Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Віктар Шалкевіч


Віктар Шалкевіч
Віктар Шалкевіч

Віктар Шалкевіч нарадзіўся 9 лютага 1959 году ў Поразаве Гарадзенскай вобласьці. Беларускі бард, актор, паэт і шоўмэн, які вырас на памежжы беларускай, габрэйскай і польскай культураў. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у Менску (1980). Працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры (1980-1987), выкладчыкам у Гарадзенскай культасьветвучэльні (1987-1990). З 1990 працуе ў тэатры лялек у Горадні. Зьяўляецца ляўрэатам беларускіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песьні, у тым ліку «Басовішча-92», «Восень бардаў» (Польшча). З канцэртамі выступае ў Беларусі, Літве, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Украіне, Францыі, Чэхіі. Тэксты песень перакладзены на ангельскую, нямецкую, польскую, украінскую і чэскую мовы. Выдаў альбомы: «Правінцыя» (1992), «Смутны беларускі блюз» (1996), «Баляды і рамансы» (1998), «Добрай раніцы» (2002), «За сто крокаў ад Вострае Брамы» (2004), «Гарадзенец прызямліўся ў Менску» (2006), «Enigmatyczne kino Lwow», «Шчасьлівая сямёрка» (2009). Выступіў у фільмах: «Плач перапёлкі», «Атрад», «Сьлёзы блуднага сына», «Салодкі яд каханьня», «Тутэйшыя».


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Тыя, хто адчуваюць і разумеюць жыцьцё прыблізна так, як і я.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Калі ёсьць пра што пісаць — то ўсюды, калі трэба пазьбіраць думкі — то лепей, каб нікога побач не было.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Юзаф Мацкевіч, «Справа палкоўніка Мясаедава».

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ня ведаю, гэта лепей падкажа той, хто збоку.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Іх многа, і яны практычна ўсе датуюцца канцом дзевятнаццатага-сярэдзінай дваццатага стагодзьдзя. Цікавая эпоха — і творы цікавыя!

6. Што вы цяпер чытаеце?

Юзаф Мацкевіч, «Факты, прырода, людзі».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Украінская, польская.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Яна яшчэ пішацца.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Яна будзе называцца «Мама Альжбета, бацька Антоні, кошка Нігра».

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі нечым карысным заняты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG