе зразумелы прынцып вяшчаньня. Украінскі бок ня раз пацьвярджаў, што гатовы падтрымаць беларускі тэлеканал на тэрыторыі Ўкраіны», — адзначыў Бідэнка.

Тэлеканал UATV — частка мультымэдыйнай плятформы замежнага вяшчаньня Ўкраіны.

Пра запуск у Беларусі вяшчаньня ўкраінскага тэлеканалу дамовіліся на сустрэчы 21 сьнежня Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка. У чэрвені 2015 году міністар інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Юры Стэць заявіў, што запуск вяшчаньня — справа некалькіх месяцаў.

XS
SM
MD
LG