Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь гатовая ўзнавіць перамовы зь Літвой наконт Астравецкай АЭС. Што гэта — зьмена пазыцыі ці толькі вымушаны ход?


Беларускія экспэрты ў галіне атамнай энэргетыкі ў сьнежні гэтага году пагадзіліся сустрэцца са сваімі літоўскім калегамі, каб абмеркаваць сытуацыю з Астравецкай атамнай станцыяй.

Гэтая навіна прагучала 12 лістапада з вуснаў міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса, калі яны з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем падышлі да журналістаў. Як перадае Балтыйская служба навінаў (BNS), міністар навакольнага асяродзьдзя Літвы Кястуціс Трачэкас таксама заявіў, што Літва бліжэйшым часам спадзяецца атрымаць ад Беларусі неабходныя тлумачэньні наконт новай атамнай станцыі, «якая будуецца пад бокам у Літвы»:

«Мы зьвярнуліся ў міжнародныя арганізацыі, бліжэйшым часам мы павінны атрымаць тлумачэньні беларусаў. Мы вельмі перажываем з прычыны ацэнкі ўплыву на навакольнае асяродзьдзе, іншых парушэньняў. Паглядзім, што яны адкажуць».

Літоўскі бок настойвае, каб краіны-суседкі падпісалі спэцыяльнае міжурадавае пагадненьне ў рамках Орхускай канвэнцыі. Але, паводле міністра Трачэкаса, «беларусы пазьбягаюць гэтага».

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» палітоляг Алесь Лагвінец сёньня сказаў Свабодзе, што нечаканая згода беларускага боку працягнуць перамовы зь літоўцамі наконт АЭС грунтуецца выключна на нядаўнім рашэньні Эўразьвязу часова спыніць санкцыі супраць беларускіх уладаў:

«Улады Беларусі маюць патрэбу ў Літве. Гэта тлумачыцца тым, што пазыцыя Літвы ў Эўразьвязе, хутчэй за ўсё, была на карысьць таго, каб спыніць санкцыі. І гэта нейкая плата літоўцам за іх пазыцыю.

Пазыцыя Літвы ў Эўразьвязе, хутчэй за ўсё, была на карысьць таго, каб спыніць санкцыі. І гэта нейкая плата літоўцам за іх пазыцыю

Для Літвы Астравецкая АЭС — надзвычай важная праблема. Гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі. Як кажуць літоўцы, беларуская станцыя вельмі моцна пагражае іхняй сталіцы, якая ўсяго за 50 кілямэтраў ад Астраўца.

Выглядае, што зараз беларускія ўлады мусяць рабіць крок наперад. Я не выключаю, што нават само рашэньне аб разьмяшчэньні АЭС пад бокам у Літвы прымалася дзеля таго, каб шантажаваць краіну-суседку».

Вялікую небясьпеку для сваёй краіны ў астравецкім праекце бачыць літоўскі гісторык і палітоляг Альгімантас Каспаравічус:

«У выпадку якой-небудзь сур’ёзнай тэхнагеннай катастрофы і сталіца Літвы, і практычна ўся яе тэрыторыя трапляе ў самую небясьпечную, самую вялікую зону рызыкі.

Запэўніваньні, што выкарыстоўваюцца толькі самыя сучасныя і прагрэсіўныя тэхналёгіі, на жаль, супакоіць ня могуць. Усе выдатна разумеюць, што ня горшыя тэхналёгіі выкарыстоўваюцца і пры падрыхтоўцы касьмічных караблёў. Аднак, як мы ведаем, аварыі здараюцца і ў космасе. І вельмі сур’ёзныя. Тэхніку ствараюць людзі, а людзям уласьціва памыляцца. Таму зразумела, што лепш, калі даўнія суседзі адзін аднаму сьвіньню не падкладаюць».

Ня маючы дастатковай інфармацыі аб праекце Астравецкай АЭС, Літва зьвярнулася ў Камітэт па выкананьні Орхускай канвэнцыі. У чэрвені камітэт прадставіў высновы, згодна зь якімі Беларусь парушала палажэньні канвэнцыі, працэс ацэнкі ўплыву на навакольнае асяродзьдзе павінен быць працягнуты і Літва павінна атрымаць адказ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG