Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хваліць нашу мэдыцыну можа толькі той, хто даўно не бываў у звычайных паліклініках і бальніцах...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Тыдзень таму на чарговай (пятай па ліку) інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка хваліўся дасягненьнямі свайго рэжыму ў сацыяльнай сфэры. У прыватнасьці, ён сьцьвярджаў, што пры ім у краіне створана «наймагутнейшая ў сьвеце сыстэма аховы здароўя». На гэтае сьцьвярджэньне зьвярнулі ўвагу многія слухачы Свабоды.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Алесь Жукавец з Астраўца піша:

«Вельмі дзіўна, што наш Аляксандар Рыгоравіч так ганарыцца беларускай мэдыцынай і лічыць яе ледзь не найлепшай на сьвеце. У мяне такое ўражаньне, што ён даўно не бываў у звычайных паліклініках і бальніцах. Думаю, калі б ён прастаяў гадзіны тры-чатыры ў чарзе па талёнчык да акуліста, дык памяняў бы сваё меркаваньне.

Асобная вялікая тэма — мэдабслугоўваньне на вёсцы. Тут з савецкага часу адбыліся драматычныя зьмены. Амбуляторыі і ФАПы паўсюль пазачынялі — дзеля так званай „аптымізацыі“, а ў сапраўднасьці — каб не выдаткоўваць грошы на старых хворых людзей. Раней бабулька магла самастойна прыйсьці на прыём да вясковага фэльчара. Цяпер жа зь любой балячкай адна дарога — у раённую паліклініку, за дзясяткі кілямэтраў. А як туды даехаць, калі шмат дзе рэйсавыя аўтобусы ўвогуле адменены?».

Тут варта мець на ўвазе, спадар Алесь, што ўсе высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі ды іхныя дамачадцы па звычайных паліклініках ды шпіталях ня ходзяць. Для іх існуе так званая «Лечкамісія»: адмысловая мэдычная ўстанова, дзе ні чэргаў, ні натоўпаў, ні дэфіцыту мэдпэрсаналу няма. Усё на самым высокім узроўні: і новая імпартная тэхніка, і сучасныя замежныя прэпараты, і ветлівыя дактары ды мэдсёстры. Калі на працягу дваццаці гадоў мець справу толькі з гэтай «лечкамісіяй», то, верагодна, і сапраўды гаварыць пра беларускую мэдыцыну захочацца самымі ўзьнёслымі словамі.

✉ ✉ ✉

У мінулым месяцы мы шмат распавядалі пра драматычны лёс Міхаіла Пішчэўскага. Малады чалавек быў скалечаны (у выніку чаго празь некаторы час і памёр) — толькі за тое, што быў геем. Водгук на гэтую сумную тэму даслаў наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў. Ён, у прыватнасьці, піша:

«Век ня думаў, што давядзецца пісаць на такую далікатную тэму. За сваё доўгае жыцьцё мне неяк не давялося сустракаць геяў. А можа, я іх і сустракаў, але ня ведаў, што яны геі. Можа, таму, што мяне гэта ніколькі не цікавіла, жывуць і жывуць, і хай сабе жывуць на здароўе. Тое самае магу сказаць і наконт лесьбіянак.

Калі ідзе размова на гэтую тэму, я заўсёды ўзгадваю Фаіну Ранеўскую, якая лічыцца лепшай рускай акторкай ХХ стагодзьдзя. Аднойчы на партыйным сходзе ў тэатры, дзе працавала Ранеўская, абмяркоўвалі „амаральныя“ паводзіны аднаго актора — ён быў геем.

Слова далі Фаіне Георгіеўне. Яна ўстала і абвясьціла: „Кожны вольны распараджацца сваёй задніцай так, як ён хоча. Таму я сваю падымаю і выношу адгэтуль“.

І вынесла... ну, тое самае з партсходу, бо лічыла асабістае жыцьцё чалавека недатыкальным. Каб гэта быў спэктакль, глядзельная заля ўзнагародзіла б Фаіну Георгіеўну авацыямі. А я ўстаў бы і крыкнуў „брава!“

Такія мае адносіны да гэтага пытаньня на побытавым, так бы мовіць, узроўні. Я лічу, што Свабодзе пара зьвярнуць больш пільную ўвагу на гэтую праблему, пакуль яшчэ каго-небудзь не забілі (не выключаю такую магчымасьць). Не спрачаюся, вы надалі гэтай тэме нямала ўвагі. Але, на мой погляд, не з таго боку падыходзілі да праблемы. Трэба падключыць навуку. Тут павінны быць запрошаныя біёлягі, псыхолягі, генэтыкі, — карацей кажучы, аўтарытэтныя адмыслоўцы, якія б зь веданьнем справы паказалі: гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя. Яны такія ж, як і ўсе іншыя, хто адносіць сябе да большасьці.

Калі вы выратуеце гэтым хоць адно чалавечае жыцьцё, гэта ўжо будзе перамога. Пішчэўскага нам ужо не вярнуць, давайце выратуем хоць наступную ахвяру чалавечай дурасьці, жорсткасьці і цемрашальства».

Слушныя заўвагі і парады, спадар Кастусь. Вось толькі адным асьветніцтвам праблему гэтую, выглядае, ня вырашыш. Дзеля таго каб цярпімасьць і талерантнасьць запанавалі ў грамадзтве, патрэбен час, і немалы. Без мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі тут не абысьціся. Пакуль жа вядомыя зьдзеклівыя і прыніжальныя выказваньні Лукашэнкі на адрас сэкс-мяншыняў не даюць асаблівых шанцаў на тое, што геі ў Беларусі здолеюць у хуткім часе свабодна і адкрыта зьбірацца ў сваіх клюбах ці заключаць шлюбныя саюзы. І справа тут, вядома, ня толькі і ня столькі ў стаўленьні да гэтай праблемы кіраўніка дзяржавы. Ягоныя словы на адрас геяў гатовая падтрымаць і паўтарыць вялікая частка беларускага грамадзтва: у гэтым корань праблемы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG